Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангела Мэркель названая самай уплывовай жанчынай сьвету


Ангела Мэркель

Нямецкая канцлерка Ангела Мэркель узначаліла сьпіс самых уплывовых жанчын сьвету, складзены часопісам Форбс. 22 са 100 выбраных жанчын – нязамужам.

“Наш сьпіс адлюстроўвае разнастайны і дынамічны шлях жанчын да ўлады сёньня, калі на іх ускладаецца лідэрства нацыі або вырашэньне важнейшых пытаньняў часу”, кажа Мойра Форбс, прэзыдэнт і выдавец часопісу ForbesWoman. У сьпіс увайшлі кіраўніцы 8 дзяржаў і 29 генэральных дырэктараў кампаній. Сярэдні ўзрост самых уплывовых жанчын – 54 гады, 22 зь іх нязамужам. Разам яны кантралююць фінансы, якія ацэньваюцца на 30 трыльёнаў даляраў.

Пасьля Ангелы Мэркель на другім і трэцім месцы ідуць дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і прэзыдэнтка Бразыліі Дзілма Русэф. Завяршаюць пяцёрку выканаўчы дырэктар амэрыканскай кампаніі PepsiCo Індра Нуі, якая курыруе імпэрыю, што вырабляе прадукты харчавання і напоі на 60 млрд. даляраў, і галоўны выканаўчы дырэктар кампаніі Facebook Шэрыл Сандбэрг, якая прычынілася да буму сацыяльных сетак. Форбс мяркуе, што жанчыны прыйшлі да свайго ўплыву ня толькі дзякуючы грашам ці палітыцы, але таксама і ўплыву сацыяльных сетак.

Сьпявачка Лэдзі Гага і нядаўна прызначаная выканаўчым дырэктарам газэты The New York Times Джыл Абрамсан занялі 11-ю і 12-ю пазыцыі. Першая лэдзі ЗША Мішэль Абама, якая летась была на самым версе лесьвічкі, сёлета мае восьмую пазыцыю. Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета ІІ, найстарэйшая са сьпісу, займае 49-е месца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG