Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Саванях дзяўчат прымушаюць цягаць мяхі ўдвая большыя за іх вагу…»


У Саванях, на Стаўпеччыне, давялося пабываць гады чатыры таму. Тады найперш запомніліся старажытныя дубы-асілкі на месцы былой сядзібы паноў Магнышэўскіх, ласкавасьць нёманскіх азёраў, гасьціннасьць мясцовых людзей, палова зь якіх, дарэчы, ужо працавала «на старане», а не ў тагачасным СВК «Жацерава». Але сёлета з раптоўнага тэлефоннага SOS адтуль уведаў пра цяперашняе становішча мясцовых калгасьнікаў. Маўляў, мала таго, што людзей вымушаюць працаваць за талерку супу, дык перасталі выдаваць і без таго мізэрныя адпускныя.

…З раніцы ў Саванях узгадваю, дзе за клюбам знаходзіцца плянтацыя гародніны — там у часе мінулай вандроўкі сустракаўся з паляводамі. І — першае пацьверджаньне сыгналу. Сустракаю 29-гадовую Сьвятлану Ляпегаву, якая крочыла на працу. Яна й паведаміла:

Сьвятлана: «Я наогул павінна была ісьці ў адпачынак у траўні — мяне не адпусьцілі. Старшыня Краўчук Іван Васільевіч сам падышоў і сказаў, што ня пойдзеце, пакуль усе камяні на палетках не зьбераце. І адгуляла ў чэрвені адпачынак, а адпускныя 300 тысяч так і не налічылі — толькі ў жніўні зможам атрымаць!».

На палетку праполвалі градкі які дзясятак паляводаў — пажылых кабет ды дзядзькоў. Пры выглядзе чалавека зь мікрафонам першая рэакцыя была агрэсіўнай.


Спадарыня: «Яніну Ёсіфаўну паклічце — няма нас тут чаго фатаграфаваць!».

Карэспандэнт: «А чаго баіцеся — у вас усё нармальна з заробкам, нічога не вылічваюць?».

Спадарыня: «Я пэнсіянэрка, нічога вам ня буду казаць! Вы пакажыце сваё пасьведчаньне!».

Карэспандэнт: «Калі ласка, маё пасьведчаньне — Сямашка Віталь Канстанцінавіч…».

Спадар, падышоўшы, махнуў на кабету рукой.

Спадар: «Грошы як усюды атрымліваем — ёсьць на што халоднай вады папіць…».

Спадарыня: «На „чарніла“ нам хватае!».

На «разборку» зьявілася загадчыца ўчастку, спадарыня Яніна Гірко. Між іншым, да размовы зь ёй я быў ужо крыху падрыхтаваны.

Гірко: «1240 га зямель у мяне. На гародзе га морквы, га капусты і 20 сотак кабачкоў. У нас усё залежыць ад эканаміста — калі мы выходзім, 460 рублёў нам выплачваюць. Да мінімалкі дацягваюць іх заробкі. У нас сена даюць сваім. Мы нават такія паперы падпісвалі, каб у нас у лік крамаў, сотак вылічвалі з заробкаў…».

Карэспандэнт: «А па 10 тысяч за апрацоўку соткі — хіба гэта нармальна?».

Гірко: «Гэта трэба гаварыць зь юрыстам. Вам лепш паехаць у бухгальтэрыю — вы няправільна фармулюеце свае пытаньні. Жывем жа, не ўцякаем нікуды…».

Ля клюбу мяне чакала памянёная Сьвятлана Ляпегава, якая прывяла сваю сястру, 28-гадовую Таісію. Абедзьве ростам і вагой — «кнопкі», адна пад адной. Падкрэсьліваю гэта невыпадкова. Размова з маладымі паляводамі пайшла пра іх працоўнае жыцьцё.

Дзяўчаты: «Аклад 480 тысяч, калі выходзім 26 дзён на працу. Мы працуем з 8 раніцы да гадзіны, пасьля з 3 да 7. Могуць паслаць на зернясховішча, дзе можам цягаць мяхі. Мех важыць, да прыкладу, 100 кг, а я — 45. І я павінна палову машыны разгрузіць „патраўленага“ гароху, які пасьля рассыпаюць на палеткі. Пры гэтым марлевых павязак альбо малака, якія павінны даваць, ніхто не дае. Запісваецца ўсё, як „палачкі“ ў 50-я гады — ідзе пагадзінная аплата. А пасьля за падвячоркі вылічваюць — Сьвета ня выйшла ў мінулым месяцы 26 дзён, і ў мінулым месяцы вылічылі 155 рублёў. А падвячоркі — кусок кілбасы і кавалак хлеба. І ведаеце, у нас неяк быў Дзень калгасьніка, падышла Калішыха, намесьніца старшыні па ідэалёгіі, сказала нападпітку, што „дзякуй вам, паляводам, што вы працуеце на нас“, — мы як рабы працуем на іх!».
Запісваецца ўсё, як „палачкі“ ў 50-я гады.

Тым часам, відаць, спрацавала «сарафаннае радыё», і па дарозе ля мяне спынілася аўто, зь якога літаральна вывалілася мажная кабета і з пагрозьлівым выглядам накіравалася да мяне. Хутка давялося ацаніць узровень стаўленьня мясцовай начальніцы да людзей па тым напоры, зь якім накінулася саванёўская ідэалягіня Калішэвіч на невядомага яшчэ ёй карэспандэнта.

Калішэвіч: «Мы можам гаварыць толькі з тымі людзьмі, якія дазвол маюць і нас папярэджваюць — у нас жа праверкі санстанцыі, пажарнікаў. Што вы хочаце? Вы ўжываеце ўсякую ерунду! З гэтай дэмакратыяй разарыцца можна. Каб абагнаць бульбу, мне трэба купіць папругі. Ведаеце, колькі яны каштуюць? 300 тысяч. З чаго я буду купляць? Мне і трэба браць сымбалічную плату за гэта. Абнавілася ўсё — другое месца па заробках у раёне, мільён 220 тысяч пасьля Вялікага Двара…».

* * *
Шукаць тых, хто жыве ў Саванях на мільён 220 тысяч у месяц, накіроўваюся на зернясховішча. Усчаўся дожджык, і людзей не было бачна. Аж тут заўважыў жанчыну з роварам, якая накіроўвалася да выхаду. Так злапаў загадчыцу, спадарыню Ганну Галубец, якая ўскосна пацьвердзіла сказанае дзяўчатамі.

Галубец: «Нам трэба захаваць 2000 тон, каб даваць жывёле. Людзей у мяне няма сталых, толькі млынар — паляводаў пастаянна запрашаем. Учора яны займаліся праполкай, сёньня сюды — працавалі па 12 гадзін у пасяўную. Калі былі парушэньні — выпіўшыя, на работу не павыходзілі, — маюць па 300 тысяч, па дзясятцы ў дзень. Асабліва пасьля палучкі! Я ўжо казала — трэба даваць яе перад суботай і нядзеляй…».

59-гадовыя паляводы, спадары Юзэф Баркоўскі ды Віктар Дзеляш, сытуацыі ўласнай безвыходнасьці ня ўтойвалі. Зрэшты, гаварылі пра ўсё адкрыта.

Спадары: «Пастаянна вылічваюць па нулях — і ўсё, як стаў новы старшыня. У мяне жонка — інвалід 2 групы. Прыйшла выпісваць каня бульбу пасадзіць. Зьняла копію пасьведчаньня, каб за 50%. А ёй не даюць! І далі каня: за 5 сотак — 40 тысяч. А 10 сотак на палетку пасадзіць — 152 тысячы!».

Карэспандэнт: «Колькі зарабляеце за месяц?».

Спадары: «Сьлёзы — мо 400 тысяч. І нічога ня скажаш. Старшыня сказаў: ня хочаце выходзіць — ня трэба. А куды я пайду — лічаныя месяцы да пэнсіі?!.. І я не пайду — маці без нагі…».

Карэспандэнт: «А вы разумееце, што вы на ваша кіраўніцтва можаце падаць у суд?».

Спадары: «А божачкі — з кім судзіцца… Пасудзіся, а заўтра ўбяруць!».

2 гады таму СВК «Жацерава» стала акцыянэрным таварыствам ды аграгарадком. Усюдыход ягонага старшыні Івана Краўчука таксама спыніўся ля мяне пасярод вёскі, каб высьветліць мэты вандроўкі карэспандэнта «Свабоды». У часе далейшай размовы, аднак, зразумеў, што кіраўніка ды працоўных хвалююць зусім розныя праблемы. І яны не перасякаюцца.

Краўчук: «Аграгарадок — перш за ўсё сацкультбыт. Стала весялей. Адміністрацыйныя будынкі, крамы самі будуем. Нам далі 1-2 млрд. Мы за іх асфальт паклалі на ўсіх фэрмах плюс майстэрні, зернясховішчы. Домікі — прэзыдэнцкая праграма, на жаль, цяпер замарожаная. Будаўніцтва чыгуначнай станцыі Савані — грошык такі, што гаспадарка не дапаможа. А ўласнымі сіламі 4 фэрмы да зімы трэба будаваць — жывёлу няма куды ставіць…».

У словах спадара Краўчука прагучала згадка пра шматгадовы боль ня толькі трох соцень саванёўцаў, але й навакольных вёсак. Справа ў тым, што да бліжэйшай чыгуначнай станцыі адсюль 7 км. Гэта пры тым, што рэйкі праходзяць за некалькі дзясяткаў мэтраў ад ускраіны паселішча. Мясцовыя ня толькі гадамі пісалі і патрабавалі зрабіць ля вёскі чыгуначны прыпынак, але нават сабралі для гэтага грошы ў дапамогу дзяржаве. Ініцыятыўную групу цяпер узначальвае 49-гадовы спадар Валерый Шыбко. Між іншым, яго хата — акурат ля чыгункі.

Шыбко: «Гісторыя пачалася 16 год таму, як пачалі ствараць праект гэтай станцыі. Былі сабраныя подпісы з 6 вёсак — ніхто ж не фінансаваў ані з раёну, ані з вобласьці. Прыяжджалі сюды прадстаўнікі Беларускай чыгункі, абяцалі, што будзе будавацца. І ніхто за 10 год сюды пяску не прывёз, ня кажучы пра ўсё астатняе. Людзей пад 700 далі грошы, і сабраная сума складала звыш 7000 даляраў. Былі здадзены ва ўпраўленьне Белчыгункі. Праект нібы створаны, а будаўніцтва ніхто не пачынае. Грошы пераходзілі з рук у рукі, а мы засталіся ля разьбітага карыта…».
Людзей пад 700 далі грошы, і сабраная сума складала звыш 7000 даляраў. Былі здадзены ва ўпраўленьне Белчыгункі.

Таму пра сёньняшні лёс грамадзкіх грошай узьнікаюць самыя розныя вэрсіі, якія немагчыма праверыць. Адну зь іх агучыў мне 30-гадовы Юрась.

Юрась: «Мая маці сказала, што званіла на станцыю ў Баранавічы, дзе ёй неафіцыйна паведамілі, што яны пайшлі ў Маладэчна на верасьнёўскія „Дажынкі“ Лукашэнку. А тут у 5 вёсках людзі ня могуць да станцыі даехаць. Уладзе мясцовай выгадна — каб не маглі працаваць у Стоўпцах. А калдобіны і яміны такія, што не прайсьці. Па пояс у сьнезе ўзімку дзе ты дойдзеш!».

Паказальна, што пры ўсім гэтым ня так даўно непадалёк ад вёскі зьявіўся аўтабан. Пра тое, як ён узьнік, — усё той жа спадар Валерый Шыбко.

Шыбко: «Наконт насыпу Савяні-Галавенчыцы магу сказаць адно — там у нейкага велькага начальніка лецішча, і яму зрабілі яго, хоць з Галавенчыцаў у наш бок мала хто езьдзіць. Але тут грошы знайшліся ў бюджэце раёну…».

Мой суразмоўца шмат год быў мэханізатарам у калгасе. Цяпер рэгулярна езьдзіць на працу ў Стоўпцы, дзе робіць аўтасьлесарам і па мясцовых мерках жыве заможна. Я пытаюся:

Карэспандэнт: «Чаму ты з калгасу сышоў?».

Шыбко: «Таму і сышоў, што надакучыла 25 год на трактары калыхацца — толькі на хлеб і ваду хапала. Перабіваліся — гаспадарка свая выручала…».

У розных саванёўцаў я пытаўся пра іх адчуваньне сёньняшняга часу, спадзевы на будучыню. Найбольш характэрныя адказы знайшоў у словах таго ж Валерыя Шыбко ды вядомай ужо Таісіі Ляпегавай.

Шыбко: «Раней зь людзьмі гаворыш — жаху не было за будучыню. А цяпер такая тэндэнцыя ёсьць — што творыцца з курсам даляра, беларускія ніхто ня хоча трымаць, даляр таксама нідзе ня купіш…»

Таісія: «Я Лукашэнку ня веру. Я маладая, 28 год — чаму павінна паміраць з голаду, не магу апрануцца, пражыць?!».
View Падарожжы Свабоды in a larger map
XS
SM
MD
LG