Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерныя амбіцыі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Інфармацыя пра крокі Беларусі ў адказ на амэрыканскія санкцыі спачатку выклікала зьдзіўленьне. Нагадаю, што 19 жніўня беларускі бок прыняў рашэньне замарозіць праекты па абмене высокаўзбагачаным ядзерным палівам, якія цяпер прапрацоўваюцца сумесна з ЗША, а таксама па стварэньні праграмы МБА пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

Гаворка ідзе пра тое, што Злучаныя Штаты фінансавалі вываз зь Беларусі ў Расею высокаўзбагачанага ядзернага паліва дзеля абмену на нізкаўзбагачанае. А таксама ЗША фінансавалі падрыхтоўку пры БДУ бізнэс-мэнэджэраў зь міжнароднымі дыплёмамі МБА. Зьдзіўленьне выклікала тое, што гэтыя праграмы выгадныя былі якраз Беларусі. Бо гаворка ішла не пра крэдыты, гэтыя амэрыканскія грошы ня трэба было вяртаць. Таму падалося, што беларускія ўлады дзейнічаюць паводле прынцыпу: на злосьць цешчы вока выкалю, няхай у цешчы зяць будзе крывы.
Лукашэнка наважыўся выкарыстаць ядзернае паліва ня толькі ў якасьці тавару, які можна дорага прадаць, але і як інструмэнт для шантажу вялікіх дзяржаў.

Пачаткам гэтай гісторыі можна лічыць красавік 2010 году. 12—13 красавіка ў Вашынгтоне адбыўся саміт па пытаньнях ядзернай бясьпекі. Лукашэнку туды не запрасілі, хоць тое, што ў Беларусі ёсьць высокаўзбагачаны ўран, наўрад ці было вялікім сакрэтам для ЗША і Расеі. Беларускі кіраўнік моцна абурыўся ігнараваньнем ягонай асобы. І каб адпомсьціць вялікім дзяржавам за крыўду, ён учыніў маленькі скандал з элемэнтамі шантажу. Ён заявіў: "Я ня буду хаваць: у нас застаўся высокаўзбагачаны ўран, сотні кіляграмаў ужо збройнага і менш узбагачанага". Затым прагучала схаваная пагроза ў выглядзе адмаўленьня: "Мы не зьбіраемся рабіць брудныя бомбы і не зьбіраемся камусьці іх прадаваць". І потым прапанова: "Давайце сядаць за стол перамоваў і будзем рашаць з гэтай вялікай колькасьцю ўзбагачанага ўрану".

То бок з гэтых словаў Лукашэнкі вынікае, што ён наважыўся выкарыстаць ядзернае паліва ня толькі ў якасьці тавару, які можна дорага прадаць, але і як інструмэнт для шантажу вялікіх дзяржаў. Можа, не ў такім выглядзе, як Ірак ці Паўночная Карэя, але ўсё роўна бяз жартаў.

Лукашэнку пачулі. 1 сьнежня 2010 году, за 19 дзён да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, на саміце АБСЭ ў сталіцы Казахстану Астане міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў і дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан падпісалі мэмарандум. Паводле яго, Вашынгтон узяў на сябе абавязаньне фінансаваць вываз зь Беларусі ў Расею ўсяго высокаўзбагачанага ядзернага паліва да 2012 году.

Акрамя фінансавых выгодаў, беларускія ўлады атрымалі ад гэтага пагадненьня максымум палітычных дывідэндаў. Дзяржаўныя мэдыі Беларусі трактавалі сустрэчу кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзьвюх краін як дыпляматычны прарыў, нармалізацыю адносін з Захадам, выхад зь міжнароднай ізаляцыі. Падчас выбарчай кампаніі, на тле інфармацыйнай вайны з Расеяй, якая тады палыхала, гэта дадало палітычных ачкоў Лукашэнку ў вачах выбарцаў.
Кіраўніцтва Беларусі прыйшло да высновы, што прадзешавіла з уранам. І вырашыла прадаць яго яшчэ раз, але даражэй.

Выбары прайшлі, аднак выконваць свае абавязаньні афіцыйны Менск не сьпяшаўся. З краіны было вывезена толькі 10% высокаўзбагачанага ядзернага паліва. І вось цяпер афіцыйны Менск у аднабаковым парадку выйшаў з пагадненьня. Нібыта на знак пратэсту супраць амэрыканскіх санкцый.

Гэта значыць, што кіраўніцтва Беларусі прыйшло да высновы, што прадзешавіла з уранам. І вырашыла прадаць яго яшчэ раз, але даражэй. Прычым адразу двум пакупнікам. Зьвярніце ўвагу, што ў гэтым праекце ўдзельнічаюць дзьве вялікія дзяржавы: ЗША і Расея. Прычым апошняя зацікаўленая ў яго рэалізацыі ня менш, калі ня больш, чым Злучаныя Штаты.

Тое, што Лукашэнку не дае спакою, мроіцца статус Беларусі як ядзернай дзяржавы, вядома яшчэ з 1995 году, калі ён усяляк супраціўляўся вываду з краіны ядзернай зброі. Прэзыдэнт называў гэта стратэгічнай памылкай, злачынствам. Ён казаў: "Нельга было (выводзіць ядзерную зброю — Аўт.). Гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы, у рэшце рэшт, павінны былі добра прадаць… Калі б у нас была гэтая зброя, з намі б цяпер па-іншаму размаўлялі".

Падаецца, што і ўпартае жаданьне пабудаваць АЭС, якое не абумоўлена эканамічнай мэтазгоднасьцю, таксама тлумачыцца імкненьнем так ці інакш стаць ядзернай дзяржавай.

Гульня рызыкоўная. Асабліва на тле лёсу Муамара Кадафі, які таксама мроіў стварыць арабскую ядзерную бомбу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG