Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клан Кадафі: апошнім бачылі Сайфа


Сын Муамара Кадафі Сайф аль-Іслам

Сын Муамара Кадафі Сайф аль-Іслам

Муамара Кадафі ня бачылі публічна ад траўня. Упершыню пасьля захопу Трыпалі ён выдаў радыёзварот, у якім зноў заклікаў да змаганьня.

Апошнім на публіцы сэнсацыйна зьявіўся яго сын Сайф аль-Іслам. У першы дзень захопу Трыпалі, калі паведамлялася, што ён арыштаваны паўстанцамі, Сайф аль-Іслам нечакана прыехаў ў браняваным аўтамабілі да гатэлю, дзе жывуць замежныя журналісты і даў ім кароткае інтэрвію.

Зьнікненьне сваіх сямейнікаў з рэзыдэнцыі Баб эль-Азізія Кадафі ў сваім апошнім радыёзвароце назваў “тактычным крокам”. Многія крыніцы гавораць пра існаваньне тунэлю, якім можна было пакінуць рэзыдэнцыю. Згадваецца таксама і таемны бункер пад фэшэнэбэльным гатэлем “Рыксас”: ён можа служыць добрым прыкрыцьцём, бо менавіта тут жывуць замежныя журналісты.

Такім чынам, хаця Трыпалі і ўзяты, ніхто з клану Кадафі не арыштаваны. Паўстанцы ўжо прызналіся, што паведамленьні пра затрыманьне Саіфа аль-Іслама Кадафі было памылкай, якая, аднак, “сыграла ім на руку” і спрыяла далейшаму ваеннаму і палітычнаму посьпеху.

Кадафі жаніўся двойчы і мае восем уласных дзяцей – сем сыноў і дачку. Шлюб зь першай жонкай Фаціхай трываў усяго шэсьць месяцаў, пасьля разводу Кадафі забраў ад яе свайго першага сына Мухамада. Старэйшы сын узначальваў Нацыянальны Алімпійскі камітэт, а таксама кантраляваў пошту і тэлекамунікацыі. Акрамя згаданага ўжо Сайфа аль-Іслама, які лічыўся найбольш верагодным пераемнікам Кадафі, сілавую пазыцыю займаў Мутасім – ён быў асабістым дарадцам бацькі ў галіне бясьпекі

З другой жонкай, Сафіяй ў Кадафі шэсьць сыноў і адна дачка.

Дачка Кадафі Аіша
Адзіная дачка Аіша – юрыст па адукацыі, падчас суду над Садамам Хусэйнам брала ўдзел у яго абароне, пазьней ад імя дабрачыннага фонду ўзнагародзіла ірацкага журналіста, які кінуў чаравік у Дж.Буша.

У канцы траўня сёлета са спасылкай на авіядыспэтчараў адной з краін паўднёвай Эўропы зьявіліся паведамленьні, што самалёт лібійскага дыктатара зрабіў пасадку ў Менску. Беларускі ўрад абверг гэтую інфармацыю. Аднак на Захадзе далей зьяўляюцца паведамленьні, што жонка і дачка Муамара Кадафі тым самалётам прыляцелі ў Беларусь і дагэтуль там застаюцца.
XS
SM
MD
LG