Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: Рост цэн перавысіў 50%




У Беларусі за 23 дні жніўня 2011 спажывецкія кошты вырасьлі на 6,6%, сказана ў паведамленьні Нацыянальнага статкамітэту Беларусі (Белстат). За студзень-ліпень інфляцыя склала 41%. Такім чынам, з пачатку года спажывецкія кошты ў Беларусі вырасьлі на 50,3%.

Фінансаваньне дзяржпраграм у Беларусі скарацілася на 10 трлн. рублёў. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнай управы макраэканамічнага аналізу і прагназаваньня Мінэканомікі Антон Даўгавечны. Ён таксама сказаў, што падставы для далейшага росту цэн захоўваюцца.

Паводле БелаПАН, на прэс-канфэрэнцыі Антон Даўгавечны сказаў, што адным з асноўных фактараў, які вядзе да росту цэн, зьяўляецца множнасьць курсаў беларускага рубля. "Мае месца множнасьць курсаў, валютны рынак фрагмэнтаваны, і мы рэальна ня ведаем курсу, па якім праводзяцца зьдзелкі. Няма дакладных арыенціраў ні для рынку, ні для нас", — заявіў Даўгавечны.

Такая сытуацыя, адзначыў ён, нараджае значныя інфляцыйныя чаканьні. "Па стане на сярэдзіну жніўня цэны вырасьлі з пачатку году на 45,8% і далёка выйшлі за межы прагнозных парамэтраў. Мы мяркуем, што рост спажывецкіх цэн будзе працягвацца", — сказаў начальнік галоўнай управы.

Ён таксама адзначыў, што сытуацыя з цэнамі да канца году будзе шмат у чым залежаць ад стану валютнага рынку.

Чыноўніка цытуе і БЕЛТА.

"Ужо скараціліся аб'ёмы льготнага фінансаваньня дзяржаўных праграм, што склала Br10 трлн. Гэта значная велічыня, неабходна і далейшае скарачэньне фінансаваньня, трэба яшчэ сьціснуцца на Br4, 5 трлн." – Сказаў Антон Даўгавечны.

Паводле чыноўніка, скарачэньне аб'ёму фінансаваньня дзяржпраграм дасьць магчымасьць выраўнаць узьніклыя дыспрапорцыі ў эканоміцы.

"Мы лічым, што дзяржпраграмы трэба карэктаваць, аптымізаваць, у тым ліку ў сувязі з тым, што сукупны попыт значна апярэджвае аб'ёмы вытворчасьці, – сказаў начальнік галоўнай управы макраэканамічнага аналізу і прагназаваньня Мінэканомікі. – Мы трацім больш, чым вырабляем, адпаведна для дзяржпраграм у нас цяпер няма дастатковых крыніц, таму мы іх будзем стрымліваць". У сувязі з гэтым пры ажыцьцяўленьні палітыкі ў галіне дзяржаўных праграм прыйдзецца арыентавацца на магчымасьці эканомікі, мяркуе Даўгавечны.

Паводле начальніка галоўнай управы макраэканамічнага аналізу, неабходнасьць скарачэньня фінансаваньня дзяржпраграм за кошт унутраных крыніц абумоўлена недастатковым прытокам замежнага капіталу. Так, за 7 месяцаў бягучага году аб'ём прамых замежных інвэстыцый дасягнуў $ 1 млрд. Але гэтая лічба сфарміравалася за кошт даходаў замежных кампаній. "Гэта прыбытак, які яны зарабілі і не вывезьлі дадому", – адзначыў Даўгавечны. Велічыня гэтага прыбытку – $ 0,6 млрд. Адпаведна, тое, што было ўкладзена ў статутныя фонды, склала усяго $ 0,4 млрд. – мяркуе прадстаўнік Мінэканомікі. – Гэта значыць, прыток замежных інвэстыцый невысокі. "Мы гэта зьвязваем з тым, што ў замежных інвэстараў падвышанае ўспрыманьне эканамічных рызыкаў, і прычына іх – множнасьць курсу".

У выніку скарачэньня фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў з боку бюджэту, палёгкавых крэдытаў, а таксама невысокага прытоку замежнага капіталу чакаецца запаволеньне інвэстыцыйных працэсаў у краіне. Гэтая тэндэнцыя ўжо праяўляецца ў зьніжэньні прыросту інвэстыцый у асноўны капітал. Калі ў пачатку году прырост інвэстыцый перавышаў 20-30%, то ў ліпені 2011 году ў параўнаньні з ліпенем 2010 году прырост склаў 5%. "Мы лічым, што можа быць далейшае запаволеньне інвэстыцыйных працэсаў", - сказаў Антон Даўгавечны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG