Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лёс другога траншу крэдыту па лініі ЭўрАзЭС яшчэ ня вырашаны


Міністэрства фінансаў Расеі лічыць дачасным гаварыць пра зьмену графіку выдзяленьня крэдыту Беларусі па лініі ЭўрАзЭС.

25 жніўня прадстаўнік Эўразійскага банку разьвіцьця, які кіруе сродкамі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, ня выключыў, што тэрміны выдзяленьня Беларусі другога траншу крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС могуць быць перанесеныя з-за адсутнасьці рэформаў у эканоміцы.

"Паводле Мінфіна Расеі, на гэты момант пакуль дачасна гаварыць пра тое, ці будзе накіраваны другі транш крэдыту паводле раней узгодненага графіку або пазьней. Рашэньне прымаецца на падставе індыкатараў ажыцьцяўленьня мер па стабілізацыі эканомікі, вызначаных умовамі выдзяленьня крэдыту", заявіў кіраўнік прэс-службы міністэрства Андрэй Мацьвееў расейскаму агенцтву "Прайм".

Канчатковае рашэньне павінна прымаць рада Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, якую ўзначальвае віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын. Дата пасяджэньня рады па гэтым пытаньні пакуль ня вызначана. Але гэта павінна адбыцца не раней за кастрычнік гэтага году.

Расейскі Мінфін увесь час вядзе маніторынг выкананьня праграмы рэформаў беларускім бокам, а канчатковае рашэньне па пытаньні беларускага крэдыту будзе прынята сумесна краінамі-сябрамі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

У адпаведнасьці з пагадненьнем аб выдзяленьні крэдыту ЭўрАзЭС у памеры 3 млрд даляраў ЗША Беларусь атрымае грошы некалькімі траншамі на працягу трох гадоў: 1,24 млрд даляраў у 2011 годзе, каля 800 млн даляраў — у 2012-м і 1 млрд — у 2013-м.

Першыя 800 млн даляраў у рамках крэдыту Беларусь атрымала ў чэрвені. Другую частку крэдыту абяцалі ўвосень. Каб яе атрымаць, улады Беларусі мусяць выканаць шэраг умоў, у тым ліку — праводзіць жорсткую бюджэтную палітыку і зьменшыць дэфіцыт бюджэту сэктару дзяржкіраваньня.

8 ліпеня віцэ-прэм'ер РФ Аляксей Кудрын, адказваючы на пытаньні журналістаў, ня выключыў, што ўмовы прадстаўлення Беларусі стабілізацыйнага крэдыту з АКФ будуць перагледжаныя, калі беларускі бок ня выканае ўзятых на сябе абавязаньняў. "У мяне склалася ўражаньне, што беларускія ўлады ня робяць дастаткова захадаў дзеля выхаду з крызісу", — цытуе Кудрына БелаПАН.

Паводле яго слоў, адміністрацыйныя захады, якія выкарыстоўвае Менск, не прывядуць да аздараўленьня эканомікі і ня могуць разглядацца як антыкрызісныя. Абмяжоўваць імпарт, цэны і валютныя курсы ў крызіс недапушчальна, падкрэсьліў Кудрын. Такім чынам "хвароба заганяецца ўглыб", канстатаваў кіраўнік Мінфіна Расеі.
XS
SM
MD
LG