Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая была карысьць для арабаў ад перабудовы, а для нас – ад арабскай вясны?

  • Алена Панкратава

Джон О’Салівэн, выканаўчы дырэктар Радыё Свабода

Джон О’Салівэн, выканаўчы дырэктар Радыё Свабода

Ці хочуць маладыя людзі ў Цэнтральнай Азіі, на Каўказе, у Беларусі і іншых постсавецкіх аўтарытарных краінах мець сваю выгаду ад арабскага абуджэньня? Ці успрымаюць яны гэта як урок для сябе?

Дваццаць гадоў таму я быў госьцем нявіннай кактэйль-вечарынкі, наладжанай газэтнай групай “Аказ” у горадзе Джыда, што ў Савудаўскай Арабіі. Нечакана адзін з гаспадароў узьлез на трыбуну і абвясьціў, што зараз містэр О’Саліван выступіць на тэму “Якая карысьць для арабаў ад перабудовы?” Ці трэба казаць, што гэта было навіной для мяне самога? Гаспадар, усьміхаючыся, паказваў у бок прамоўніцкай катэдры. Кіўнуўшы, я шэптам запытаўся: “Колькі я павінен прамаўляць?” “Нядоўга, - адказаў гаспадар вечарынкі, - хвілін сорак-пяцьдзесят.”

Дзесьці, відаць, ёсьць відэа гэтых сарака-пяцідзесяці хвілінаў, і калі яно знойдзецца, мне будзе сорамна. Дастаткова сказаць, што я выступіў і, атрымаўшы пытаньні, нават не спрабаваў самлець – як часам робяць некаторыя, каб выйсьці са становішча. І ўсё ж я па-сапраўднаму ніколі не адказаў на гэта пытаньне.

Я ня ведаў, якая ж карысьць для арабаў ад перабудовы, часткова і таму, што сэнс самога гэтага слова для мяне быў няясны. Ды і гаспадары вечарынкі мелі таксама расплывістае ўяўленьне, што яны разумелі пад гэтым. Яны былі натхнёныя тагачаснай аксамітнай рэвалюцыяй у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ды гарбачоўскай перабудовай, але не даходзілі да лягічнай высновы, што і арабскія краіны павінны забясьпечыць сваім грамадзянам больш свабоды і дэмакратыі.

Да такой высновы тады ніхто не даходзіў. Замест гэтага гучалі наступныя аргумэнты. Паколькі цяпер Савецкі Саюз ужо не зьяўляецца супэрдзяржавай, Злучаныя Штаты ўжо ня маюць такой патрэбы ў Ізраілі як у сваім саюзьніку на Блізкім Усходзе. Значыць, Амэрыка можа дазволіць сабе аслабіць сувязі з Ізраілем і заняць больш дружалюбную пазыцыю адносна нацыянальных спадзяваньняў палестынцаў. Гэта і была тая карысьць для арабаў ад перабудовы, якую мы ў той вечар разгледзелі ў часе гарачай, але не зусім прадметнай дыскусіі.
Карысьць перабудовы для арабаў у тым, што яны могуць атрымліваць асалоду ад такога ж узроўню свабоды і дэмакратыі як і чэхі, рускія, казахі ці іншыя савецкія народы, што, здавалася, перамаглі ў 1989 і 1991 гадах.

Сёлета, нарэшце, Гісторыя адказала на гэта пытаньне для мяне. Карысьць перабудовы для арабаў у тым, што яны могуць атрымліваць асалоду ад такога ж узроўню свабоды і дэмакратыі як і чэхі, рускія, казахі ці іншыя савецкія народы, што, здавалася, перамаглі ў 1989 і 1991 гадах.

Эгіпцяне, тунісцы, сірыйцы, лібійцы цяпер даказалі, што яны таксама цэняць свабоду і гатовыя прынесьці дзеля гэтага вялізныя ахвяры. Гэта не азначае, што лібэральная дэмакратыя можа квітнець на Блізкім Усходзе, але ставіць пытаньне, ці хочуць гэтага арабскія грамадзтвы. Яны хочуць. Грамадзяне нават гатовыя паміраць за гэта.

За мінулыя дваццаць гадоў міжнародная супольнасьць, між тым, рабіла тую ж кур’ёзную памылку, што і мае слухачы на вечарынцы ў Джыдзе. Тыя, хто хацеў дэманстраваць большую прыхільнасьць да арабскіх спадзяваньняў, канцэнтраваліся ў асноўным на араба-ізраільскім канфлікце. Ідэя, што арабскія людзі могуць карыстацца такімі ж штодзённымі свабодамі, якія на захадзе сталі нормай, нікім ня бралася ў разьлік. І калі гэтая ідэя была падтрыманая адміністрацыяй Дж. Буша, яе разглядалі як памылку. Да таго ж ідэя прышчэпкі дэмакратыі хутка была дыскрэдытаваная курсам вайны ў Іраку.

Цяпер мы ведаем, што памкненьні 1989 і 1991 (хаця і не заўсёды з такімі ж палітычнымі ідэямі) ціха прарасталі ў галовах маладых людзей у Каіры, Тунісе, Дамаску, Трыпалі. Добра адукаваныя ці добра працаўладкаваныя людзі адчувалі абурэньне, калі ім адводзілі ролю бездапаможных дзяцей дыктатара – ці добрага бацькі, ці злога дзядзькі. Тэхналёгіі новых мэдыяў разбурылі дзяржаўную манаполію на інфармацыю, газэты, выдаваныя ў Лёндане ці Сыднэі, сталі даступныя кожнаму чалавеку з ноўтбукам.

Ідэі цыркулююць больш свабодна. Некаторыя з гэтых ідэяў – як напрыклад, радыкальны ісламізм – маюць дваістае стаўленьне да свабоды і дэмакратыі. Падобна усім іншым ідэалёгіям, ісламізм, аднак, справакаваў як інтэлектуальнае супраціўленьне, так і згоду. Гэта часта прымае форму лібэральных ідэяў. І гэты рынак ідэяў аб’ядноўваўся ў адным: процістаяньні дыктатуры. Маладыя арабы, магчыма, і не вызначаюць гэта такімі тэрмінамі, але праз дваццаць гадоў яны хочуць сваю долю перабудовы. Яна прыйшла ў форме арабскага абуджэньня.

Ці хочуць маладыя людзі у Цэнтральнай Азіі, Азэрбайджане, іншых постсавецкіх аўтарытарных дзяржавах мець сваю карысьць ад арабскага абуджэньня? Спэцыялісты і рэгіянальныя экспэрты схільныя адкідаць такое пытаньне як наіўнае ці ў лепшым выпадку заўчаснае. Яны падкрэсьліваюць той ня надта прыемны факт, што ў гэтых дзяржавах няма сур’ёзнага апазыцыйнага руху, што ўрады кантралююць і рэлігію, што дамінуючыя краіны рэгіёну – Расея і Кітай – ніколі не дапусьцяць узьнікненьня дэмакратычнай дзяржавы. Напэўна, яны маюць рацыю.

Экспэрты бываюць кожныя дваццаць гадоў зьбянтэжаныя падзеньнем імпэрый. Яны ня могуць замерыць зьмену мэнтальнасьці суб’ектаў Улады.
Але тыя ж спэцыялісты ды рэгіянальныя экспэрты адзінадушна адкідалі і пэрспэктывы арабскіх паўстаньняў, пакуль яны не адбыліся. Спэцыялісты мелі рацыю, аж пакуль раптам нечакана не выявілася, што яны яе ня маюць. Гісторыя апошніх двух стагодзьдзяў паказвае (і пра гэта нам нагадвае канадзкі пісьменьнік Марк Штэйн), як велізарныя, магутныя, добра ўмацаваныя дзяржавы – ад царскай да савецкай імпэрыяў – рассыпаліся і крышыліся амаль за адну ноч.

Існуе прычына, чаму экспэрты бываюць кожныя дваццаць гадоў зьбянтэжаныя падзеньнем імпэрый. Адно з магчымых тлумачэньняў гэта тое, што яны ня могуць замерыць зьмену мэнтальнасьці суб’ектаў Улады. Гэта як бы па-за межамі радараў экспэртаў. Зьмены адбываюцца павольна і амаль неўпрыкмет. Папераджальны сыгнал гэтага часта па шчасьлівай выпадковасьці не заўважаецца самім рэпрэсіўным апаратам дыктатара. І факт, што гэта адбываецца, становіцца відавочным, калі “суб’ект” паўстае, калі аказвае супраціўленьне рэпрэсіўнаму апарату як грамадзянін або калі далучаецца да масавага супраціўленьня тысячаў іншых грамадзян. Іскрай, што запаліць пажар, можа стаць вельмі звычайная будзённая падзея – напрыклад, зьбіцьцё некага паліцыяй – але гэты момант зьменіць усё.

Таму дазвольце мне паўтарыць маё пытаньне: ці хочуць маладыя людзі у Цэнтральнай Азіі, на Каўказе, у Беларусі і іншых постсавецкіх аўтарытарных краінах мець сваю выгаду ад арабскага абуджэньня? Ці успрымаюць яны гэта як урок для сябе? Ці вераць яны, што нешта падобнае магчыма ў іх краінах і пры іх жыцьці? Або яны і іх сябры застаюцца ў абцугах адчайнага зьмірэньня з тым , што імі кіруе непрадказальная ўлада? Або яны прадчуваюць, што пераадолеюць гэта адчайнае зьмірэньне і выйграюць свабоду, як лібійцы на гэтым тыдні, або як сірыйцы, што за яе яшчэ змагаюцца?

Адзіныя экспэрты ў гэтым пытаньні вы, чытачы гэтага артыкулу. Што вы думаеце?

Джон О’Салівэн, выканаўчы дырэктар Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG