Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваныя ў хуліганстве актывісты БНФ могуць падаць сустрэчны пазоў


25 жніўня з удзелам актывістаў партыі БНФ Алеся Каліты і Сяргея Семянюка праходзілі сьледчыя дзеяньні ў межах крымінальнай справы аб хуліганстве. Актывісты кажуць пра правакацыю ўладаў, падобную да гісторыі з маладафронтаўцамі Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым, якая здарылася за дзень да выбараў 19 сьнежня.

Крымінальную справу, у якой фігуруюць Алесь Каліта, Сяргей Семянюк і Максім Губарэвіч, завялі ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі Менску. Актывістаў партыі БНФ падазраюць у хуліганстве, учыненым групай. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — 6 гадоў зьняволеньня. Вядзе справу сьледчы, старшы лейтэнант міліцыі Юры Баразноўскі. «Свабодзе» сьледчы адмовіўся выказаць сваю думку наконт заяваў актывістаў БНФ, што справу завялі з палітычных прычын:

«Я свой прафэсійны погляд на гэтую гісторыю не магу выказваць, бо ўсё яшчэ знаходзіцца на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня. Таму не магу нічога тлумачыць».

Інцыдэнт з удзелам Алеся Каліты, Сяргея Семянюка і Максіма Губарэвіча, а таксама Алега Гордыса — гэта ахоўнік будынка, дзе месьціцца новы офіс партыі БНФ, — здарыўся 13 жніўня каля 10 гадзіны вечара. Алесь Каліта згадвае:

Алесь Каліта
«Ахоўнік быў нападпітку, чапляўся да нас, абражаў, парваў на мне кашулю. Мы не пісалі на яго заяву, я адмовіўся пісаць, бо стары чалавек, невядома, што там зь ім... А ён паступіў такім чынам, што падаў заяву. Пакуль цяжка прадбачыць, што ён будзе казаць далей, але збольшага, зыходзячы са зьяўленьня ягонай заявы і з таго, што, як высьветлілася, ужо і нейкая жанчына ёсьць у пацярпелых, гэта відавочна палітычна матываваная справа. Рэжым спрабуе пазбавіць партыю БНФ актыўных фронтаўцаў».

Паводле зьвестак, нібыта пацярпелы ахоўнік Алег Гордыс напісаў у заяве, што быў зьбіты і што яму зламалі рабро. Быццам ёсьць мэдычнае пацьверджаньне гэтай траўмы. Сяргей Семянюк, які таксама падазраецца ў нападзе на ахоўніка, кажа, як усё было:
Мяркую, мы лёгка дакажам, што невінаватыя.

«Стары п’яны чалавек, які да нас чапляўся... Канечне, мы да яго паставіліся як вось да такога чалавека, спрабавалі яго супакоіць. Вахцёрка выклікала таксоўку, мы ўгаворвалі яго сесьці ў гэтую таксоўку. Таму з нашага боку ніякіх агрэсіўных дзеяньняў не было. Гэта адбывалася перад соймам партыі БНФ, і, адпаведна, было шмат сьведак, якія знаходзіліся побач. Мы іх усіх будзем клікаць у суд, каб яны распавялі тое, што бачылі. Мяркую, мы лёгка дакажам, што невінаватыя. Іншая рэч, як павядзе сябе сьледзтва і як павядзе сябе суд. Тут мы прагнозы рабіць ня будзем, бо самі разумееце, як гэта ў нас адбываецца».

Сяргей Семянюк
Сяргей Семянюк лічыць падазроным тое, што адразу пасьля інцыдэнту ў фае будынка на вуліцы Крапоткіна прыехала міліцыя, хоць, паводле ягоных зьвестак, яе ніхто не выклікаў. Алесь Каліта ды іншыя ўдзельнікі інцыдэнту тады адмовіліся пісаць заяву на ахоўніка Алега Гордыса, але цяпер не выключаюць, што ім давядзецца гэта зрабіць. Паводле сьведак, нібыта гэты чалавек кінуўся на Алеся Каліту з каменем у руцэ, і той мусіў спыніць напад. Як гэта адбывалася, цяпер разьбіраецца сьледзтва. 25 жніўня бліжэй да вечара мусіць прайсьці вочная стаўка пацярпелага з падазраванымі, але не выключаецца, што час можа быць зьменены з-за занятасьці адвакатаў. Допыт Максіма Губарэвіча, які жыве ў Гародні, прызначаны на 26 жніўня.

Вэрсію ахоўніка Алега Гордыса адносна падзей 13 жніўня непасрэдна ад яго пачуць не ўдалося — пацярпелы пакуль не кантактуе з журналістамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG