Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі паўстанцы ўзялі пад кантроль большую частку сталіцы і занялі ўрадавы квартал уключна з рэзыдэнцыяй Муамара Кадафі. Але баявыя дзеяньні ў гэтай краіне працягваюцца. Ці застаюцца ў Лібіі бедларускія грамадзяне? І як рэагуюць на падзеі на радзіме тыя лібійцы, што жывуць у Беларусі?

Амбасада Беларусі ў Лібіі працуе, і сувязь зь ёй ёсьць. Андрэй Мароз, трэці сакратар амбасады Рэспублікі Беларусь у Трыпалі, паведаміў, што ў Лібіі застаюцца каля чатырох дзясяткаў беларускіх грамадзянаў:

«У Трыпалі іх няшмат, менш за 10 чалавек. У іншых месцах працуюць яшчэ 23 грамадзяніна — па прыватных кантрактах, у асноўным мэдыкі.

Карэспандэнтка: «Яны проста ня хочуць зьяжджаць? Здаецца, што ўсё ж такі там небясьпечна…».

«Зараз цягам некалькі сутак не было сувязі. Вядома, сытуацыя — добрага мала, інфармацыя вельмі супярэчлівая і маладаступная. На дадзены момант, у гэтыя хвіліны страляніны не чуваць, у нашым раёне ціха».

Афіцыйнай статыстыкі адносна колькасьці лібійскіх грамадзянаў, якія працуюць ці вучацца ў Беларусі, здабыць не ўдалося. Аднак можна меркаваць, што лік ідзе прынамсі на сотні. Студэнты з поўначы Афрыкі навучаюцца ў шэрагу сталічных ВНУ.

Гутару з начальнікам упраўленьня міжнародных сувязяў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Ганнай Цітовіч.

Карэспандэнтка: «Наагул, колькі ў вас студэнтаў зь Лібіі?»

«18. Але ў нас не студэнты, у нас асьпіранты. Асноўныя спэцыялізацыі — радыётэхніка, тэлекамунікацыі. Яны атрымліваюць міжнародныя навуковыя ступені. У асноўным нашы асьпіранты ўжо ня юныя, шмат хто вучыўся раней яшчэ ў Савецкім Саюзе, хтосьці атрымліваў адукацыю ва Ўкраіне, у Расеі. Практычна ўсе яны расейскамоўныя. На вакацыі яны ня зьехалі, яны зь сем’ямі тут. Яны і раней ня часта і ня ўсе зьяжджалі на вакацыі, нават у спакойныя часы».

Намесьніца дэкана міжнароднага факультэту Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Галіна Мядзьведзь:

«У нас вучыцца чацьвёра лібійцаў — два студэнты і два ардынатары. Але ўсе яны зьехалі дадому на вакацыі».

А вось у Ваеннай акадэміі лібійскіх курсантаў няма, сьцьвярджае намесьнік начальніка па ідэалягічнай працы Аляксандар Груенка:
Мы — законапаслухмяная краіна, лібійцаў у Ваеннай акадэміі няма.

«Ня вучацца ў нас курсанты зь Лібіі. Вы думаеце, што рэзалюцыя ААН у нас не выконваецца? Мы — законапаслухмяная краіна, лібійцаў у Ваеннай акадэміі няма».

Больш за дзясятак асьпірантаў і ў Беларускім унівэрсытэце фізкультуры.

Асьпірант, гімнаст Хатэм родам з лібійскага гораду Бэнгазі, а зь ягоных блізкіх у Трыпалі цяпер родны брат і двое сяброў-асьпірантаў, што зьехалі на вакацыі:
Я рады, што рэзыдэнцыя нашага былога лідэра ўзятая. Дзе ён, праўда, невядома. Магчыма, ён будзе ўжо ў зямлі.

«Я не магу цяпер зьвязацца з Трыпалі, перажываю за сваякоў і ўсіх землякоў. Наша краіна вельмі і вельмі багатая, а бальшыня людзей жыве вельмі бедна. Толькі 10–15% жывуць заможна, маюць добрыя дамы, дарагія аўтамабілі. А астатнія 85% вельмі бедныя. Я рады, што рэзыдэнцыя нашага былога лідэра ўзятая. Дзе ён, праўда, невядома. Магчыма, ён будзе ўжо ў зямлі… Спадзяюся, праз два-тры дні сытуацыя нармалізуецца…».

Хатэму і ягонай жонцы, якая па спэцыяльнасьці стаматоляг і таксама навучаецца ў ардынатуры мэдунівэрсытэту ў Менску, Беларусь вельмі падабаецца, і ім пакуль зусім ня хочацца вяртацца ў Лібію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG