Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходні друк шырока камэнтуе цяперашнюю фазу змаганьня ў Лібіі. Большасьць выданьняў мяркуе, што назіраецца агонія рэжыму і разважаюць пра пэрспэктывы краіны пасьля Кадафі.

Sueddeutsche Zeitung


Усё гаворыць пра тое, што рэжым самога ганарыстага з усіх славалюбных арабскіх дыктатараў блізкі да падзеньня. Праз 42 гады кіраваньня Кадафі ў лібійцаў зьявіўся рэальны шанец выбудаваць грамадзтва, якое магло б служыць прыкладам усяму арабскаму сьвету. Краіна багатая: пры жыхарстве ўсяго толькі 6 млн. чалавек у нетрах лібійскай зямлі ўтойваюцца незьлічоныя нафтавыя скарбы. Захад аднадушна падтрымлівае паўстанцаў, многія арабскія дзяржавы таксама выказваюць ім падтрымку. Нават ня схільныя да прыняцьця хуткіх рашэньняў Расея і Кітай зробяць усё магчымае, каб дапамагчы аднавіць краіну, не забываючыся пры гэтым і на сваю выгаду.
Ні самі лібійцы, ні міжнародная супольнасьць ня ведаюць, чаго чакаць ад лідэраў паўстанцаў...

Аднак ні самі лібійцы, ні міжнародная супольнасьць ня ведаюць, чаго чакаць ад лідэраў паўстанцаў. У Эгіпце праз паўгоду пасьля зьвяржэньня Хосьні Мубарака расчараваныя у рэвалюцыйных ідэалах эгіпцяне – замест таго каб разьбірацца з спадчынаю дыктатара – актыўна пераключыліся на вонкавага ворага – Ізраіль.

Тhe New York Times


ЗША шукаюць спосабы фінансаваньня новых лібійскіх лідэраў. Адміністрацыя Абамы не размарозіць рахункаў Лібіі, пакуль не пераканаецца, што палкоўнік Кадафі і яго прыхільнікі страцілі доступ да лібійскай фінансавай сыстэмы. Паводле ацэнак, гаворка ідзе пра 37 млрд. даляраў.

Для размарожваньня ў ЗША актываў лібійскай дзяржавы і сям'і Кадафі неабходна ўрэгуляваць шэраг юрыдычных праблем. Паўстае пытаньне, хто будзе мець доступ да вяртаньня актываў, растлумачылі амэрыканскія чыноўнікі. Трэба таксама ўлічыць, што санкцыі ААН дзеюць дагэтуль.

The New York Times


Падзеі апошніх двух дзён ізноў спараджаюць паралелі з Садамам. Кадафі, як і ірацкі лідэр у 2003 годзе, пакляўся разьбіць ворага каля брамы сваёй сталіцы, але вонкавы круг абароны паваліўся пад націскам паўстанцаў і бомбамі НАТО.
Што, калі Лібія, як і Ірак, пасьля скіданьня дыктатара занурыцца ў бездань братазабойства і грамадзянскай вайны...

А што, калі Кадафі, зноў жа на прыклад Садама, здаў паўстанцам частку сталіцы знарок, каб завабіць іх у пастку? Ці ён задумаў зацяжны канфлікт тыпу ірацкага, дзе інсургентаў не здушылі да гэтага часу? Гэты сцэнар страшыць заходніх лідэраў і навявае ім яшчэ больш кашмарныя прадчуваньні. А можа, абвясьціўшы пра намер зрынуць Кадафі і падаўшы для гэтага вырашальную вайсковую сілу, яны ўсяго толькі адчынілі “скрыню Пандоры”? Што, калі Лібія, як і Ірак, пасьля скіданьня дыктатара занурыцца ў бездань братазабойства і грамадзянскай вайны і Захад будзе ўцягнены ў хаос?

The New York Times


У Трыпалі яшчэ працягваюцца баявыя дзеяньні, а змаганьне за доступ да лібійскіх нафтавых запасаў ужо распачалося. Краіны Захаду, асабліва тыя, што забясьпечвалі паветраную падтрымку лібійскіх паўстанцаў, хочуць гарантаваць сваім кампаніям прыярытэтныя пазыцыі пры здабычы лібійскай нафты.

Пакуль што незразумела, ці будзе ўрад паўстанцаў выконваць кантракты, падпісаныя рэжымам Кадафі, і які падыход яно абярэ пры перамовах аб новых пагадненьнях аб падзеле прадукцыі з кампаніямі, што хочуць інвэставаць ва ўжо існыя нафтавыя палі і ў выведваньне новых. Яшчэ да захопу ўлады паўстанцы давалі зразумець, што не забудуць, хто іх сябры, а хто ворагі, і перамовы будуць весьці адпаведна. “У нас няма праблем з такімі заходнімі краінамі, як Італія, Францыя і Вялікая Брытанія, – кажа прадстаўнік падкантрольнай паўстанцам нафтавай кампаніі Agoco Абдэльджаліль Маюфа. – Але з такімі краінамі, як Расея, Кітай і Бразылія, могуць узьнікнуць некаторыя палітычныя праблемы”.
Для аднаўленьня нафтаздабычы ў поўным аб'ёме Лібіі можа спатрэбіцца ня менш як год...

Палкоўнік Кадафі быў складаным партнэрам для міжнародных нафтавых кампаніяў, паколькі часта ўздымаў стаўкі і мыты і вылучаў іншыя патрабаваньні. Новы ўрад, які мае шчыльныя сувязі з НАТО, можа стаць больш згаворлівым партнэрам для заходніх краін.

Аднак спачатку паўстанцам трэ будзе ўмацаваць кантроль над краінаю, бо ва ўмовах нестабільнасьці кампаніі ня змогуць накіраваць у Лібію сваіх супрацоўнікаў. Паводле экспэртных ацэнак, для аднаўленьня нафтаздабычы ў поўным аб'ёме Лібіі можа спатрэбіцца ня менш як год, хоць часткова экспарт можна аднавіць ужо праз пару месяцаў.
Палітычныя забурэньні ў Іране на дзесяцігодзьдзі зьнізілі аб'ёмы здабычы, а ірацкая нафтавая галіна аднавілася пасьля амэрыканскага ўварваньня толькі праз восем гадоў.

El País


Рэжым палкоўніка Кадафі паў. Паўночнаатлянтычны альянс адыграў ключавую ролю, схіліўшы вагі на бок паўстанцаў. Можна прадбачыць, што пасьля перамогі ў Лібіі рэвалюцыйнай хвалі ў рэгіёне будзе дадзены новы імпульс, і рэжым Башара Асада ў Сырыі чакае аналягічная доля.
Пасьля перамогі ў Лібіі рэвалюцыйнай хвалі ў рэгіёне будзе дадзены новы імпульс...

Міжнародная супольнасьць прыняла правільнае рашэньне, рэалізаванае сіламі НАТО з ухвалы ААН.

Цяпер перад Лібіяй стаіць складаная задача: арганізаваць грамадзянскае кіраўніцтва. Годны захапленьня вычын лібійцаў будзе бессэнсоўны, калі лідэры паўстанцаў паддадуцца спакусе вытлумачыць паўстаньне як шлях да зьмены пэрсанажаў у кіроўчых вярхох, а не да радыкальных пераменаў у сыстэме.

Le Mond


Нягледзячы на былую крытыку ініцыятывы па фармаваньні міжнароднай кааліцыі, якая правяла вайсковае ўмяшаньне ў Лібіі, у панядзелак Нікаля Сарказі дамогся дружнай авацыі за сваё рашэньне, у тым ліку і ў лягеры апазыцыі.

Францыя і Вялікая Брытанія сталі галоўным рухавіком у прыняцьці рэзалюцыі 1973, якая дазволіла ўжываньне сілы з паветра, але забараніла высадку наземных войскаў. Рэзалюцыя была прынятая, нягледзячы на незадаволенасьць Нямеччыны і відавочныя ваганьні ЗША. Акрамя таго, Нікаля Сарказі ўдалося пераканаць Маскву і Пэкін (пры іх нэгатыўным стаўленьні да апэрацыі) не выкарыстоўваць права вэта ў Радзе бясьпекі.

У Элізэйскім палацы не перастаюць нагадваць пра тое, што кіраўнік дзяржавы тройчы сустракаўся ў Парыжы з прадстаўнікамі Нацыянальнай рады Лібіі, першы сярод усіх сусьветных лідэраў запатрабаваў сыходу палкоўніка Кадафі (25 лютага), а таксама першы прызнаў Нацыянальную раду ў якасьці “прадстаўніка” лібійскага народу і на просьбу філёзафа Бэрнара Анры-Леві адправіў у Бэнгазі пасла, засьпеўшы тым самым зьнянацку нават уласнае замежнапалітычнае ведамства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG