Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ на гэтае пытаньне спрабавала знайсьці інтэрнэт-выданьне “Завтра твоей страны”. Паводле выданьня, самыя вялікія заробкі атрымліваюць людзі, якія працуюць у сфэры кампутарных тэхналёгіяў.

На фоне агульнага сярэдняга падзеньня заробкаў у даляравым эквіваленце ніжэй за ровень 500 даляраў застаюцца віды эканамічнай дзейнасьці, дзе заробная плата нават пасьля дэвальвацыі ў сярэднім усё яшчэ перавышае гэтую мяжу. Лідэрам па выніках чэрвеня стала ІТ-сфэра.

У чэрвені ў цэлым па краіне налічаны сярэдні заробак складаў 1.782,9 тысяч рублёў. Па курсе 5 тысяч рублёў за даляр гэта складае 357 даляраў, што ніжэй за заробак на канец мінулага году на 173 даляры (на 37%). Па курсе “чорнага” рынку (да канца чэрвеня каля 6300 рублёў за даляр) падзеньне даляравага заробку за паўгоду склала амаль 50% (280 даляраў).

Але і пасьля дэвальвацыі захаваліся яшчэ астраўкі 500-даляравага заробку, калі разьлічваць яго па афіцыйным курсе.

Хто застаўся «багатым»

Лідэрства па выніках чэрвеня трымае сфэра ІТ, або “дзейнасьць, зьвязаная з вылічальнай тэхнікай”. Паводле зьвестак Белстату, заробак за чэрвень у гэтым сэктары склаў 4789,6 тысяч рублёў, што па курсе 5000 роўна 958 далярам.

Па зьвестках сайту www. Dev.by, які маніторыць заробак у ІТ-сектары на аснове добраахвотна запоўненых анкет наведнікаў, ён яшчэ вышэйшы і ў чэрвені складаў 1.244 даляры.

Праўдападобна, у гэтым выпадку гаворка ідзе не пра ўсіх “айтышнікаў”, а ў большай ступені пра супрацоўнікаў Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ), дзе аснову заробку складаюць экспартаарыентаваныя праекты. Пры гэтым кампаніі-рэзыдэнты ПВТ вызваленыя ад абавязковага продажу валютнай выручкі на біржы, гэта значыць мелі магчымасьць прадаваць яе па “рынкавым” курсе. Сюды таксама варта дадаць ільготны парадак падаткаабкладаньня.

На фоне двухзначнай інфляцыі і дэвальвацыі ў ІТ-сэктары забясьпечаны самы высокі прырост рэальнага заробку. У адносінах да чэрвеня мінулага году ён павялічыўся амаль на 30%, у адносінах да сьнежня 2010 году – на 18,5%.

Аднак нават тут назначылася тэндэнцыя да зьніжэньня – з траўня па чэрвень зафіксавана падзеньне рэальнага заробку ў гэтым сэктары на 2,7%.

Тым ня менш “айтышнікі”, якія па выніках 2009 году былі толькі трэція ў топе 500-даляравых заробкаў, сёньня зь вялікім адрывам апярэджваюць іншых лідэраў па зарплаце.

Другое месца з заробкам 663 даляры (3316,1 тыс. рублёў) займае трубаправодны транспарт (гэта значыць тыя, хто пампуе нафту, нафтапрадукты і газ). Прычыны захаваньня высокіх заробкаў усё тыя самыя: аснова выручкі – валюта плюс наяўнасьць ільгот па яе абавязковым продажы, прынамсі ў чэрвені яны яшчэ былі ў некаторых прадстаўнікоў гэтай сфэры дзейнасьці.

Таксама застаюцца вышэйшымі за 500 даляраў заробкі прафэсарска-выкладчыцкага складу – 2928 тыс. руб. (585 даляраў).

Ледзь астаюцца заробкі работнікаў фінансавай сфэры – 2900 тыс. рублёў (580 даляраў). Крыху больш – 2983 тыс. руб. (596 даляраў) – атрымліваюць тыя, хто займаецца фінансавым пасярэдніцтвам.

Работнікі паветранага транспарту атрымліваюць у сярэднім 2880 тыс. рублёў (576 даляраў).

Замыкаюць групу шчасьліўцаў, якія маюць заробак, вышэйшы за 500 даляраў, работнікі горназдабыўной прамысловасьці з заробкам 2535,6 тыс. руб. (507 даляраў).

Ніжэй за 500 даляраў складае заробак дактароў – 2497 тыс. рублёў – і прадстаўнікоў навукі і дасьледаваньняў – 2467 тыс. рублёў. Сярэдні заробак настаўнікаў склаў 1572 тыс. рублёў (крыху вышэй за 300 даляраў).

Калі ж пералічыць заробак беларусаў па курсе «чорнага» рынку, то, на жаль, апынецца, што вышэй за 500 даляраў атрымліваюць толькі “айтышнікі” і тыя, хто “сядзіць на трубе”. Зрэшты, апошнія рызыкуюць выпасьці з топу ўжо ў ліпені-жніўні ў сувязі з рэзкім ростам ценявога курсу даляра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG