Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны — новыя, асартымент — стары


Ад сёньня ў Беларусі на 10% павялічаныя максымальныя адпускныя кошты на сьвініну. Гэта ўжо другое падвышэньне на працягу жніўня. Як патлумачыла Міністэрства эканомікі, яно выклікана «неабходнасьцю кампэнсаваць больш высокія затраты сельскай гаспадаркі на вырошчваньне сьвіней». Зрэшты, на 10% больш плацяць за сьвініну прадпрыемствы гандлю. А пакупнікі — яшчэ больш, бо ўлічваецца таксама падатак і гандлёвая надбаўка.

Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды» даведваліся, ці зьявілася пасьля падаражэньня мяса ў крамах, па якім кошце і што кажуць гандляры, пакупнікі, а таксама экспэрты пра магчымы рост цэнаў бліжэйшым часам.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Віцебскія прадукты» на вуліцы Смаленскай і сёньня бязь мяса

У краме гандлёвай сеткі «Віцебскія прадукты», што на вуліцы Смаленскай, мяса так і не зьявілася — ні па старых, ні па новых коштах. Гандлярка мяснога аддзелу кажа, што новых цэнаў яшчэ ня бачыла. Затое пабітая вітрына сьведчыць пра нядаўнія баталіі пакупнікоў, якія ў апошнія дні штурмавалі мясныя прылаўкі.

Цяпер у вітрыне — толькі сьвіная скура ды паўфабрыкаты. Няма і тушонкі аршанскага мясакамбінату. Пакупніца распавядае, што яе разабралі літаральна пару гадзін таму:

«Адна расейка цэлы вазок усяго набрала ды стала яшчэ нас бэсьціць, што мы тут быдла. Людзі пачалі абурацца: «А што ж вы так усе ад нас вывозіце? Можа, мы цярплівыя, вы нас за гэта дакараеце, дык навошта ж вы сюды едзеце і ўсё ад нас цягнеце, калі ў нас так дрэнна?». А яна адказвае: «Калі захачу, дык я й цябе куплю!».

Пакупнікі віцебскіх крамаў лічаць, што кошты на мяса ўзьнялі знарок, каб яго не раскуплялі жыхары расейскага памежжа — на Віцебшчыну па мяса прыяжджаюць са Смаленшчыны ды Пскоўшчыны. Калі памяняць расейскі рубель па «чорным» курсе, дык за яго можна атрымаць 280 беларускіх рублёў. І ў такім выпадку як раней кошты не палохалі расейскіх пакупнікоў, так і далей не спалохаюць, бо расейскі рубель увесь час «расьце», а заробкі беларусаў стаяць на месцы.
Беларусам — па 2 кг мяса, а расейцы бяруць колькі хочуць…

Спадарыня, якой не дасталося мяса, распавяла, што віцебскія крамы атрымалі неафіцыйную рэкамэндацыю — прадаваць ня больш як па 2 кіляграмы дэфіцытнага тавару. Але гэта не выконваецца, і мяса стала аб’ектам махінацыяў:

«Гэта кажуць нам, беларусам, што толькі па два кіляграмы. А расейцы бяруць колькі хочуць. У крамах самі распавядаюць, што машыны зь мясам да іх прыходзяць паўпустыя: аддаюць рэшту мяса і грошы наяўнымі. Са службовага ўваходу камусьці адгружаюць нават нясечаныя яшчэ часткі тушаў! А ў нас — нават галовы нядоўга залежваюцца».

У рэгіёнах вобласьці сытуацыя такая самая: асартымэнт мясных прадуктаў можа задаволіць толькі таго, хто звык харчавацца дужа эканомна. Гаворыць жыхарка Воршы, наведніца фірмовай крамы аршанскага мясакамбінату:

«Я хадзіла ў краму, дык было рагу па 5 тысяч, вушы па 6 тысяч, косткі па 2 200, добрыя, я купіла. А на большае ў мяне грошай няма!».

Пакупнікі з Расеі, якія прыяжджаюць у Воршу, такое мяса не бяруць, кажа спадарыня. Іх цікавіць якасны прадукт па 30 і больш тысяч за кіляграм. І бяруць яны адразу на паўмільёна ці нават болей. Для аршанцаў такія кошты і выдаткі на мяса — недасяжныя.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Гэтым ня скончыцца, падаражэньне яшчэ будзе»

Што кажуць мінакі ў Горадні аб праблемах зь мясам?

Спадар: «Ну як бязь мяса жыць? Многа не пацягнеш, калі не зьясі кавалак хаця б адзін раз на дзень!».

Спадарыня: «У нашай краме мяса шмат было — якога хочаш… Ня ведаю, я сёньня яшчэ не была ў краме. Але раз на тыдзень — як бязь мяса?».

Другая спадарыня: «Думаю, што гэта ня скончыцца, падаражэньне яшчэ будзе».

Трэцяя спадарыня: «Ну, можа, прывязуць яшчэ да абеду? Хто яго ведае, калі гэта скончыцца і чаму яно даражэе. Даражэе праз курс даляра, курс увесь час падымаецца, і даражэюць прадукты. Вы ведаеце, я жыву на вёсцы, у мяне ёсьць свае куры, сваё мяса, так што я праблемы ў гэтым ня бачу».

Чацьвёртая спадарыня: «Я не была там, і ўвогуле я мяса рэдка купляю, вэгетарыянскі лад жыцьця, нармальна».

Пятая спадарыня: «Мяса купляю рэдка, а рост цэнаў скончыцца, калі ўсталюецца курс даляра. А калі — ня ведаю, напэўна, хутка».

Пэнсіянэр: «Цяжка сказаць, калі гэта скончыцца, але мне здаецца, што ў бліжэйшы час будзе ў гэтай справе парадак і мяса будзе ў дастатковай колькасьці. Сам я часьцей купляю на рынку, у нейкай ступені там большы выбар: хачу — з косткай, хачу — без. Я карыстаюся рынкам, праз два-тры дні».

Пэнсіянэрка: «Мне хопіць, дай Бог, каб так і далей было — да маёй сьмерці. Хай даражэе! Пэнсіі прыбаўляюць, пэнсія ў мяне добрая, гадоў мне — 89-ы. Толькі пасьля апэрацыі, глыбокай апэрацыі, і слава Богу!».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Чэргі па мяса

У Берасьці на Калгасным рынку штодзень выстройваецца чарга ля крамы ААТ «Белавескі». Пакупнікі кажуць, што тут, бадай, самыя нізкія цэны. Шыйная частка сьвініны тут каштуе 37 тысяч 600 рублёў за кіляграм, лапатачная і сьцегнавая частка — па 30 тысяч 360 рублёў.


Жанчына, якая набыла кіляграм сьвіных рэбраў, кажа, што асабіста для яе кошты высокія:

«Я аддала 15 тысяч за кіляграм. Я лічу, што кожны бярэ паводле сваіх матэрыяльных магчымасьцяў. Самі ж ведаеце, крызіс усюды — і ў дзяржаве, і ў нас».

У фірмовай краме «Верас» Берасьцейскага мясакамбінату кошты вышэйшыя, чым на Калгасным рынку. Кіляграм шыйнай часткі тут каштуе 41 тысячу 370 рублёў.

Падобныя кошты і ў супэрмаркеце «Ўсход». Шыйная частка сьвініны тут каштуе 41 тысячу 350 рублёў, лапатачная — 34 тысячы 850 рублёў.

Берасьцеец Юры Жыдовіч кажа, што падаражэньне мяса было прадказальным, таму людзі і ўчынілі такі ажыятаж. Спадар Юры лічыць, што гэтае падаражэньне б’е па кішэні і стварае яшчэ большы пратэстны настрой.

Жыдовіч: «Гэта ня ёсьць нейкая раптоўная падзея, але яна балюча адаб’ецца на нашым памяркоўным электараце і нейкім чынам схіліць яго ў бок пратэсту».

На калгасным рынку ў Берасьці.

Фэрмэр Міхаіл Шруб: «Цэны на сьвініну ў Беларусі дагоняць расейскія»

Фэрмэр Міхаіл Шруб — уладальнік найбольш эфэктыўнага на сёньня (паводле рэйтынгу Мінсельгасхарчу) сьвінакомплексу, пабудаванага ў 2007 годзе ў Жыткавіцкім раёне паводле эўрапейскай тэхналёгіі. Тут цяпер 5 тысяч галоў сьвіней, якіх абслугоўваюць усяго 12 працаўнікоў.

«Цана на сьвініну ў Беларусі нашмат ніжэйшая, чым у Расеі — гэта галоўная прычына росту. І пакуль цэны ня выраўняюцца, то ў Беларусі будзе адбывацца падаражэньне. Ад 1,1 эўра да 1,6 эўра за 1 кг сьвініны на працягу гэтага году могуць вагацца цэны.

На кошт сьвініны ўплывае, як гаворыцца, мільён фактараў. У дадзеным выпадку гэтыя пытаньні маюць ярка выяўленую ідэалягічную афарбоўку. А ідэалёгія — рэч паршывая».

Карэспандэнт: «Ці маеце вы на мэце нарошчваць вытворчасьць сьвініны?»

«Наш цяперашні комплекс працуе ўжо на мяжы сваіх магчымасьцяў. Таму нарошчваць вытворчасьць можна толькі адным шляхам: будаваць яшчэ адзін сьвінакомплекс», — кажа суразмоўца «Свабоды».

Даведка «Свабоды»:

У 1980–90-х гг. фактычна ў кожным раёне Беларусібыло пабудавана па агромістым сьвінакомплексе: 108 такіх прадпрыемстваў мусілі забясьпечыць ня толькі ўнутраны рынак, але і значны аб’ём паставак на рынкі зьнешнія.

Цяпер сярод 15 вядучых краінаў Эўропы па вытворчасьці сьвініны ў разьліку на аднаго жыхара Беларусь займае 7-е месца і значна, у 2,4 і 2,1 раза, апярэджвае паводле гэтага паказчыку Расею і Ўкраіну. Цяперашняе кіраўніцтва краіны ставіць задачу да 2015 году павялічыць вытворчасьць сьвініны да 630 000 тон у год. Пакуль аб’ёмы ў 1,5 раза меншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG