Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здымачную групу літоўскай тэлевізіі не пусьцілі ў Беларусь


У сераду Беларусь адмовілася пусьціць у краіну групу журналістаў Літоўскага тэлебачаньня. Журналістка перадачы «Панарама» Рута Ланкінінкайце на мяжы даведалася, што яна непажаданая ў краіне асоба і што яе віза анулюецца.

«Аляксандар Лукашэнка адмежаваўся ад сьвету і ад Літвы, каб ніхто не даведаўся, што адбываецца ў краіне», — сказала журналістка. Ланкінінкайце распавяла, што працуе ў Беларусі амаль шэсьць гадоў. Штогод яна з апэратарам Ёнасам Грышконісам атрымлівала службовыя візы і гадавыя акрэдытацыі, якія дазваляюць наведваць суседнюю краіну.
Думаю, апошнія мітынгі, у якіх мы ўдзельнічалі, перапоўнілі цярпеньне службаў бясьпекі.

«Ня раз нас затрымлівалі, білі і камэру разьбівалі. Думаю, апошнія мітынгі, у якіх мы ўдзельнічалі, перапоўнілі цярпеньне службаў бясьпекі», — сказала журналістка.

У гэты ж дзень у МЗС Літвы быў запрошаны пасол Беларусі ў Вільні Ўладзімер Дражын, каб даць тлумачэньні з нагоды забароны на ўезд літоўскай журналістцы.

Старшыня Камітэту замежных спраў літоўскага парлямэнту Эмануэліс Зінгерыс пракамэнтаваў памежны інцыдэнт зь літоўскімі журналістамі гэтак: «У нас ёсьць сьпіс службовых асобаў, а журналісты — не службовыя асобы. Яны нават неафіцыйных асобаў уносяць у сьпіс ворагаў. Я ведаю, што яны не пускалі расейскіх і іншых журналістаў. Тое, што іх забароны распаўсюджваюцца нават на неафіцыйных асобаў Літвы, азначае, што яны варожа глядзяць на ўсё нашае грамадзтва».
Рэпартаж Руты Ланкінінкайце з акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі»
XS
SM
MD
LG