Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У момант абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году журналіст Віталь Цыганкоў знаходзіўся ў Авальнай залі.

Цыганкоў: «У момант надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету, якая абвясьціла Дэклярацыю аб незалежнасьці канстытуцыйным законам, я быў парлямэнцкім карэспандэнтам газэты “Знамя Юности”.

Калі зараз паспрабаваць узгадаць тыя моманты, тыя эпізоды, якія найбольш захаваліся ў памяці, то ў мяне атрымаецца такая карціна.

Па-першае, памятаю, калі здавалася, што сэсія ўжо закончылася, што дэпутаты ўжо зьбіраюцца разыходзіцца, бярэ слова Зянон Пазьняк і вельмі эмацыйна заклікае прыняць Дэклярацыю аб суверэнітэце канстытуцыйным законам.

І Пазьняк прывёў такую матывацыю, што, маўляў, каманда Ельцына зараз адзінаасобна кіруе сытуацыяй і ня будзе зьвяртаць ніякай увагі на Беларусь, пачне дыктаваць свае правілы, калі мы ня станем незалежнымі. Натуральна, гэта было накіравана на тую самую намэнклятурна-камуністычную большасьць і натуральна, што гэта вельмі добра спрацавала: яны вельмі ўхвальна загудзелі, пачуліся крыкі – “сапраўды так”, “трэба”.

І гэтая матывацыя Пазьняка спрацавала -- рашэньне было прынятая вельмі хутка, фактычна бяз нейкіх спрэчак.

Таксама памятаю размовы ў кулюарах, калі Аляксандр Лукашэнка не хацеў выходзіць з партыі, з КПБ. Як вядома, адразу пасьля путчу дзейнасьць КПБ была "часова прыпыненая". Адразу пачаліся масавыя выхады з партыі дэпутатаў, якія заяўлялі, што яны больш не зьяўляюцца сябрамі КПСС. А вось Лукашэнка ўсё вагаўся. Я ўзгадваю карціну, калі Даўгалёў кажа яму: “Ну Аляксандр, ну ты ж павінен хутчэй за іншых прыняць гэтае рашэньне…” А ён усё неяк адмоўна хітае галавой, ён з гэтым нязгодны. І сапраўды, Лукашэнка фактычна да апошняга цягнуў з гэтым рашэньнем.

Таксама вельмі добра памятаю, як абкружылі Малафеева, тагачаснага кіраўніка КПБ, які выйшаў на трыбуну, а дэпутаты апазыцыі БНФ не давалі яму сказаць і, як пра гэта часта пішуць, сьцягнулі яго з трыбуны. Але фактычна сышоў ён сам, фізычнага кантакту не было, хаця сапраўды вельмі блізка стаялі да яго і крычалі і Галіна Сямдзянава, і яшчэ некаторыя дэпутаты. І ён, спалохаўшыся, пачырванеўшы, сышоў з гэтай трыбуны. І гэта быў магчыма, пераломны момант. Бо ў адрозьненьні ад меркаваньня, што гісторыя павінна пайсьці менавіта такім чынам і гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, тады было некалькі момантаў, калі перамога дэмакратыі і незалежнасьці не здавалася такой відавочнай, калі ўсё магло пайсьці назад.

Ну і калі ўжо Незалежнасьць была абвешчаная, і на плошчы Незалежнасьці стаяў увесь час народ – 20-30 тысячаў, памятаю, як дэпутаты выйшлі да людзей… І сярод розных прамоваў мне чамусьці найбольш запомнілася, як Пятро Садоўскі сьпяваў народныя песьні…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG