Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Мірзаянава перавялі ў атрад пасьля амаль месяца праверкі


Фёдар Мірзаянаў пераведзены з карантыну ў атрад, паведамілі з Івацэвіцкай калёніі. Да Зьмітра Дашкевіча выправілася адвакат. Мікіта Ліхавід даслаў ліст, якога чакалі некалькі тыдняў. Ад Дзьмітрыя Новіка патрабуюць заяву на кожны тэлефонны званок дамоў. Ад Мікалая Статкевіча няма вестак з пачатку жніўня. Жонка Дзьмітрыя Вуса мае наведаць калёнію, дзе трымаюць мужа.

24 жніўня маці палітвязьня Фёдара Мірзаянава даведалася, што сына нарэшце перавялі з карантыну ў атрад, але дагэтуль невядома, у які:

«Толькі-толькі я патэлефанавала ў калёнію, і мне сказалі, што Фёдара нарэшце перавялі з карантыну ў атрад. Праўда, ня ведаем, у які. Там усяго 3 атрады: у адным палітвязень Павал Вінаградаў, у другім — Эдуард Лобаў, а ў трэцім — Францкевіч. Раней там быў Квяткевіч, а цяпер яго вызвалілі паводле памілаваньня. І вось Фёдар у адным з атрадаў».

Напярэдадні, калі Фёдар яшчэ быў у карантыне, зь ім сустрэўся адвакат. Высьветлілася, што актывіста правяралі розныя адмыслоўцы з адміністрацыі калёніі і гэтым тлумачылі тое, што яго затрымалі ў карантыне амаль на месяц.

У сераду, 24 жніўня, адвакат зноў паспрабуе наведаць палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, паведамляе сайт «Маладога фронту». «Да таго 5 разоў запар адвакаты ня здолелі трапіць да зьняволенага старшыні МФ Зьмітра Дашкевіча, і гэтым разам абаронцы палітвязьня папярэдзілі пра візыт адваката пракуратуру Магілёўскай вобласьці, упраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньня Магілёўскай вобласьці й адміністрацыю папраўчай калёніі № 9 у Горках.

Тэлеграму пра заплянаваную сустрэчу накіравалі таксама Дашкевічу, які цяпер ужо пераведзены ў памяшканьне камэрнага тыпу й можа атрымліваць карэспандэнцыю.

Сёньня ж у калёнію да мужа, экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса, выправілася ягоная жонка Яўгенія. На момант напісаньня рэпартажу «Свабода» ня мела зьвестак, ці ўдалося трапіць у калёнію да палітвязьняў адвакату Дашкевіча і жонцы Вуса.

Пасьля больш як месячнага маўчаньня даслаў ліст дамоў вязень Наваполацкай калёніі Мікіта Ліхавід. Маці актывіста руху «За свабоду» Алена Ліхавід распавяла:
Ён беражэ маю нэрвовую сыстэму і піша, што ў яго ўсё добра, ён здаровы.

«Ён беражэ маю нэрвовую сыстэму і піша, што ў яго ўсё добра, ён здаровы. Што калі я вельмі хвалююся, што такое ПКТ, хай я даведаюся ў кагосьці пра тое, што такое турэмны рэжым. Нічога, маўляў, няма жахлівага».

У лісьце Мікіта Ліхавід пажартаваў з парады маці купляць ёгурты ў турэмнай краме. «Яму ж дазволена траціць у краме толькі 35 тысяч рублёў на месяц. Вядома, якія ёгурты на гэтыя грошы!» — сумна пагаджаецца з сынам маці.

Маці другога палітвязьня, Дзьмітрыя Новіка, занепакоілася, калі сын не пазваніў, як абяцаў, дамоў у мінулую суботу. Натальля Новік дазванілася да начальніка Шклоўскай калёніі, дзе трымаюць сына, і задала пытаньне, чаму ад яго няма званкоў:

«Той кажа: а ваш сын не напісаў заяву на званок. Пытаюся, зь якога часу гэтак, раней жа такога не было? Што, кажу, цяпер заўсёды давядзецца пісаць заяву на кожны званок? Адказвае, што ня ведае. Вось такі незразумелы адказ».

Ад Дзьмітрыя Новіка, аднак, нядаўна маці атрымала ліст. А вось ад Мікалая Статкевіча няма ані лістоў, ані званкоў з 4 жніўня. Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Марына Адамовіч кажа, што зьвестак няма ня толькі ў яе, але і ў бацькі і сяброў Статкевіча, якія таксама пішуць яму рэгулярна.
XS
SM
MD
LG