Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін даручыў Міністэрству энэргетыкі і "Газпрому" правесьці перамовы зь беларускім бокам, каб у бліжэйшы час вызначыць паніжальны "інтэграцыйны" каэфіцыент для цаны паставак расейскага газу Беларусі. Афіцыйны Менск з гэтай нагоды выказвае асьцярожную незадаволенасьць.

У афіцыйных беларускіх мэдыях камэнтуюць даручэньне Пуціна пра газавы "інтэграцыйны" каэфіцыент для Беларусі. Старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў, да прыкладу, заявіў, што не адчувае "вялікай эйфарыі". У інтэрвію "Свабодзе" эканаміст Георгі Грыц паўтарыў пазыцыю, выказаную ім па беларускім тэлебачаньні. Ці насамрэч "паніжальны" каэфіцыент — гэта тое, чаго чакала Беларусь?

Пытаньне не зусім адпавядае фармату міжнародных пагадненьняў
"Хутчэй за ўсё, тут ня трэба займацца самадзейнасьцю. А ёсьць фармат, які падпісалі не Беларусь з Расеяй, а які падпісалі тры краіны — гэта адзіная эканамічная прастора. І ў фармаце адзінай эканамічнай прасторы ніякія паніжальныя каэфіцыенты, ніякія цэны па нейкім самастойным фармаце не прадугледжваюцца. Гэта ёсьць такі парамэтар — роўнадаходная цана. Цана пастаўшчыка мінус транспартныя выдаткі. Таму калі казаць пра Смаленскую вобласьць, то там цана прыкладна 150 даляраў, а ў нас — каля 240 даляраў. Таму ў прынцыпе гэта нібыта ня тое. З такім жа посьпехам можа прад'явіць свой інтэграцыйны каэфіцыент Казахстан, дапусьцім, па нафце. Тут пытаньне не зусім адпавядае фармату міжнародных пагадненьняў".

Паводле спадара Грыца, афіцыйны Менск жадае роўнадаходных з Расеяй цэнаў з 2012 году. Бо калі Беларусь апынецца ў адзінай эканамічнай прасторы, "трэба раўнацэнна падтрымліваць усіх вытворцаў усіх трох краін".

Нават прыблізна нельга цяпер сказаць, ува што гэта можа выліцца
Экспэрт расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін пакуль не бярэцца прадказаць, ці будуць простымі газавыя перамовы зь Беларусьсю, якія пачаліся амаль за чатыры месяцы да заканчэньня дзейнага газавага кантракту. Пакуль няма ніякага ўяўленьня пра памеры "інтэграцыйнага" каэфіцыенту.

"Нават прыблізна нельга цяпер сказаць, ува што гэта можа выліцца. І што гэта наагул такое. Бо адзіная эканамічная прастора, Мытны саюз — і раптам нейкія каэфіцыенты. Хутчэй за ўсё, гэта будзе прадмет палітычнай дамоўленасьці".

Ці азначае слова "інтэграцыйны" тое, што Беларусь павінна будзе плаціць палітычнымі саступкамі? Спадар Круціхін сказаў:

"Я думаю, што беларускі бок будзе вымушаны плаціць"Газпрому" за газ у выглядзе больш-менш ільготнай цаны на астатнія актывы "Белтрансгазу". Вось калі яны атрымаюць усё ў сваё распараджэньне, то гэта можа азначаць канец нейкім спрэчкам. І перанос торгу ў іншую плоскасьць. З газавай — у іншую".

Спадар Круціхін мяркуе, што Беларусь можа разьлічваць на невялікую зьніжку. Улічваючы, што расейскі бок плянуе ў 2012 годзе падняць тарыфы на газ, у канчатковым варыянце цана на газ для Беларусі можа вырасьці, а не скараціцца.

Паводле эканаміста Міхася Залескага, цана на газ ад 1 студзеня для Беларусі будзе вышэйшай, чым цяпер. Заявы пра паніжальны інтэграцыйны каэфіцыент ён называе перадвыбарчай піяр-акцыяй, якая да эканомікі ня мае ніякага дачыненьня.

"Расея ніколі і нічога не субсідзіруе. Яна даўно і пасьлядоўна купляе ў Беларусі тое, што ёй трэба. Яна купіла сабе ляяльнасьць Лукашэнкі. Яна купіла сабе адзіную сыстэму СПА, дарогу на Калінінград, мяжу, ваенныя базы. Ніякіх субсыдыяў нам ніхто ні капейкі ня даў. Такога не бывае ў палітыцы і эканоміцы, каб карміць 10 мільёнаў дармаедаў з братэрскай любові. Уся гэная ідэя пра субсыдыі — таксама расейская піяр-акцыя. Ёсьць сабачка ў чалавека, ён яго корміць, каб той брахаў на суседзяў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG