Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мядзьведзеў спакушае Ўкраіну беларускім досьведам


Украіна можа па прыкладу Беларусі зьвярнуцца да РФ з прапановай па інтэграцыйнай скідцы на газ. Пра гэтую заяву Мядзьведзева паведаміла агенцтва РИА-Новости.

«Менск атрымаў так званую інтэграцыйную скідку ў якасьці прызу за ўдзел у Мытным саюзе і згоду прадаць Расеі «Белтрансгаз». Хоць нашы (ўкраінскія -. Рэд) калегі адразу ж адхрысьціліся ад гэтага, ... я лічу, што тут сьпяшацца ня трэба. Таму, што зь Беларусьсю ў нас таксама былі свае праблемы і вельмі сур'ёзныя па газавым супрацоўніцтве, але мы выйшлі на нармальны ўзровень узаемаразуменьня. Беларусь сёньня зьяўляецца чальцом Мытнага саюзу, і мы дамовіліся аб тым, што Расея набывае "Белтрансгаз", фактычна на 100%. Гэта стварае новыя ўмовы», - сказаў Д. Мядзьведзеў.

«Вось па такім шляху, мне здаецца, трэба ісьці і нашым украінскім сябрам», - дадаў кіраўнік Расеі.

Раней прэм'ер-міністар Украіны Мікалай Азараў заявіў, што беларускі варыянт супрацоўніцтва з Расеяй у газавай сфэры для Кіева не падыходзіць.

Д. Мядзьведзеў таксама заявіў, што нягледзячы на зацікаўленасьць ва ўступленьні Ўкраіны ў Мытны саюз, Расея ня можа пагадзіцца на яе ўключэньне ва ўвязцы з рознага роду формуламі.

"Мы ня можам пагадзіцца на падключэньне Ўкраіны па нейкіх там формулах: "тры плюс адзін", "мы дваццаць дакумэнтаў падпішам, а трыццаць ня будзем". Не, або няхай уступаюць цалкам, цалкам падпісваюць усё па этапах і робяцца паўнапраўнымі чальцамі Мытнага саюзу і здабываюць з гэтага ўсе выгады і нясуць усе абавязкі, або тады гэта ўжо іншы шлях".

Д. Мядзьведзеў падкрэсьліў, што Мытны саюз зьяўляецца найвышэйшай формай інтэграцыі, "і мы сапраўды зацікаўленыя ў тым, каб туды падключылася Ўкраіна як вялікая эўрапейская дзяржава, братэрская і сяброўская нам".

Калі ж Украіна ня стане паўнапраўным чальцом Мытнага саюзу, то ў шэрагу выпадкаў давядзецца выкарыстоўваць пэўныя мытныя рэжымы ў дачыненьні да Украіны, сказаў прэзыдэнт Расеі.
XS
SM
MD
LG