Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майкл Скэнлан: «Што глядзець, чытаць ці слухаць, павінен выбіраць сам чалавек, а ня ўлада»


Майкл Скэнлан, архіўнае фота.
Майкл Скэнлан, архіўнае фота.
Нападкі на свабоду выказваньня толькі зьбядняюць грамадзтва, заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан 24 жніўня ў Менску на прыёме, прысьвечаным свабодзе творчага выказваньня.

Паводле яго слоў, гэта сьведчыць пра боязь улады і яе глыбокі недавер да народу. «Прыгажосьць і праўда застаюцца назаўжды, а цэнзура — не. Няпісаныя забароны, абмежаваньні, адмена выстаў у апошнюю хвіліну супярэчаць духу творчасьці, якую прадстаўляеце вы, мастакі», — сказаў дыплямат. Ён выказаў надзею, што найбліжэйшым часам «гэтыя сумныя падзеі» застануцца ў гісторыі.

Як адзначыў Скэнлан, магчымасьць свабодна выказваць свае погляды праз мастацтва, паэзію, прозу зьяўляецца асновай росту і развіцьця грамадзтва і асобы:

«Мноства канкурэнтных ідэй здольныя прымусіць нас крытычна ставіцца да сябе і грамадства ці, наадварот, даюць нам шанец атрымліваць асалоду ад прыгажосці. Але вырашаць, што глядзець, чытаць ці слухаць, павінен сам чалавек, а ня ўлада. Кожны разумее прыгажосьць па-свойму».

На прыёме выступілі музыкі й паэты, якія сутыкаюцца зь перашкодамі пры арганізацыі сваіх імпрэзаў. Сярод іх гурты Naka, «Палац», «Крамбамбуля», Дзьмітрый Вайцюшкевіч, Уладзімер Някляеў, Андрэй Хадановіч. У межах прыёму працавалі выставы, паказ якіх у поўным аб’ёме раней не ўдалося арганізаваць у іншых месцах. Гэта, у прыватнасьці, выстава «Прэс-фота Беларусі 2011», рэпрадукцыі амэрыканскіх аўтараў розных эпох, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG