Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыі прэзыдэнта адбылася нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, ад якой многія чакалі рашэньня наконт стабілізацыі валютнага рынка. 1 жніўня пасьля сустрэчы з Лукашэнкам прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч абяцаў, што ў другой палове месяца краіна выйдзе на раўнаважны курс рубля і ўсе праблемы застануцца ў мінулым. Падобныя абяцаньні гучалі і раней. Ці спраўдзіліся спадзяваньні?

Аляксандар Лукашэнка падчас сёньняшняй нарады паабяцаў, што сытуацыя на валютным рынку будзе стабілізаваная праз 1,5–2 месяцы:

«Народ аж пішчыць, хоча адзінага курсу і доступу да валюты. Канечне, мы ня маем права не рэагаваць на настроі насельніцтва. Паўтара-два месяцы ў нас на стабілізацыю сытуацыі на валютным рынку. Цалкам. Каб насельніцтва ўжо ня проста слухала і верылі ці ня верыла, а адчула, што курс, які вызначаны, будзе дзейнічаць і далей, і сытуацыя будзе разьвівацца ў тым накірунку, у якім будзе абазначана прэзыдэнтам.

Катастрофы няма, сытуацыя кантралюецца, але патрабуе прыняцьця пэўных рашэньняў. Мне патрэбныя вывераныя прапановы з аналізам станоўчых і адмоўных наступстваў, а не пераказ пастулятаў з дапаможнікаў па эканамічнай тэорыі. Усе рашэньні павінны грунтавацца на аб’ектыўных эканамічных законах, якія дзейнічаюць незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не. Ніякага папулізму быць не павінна».

Нагадаем, што першае абяцаньне навесьці парадак на валютным рынку Аляксандар Лукашэнка даў яшчэ на суботніку 16 красавіка: тады ён папрасіў некалькі дзён, максымум тыдзень, каб «выраўняць сытуацыю па валюце». У траўні казаў, што празь месяц-два ніхто і не ўзгадае пра валютныя «няўрадзіцы».

Віктар Цярэшчанка
Аднак, як перакананы эканаміст, былы кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка, ніякіх прычынаў верыць чарговым абяцаньням няма. Так, сьледам Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будзе працягнутая індэксацыя пэнсій, стыпэндый і заробкаў на рост цэнаў, што, паводле экспэрта, выкліча новую хвалю інфляцыі і абвалу рубля. Па яго словах, у любой іншай краіне за бесчалавечныя экспэрымэнты кіраўніцтва неадкладна сышло б у адстаўку:

«Ці самі па сабе недалёкія хлопцы, ці дурні ў гэтым урадзе, ці наўмысна робяць, каб было горш для народу, — ня ведаю. Не разумею, што адбываецца ў краіне. Ні эканамічнай праграмы, ні адпаведнай палітыкі. Ну, а той, хто адзін кіруе, дык не заўсёды ён адкажа на пытаньне — што рабіць далей? Урад з маючай адбыцца дэвальвацыяй павінен сысьці ў адстаўку з ганьбай.

А дэвальвацыя павінна быць абавязкова, бо калі яе ня будзе — мы ўпадзем па экспарце. Сёньня экспартэрам нявыгадна гандляваць. У нас цэмэнт ужо ня купіш, мэтал ня купіш, нават майткі ад „Мілавіцы“ і то складана набыць дзяўчатам нашым. Гэта праблема. То бок задача — хутчэй прадаць усё, што можна, каб дасягнуць станоўчага сальда ў зьнешнім гандлі. Чаго ня будзе — ўсё роўна. Але адназначна мае адбыцца скарачэньне працоўных месцаў, мае адбыцца дэвальвацыя, і каляпс у эканоміцы ўзмоцніцца».

Пытаньне чарговай дэвальвацыі кіраўнік краіны абмінуў, сказаўшы, што вернецца да яго на наступным тыдні. Між тым, як лічаць аналітыкі, бяз гэтай меры выхаду на раўнаважны курс ня будзе.

Праўда, сёньня Нацбанк запэўніў, што існуючы курс цалкам адпавядае бягучым эканамічным умовам, дый са слоў Лукашэнкі вынікае: адпускаць рубель ён не зьбіраецца, а штучны афіцыйны курс і надалей будуць утрымліваць праз адміністрацыйны ціск, абмежаваньні на продаж і немагчымасьць адхіліцца ад спушчаных зьверху паказьнікаў. Але палітыка адмовы ад рынкавых пераўтварэньняў, на думку старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, толькі пагоршыць і без таго бядотнае становішча насельніцтва:

Аляксандар Ярашук
«Улады маюць выбар паміж кепскім і вельмі кепскім. Кепскае для іх — гэта ажыцьцяўленьне рынкавых рэформаў, выбар на карысьць рынкавай эканомікі замест камандна-адміністрацыйнай з усімі наступствамі лібэралізацыі і непазьбежным скарачэньнем рабочых, з закрыцьцём шэрагу вытворчасьцяў, якія цяпер абсалютна незапатрабаваныя і неканкурэнтаздольныя. Стварэньне новых працоўных месцаў — ня простае, а вельмі адказнае і мужнае рашэньне.

Але ўлады ня здольныя на гэта, яны будуць ісьці па шляху вельмі кепскага выбару для ўсіх нас і для сябе — зьбядненьня народу, а мы будзем назіраць крок за крокам усе гэтыя зьявы, якія маюць месца цяпер. Хутчэй за ўсё, улада збанкрутуе, і цяпер яна пасьпяхова займаецца гэтай справай — капае глыбокую яму, у якой сама сябе і пахавае. Але надта ня хочацца, каб гэта было з драматычнай разьвязкай, з усімі наступствамі, якія мы назіраем зараз у Афрыцы, на Блізкім Усходзе. Вельмі, канечне, не хацелася б, каб гэта мела месца, але пакуль лёгіка разьвіцьця падзеяў нагадвае менавіта такі сцэнар».

Тым ня меней шмат хто з аналітыкаў лічыць, што чарговая дэвальвацыя — справа бліжэйшых дзён. 29 жніўня Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду мае разгледзець атрыманую сёлета ў траўні заяўку Беларусі на стабілізацыйны крэдыт у памеры да 8 мільярдаў даляраў. Калі ў экспэртаў ня будзе веры, што афіцыйны Менск сапраўды намагаецца стабілізаваць сытуацыю на фінансавым рынку, дапамога апынецца пад вялікім пытаньнем.

Кроніка "стабілізацыі" валютнага рынку

Вясной, яшчэ напачатку красавіка, Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне, што ажыятаж з валютай пройдзе пасьля падвышэньня мыта на аўтамабілі. У тым жа красавіку, празь некалькі дзён пасьля менскіх выбухаў, Лукашэнка назваў валютны і харчовы крызыс, а таксама тэракты ў мэтро зьвёнамі аднаго ланцуга. Ён прызнаўся, што яшчэ перад выбарамі прадбачыў, што «на нас будуць ціснуць, мэтанакіравана і мэтадычна, дэстабілізаваць абстаноўку».

У сярэдзіне траўня ён запэўніў беларусаў, што праз адзін-два месяцы тыя забудуцца на праблемы з валютай. Пад канец траўня раіў тым, хто хоча адпачыць у Эгіпце, купіць валюту на чорным рынку, а да яго не зьвяртацца.

10 чэрвеня ён назваў даляры і эўра паперкамі, якія «нашы разумныя беларусы хапаюць з падачы сьвядомых». Праз тыдзень ізноў падкрэсьліў, што ў Беларусі няма крызысу, а ёсьць наступствы панікі і ажыятажу. Жорсткія захады дзеля ўрэгуляваньня валютнага крызісу ён паабяцаў зрабіць пасьля аналізу сытуацыі за паўгодзьдзе.

Пад канец чэрвеня заклікаў больш кантраляваць выдзяленьне валюты насельніцтву, а насельніцтва заклікаў пацярпець. Ён паабяцаў, што валюта ў абменьніках будзе, калі нехта яе туды панясе, але, паводле яго словаў, дзяржава ў гэту гульню ня будзе гуляць прынамсі да 1 ліпеня.

27 ліпеня, прымаючы з дакладам старшыню праўленьня "Беларусбанку" Надзею Ермакову, ён паабяцаў, што ў Беларусі ў найбліжэйшы час будзе прынятае канчатковае рашэньне аб выхадзе на адзіны абменны курс беларускага рубля.

Сёньня, 25 жніўня, Лукашэнка зноў паабяцаў, што сытуацыя на валютным рынку будзе стабілізаваная праз паўтара-два месяцы...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG