Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр лібійскай Джамахірыі Муамар Кадафі ўвечары 25 жніўня выступіў з аудыёзваротам да суграмадзян, у якім заклікаў іх да працягу барацьбы.

Кадафі, у прыватнасьці, заклікаў "мужчын, жанчын і дзяцей" ачысьціць Трыпалі ад паўстанцаў, а розныя лібійскія плямёны "працягваць змагацца супраць замежнай інтэрвэнцыі".

Палкоўнік таксама выказаў меркаваньне, што яго падтрымлівае "пераважная большасьць" лібійцаў, якія не пакінуць у сваёй краіне бясьпечнага месца для паўстанцаў.

Тым часам прадстаўнік ураду Кадафі Муса Ібрагім у тэлефоннай размове з Associated Press заявіў, што лідэр Джамахірыі жывы і здаровы, працягвае заставацца ў Лібіі і кіруе змаганьнем «за волю і незалежнасьць.»

Новыя ўлады атрымаюць грошы

Кантактная група па Лібіі, у якую ўваходзяць 28 краінаў і шэраг міжнародных арганізацыяў, паабяцала аказаць фінансавую падтрымку новым уладам Лібіі.

На нарадзе сяброў групы ў Стамбуле ў чацьвер абмяркоўваліся меры па размарожваньні лібійскіх актываў за мяжой, заблякаваных раней у межах санкцыяў супраць рэжыму Кадафі. Паведамляецца, што ЗША размарозяць паўтара мільярда даляраў.

Амэрыканскі Дзярждэпартамэнт таксама выступіў з заявай, што ўранавая і хімічная сыравіна, якая выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі, знаходзіцца пад кантролем, небясьпекі яго выцечкі няма.

Кадафі хаваецца ў месцы свайго нараджэньня?

Карэспандэнт нашага радыё ў Лібіі Джэймс Кірчык паведамляе, што ў часе, калі галоўныя сілы паўстанцаў спрабуюць узяць сталіцу краіны Трыпалі пад свой поўны кантроль, сілы ляяльныя палкоўніку Муамару Кадафі занялі абарончыя пазыцыі ў горадзе Сірт.

Сірт знаходзіцца на ўзьбярэжжы Міжземнага мора, пасярэдзіне дарогі паміж Трыпалі і Бэнгазі. У гэтым горадзе каля 70 гадоў таму нарадзіўся Муамар Кадафі.

Некаторыя назіральнікі канфлікту ў Лібіі выказваюць здагадкі, што Кадафі зь сям’ёю падаўся якраз у Сірт – 23 жніўня, калі паўстанцы пачыналі штурм ягонага палаца Баб аль-Азізія ў Трыпалі.

Паводле нашага карэспандэнта, вельмі верагодна, што каля Сірту зараз усчаўся бой паміж паўстанцамі і сіламі Кадафі. Раней паўстанцы паспрабавалі намовіць ляялістаў Кадафі ў Сірце закончыць ваенныя дзеяньні, але беспасьпяхова. Паўстанцкі канвой, які набліжаўся да гораду, быў абстраляны цяжкай артылерыяй рэжымных сілаў.

Паўстанцы рыхтуюцца да апошняга бою за Трыпалі

У Трыпалі з усёй краіны прыбываюць падмацаваньні паўстанцам супраць рэжыму Муамара Кадафі, каб ліквідаваць апошнія кропкі супраціву сілаў ляяльных лібійскаму дыктатару.

Тым часам апазыцыйная Нацыянальная пераходная рада, якую больш за 30 дзяржаваў сьвету прызнае як легальную ўладу ў Лібіі, рыхтуецца да пераезду з Бэнгазі ў Трыпалі, каб арганізоўваць новую адміністрацыю пасьля 42 гадоў аўтарытарнага рэжыму. Пераезд адбудзецца, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні.

Паўстанцы кантралююць большую частку лібійскай сталіцы, але сілы ляяльныя палкоўніку Кадафі ўсё яшчэ супраціўляюцца ў некаторых кропках Трыпалі, асабліва каля палацу Баб аль-Азізія, які ўчора захапілі паўстанцкія сілы, ды ў недалёкім ад гэтай рэзыдэнцыі парку.

НАТО заяўляе, што альянс цяпер ужо не падтрымлівае паўстанцаў атакамі з паветра, але прэзыдэнт Францыі 24 жніўня сказаў, што місія альянсу ў Лібіі будзе працягвацца, пакуль сілы Кадафі перастануць быць пагрозай для цывільнага насельніцтва.

Паўстанцы заяўляюць, што яны будуць судзіць Муамара Кадафі ў Лібіі, хоць ён і ягоны сын Сайф аль-Іслам былі абвінавачаныя Міжнародным крымінальным судом у злачынствах супраць чалавечнасьці.

Пакуль што ніхто ня ведае, дзе знаходзіцца палкоўнік Кадафі і ягоная сям’я. Нацыянальная пераходная рада абяцае 1,7 мільёна даляраў узнагароды таму, хто дапаможа схапіць лібійскага дыктатара.

ААН распачала дыпляматычныя намаганьні, каб размарозіць мільярды даляраў, якія знаходзяцца на рахунках рэжыму палкоўніка Кадафі ў Катары, і перадаць гэтыя грошы паўстанцам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG