Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца, якая ня вабіць


Нягледзячы на крызіс, абвесткі з прапановамі працы ў беларускіх гарадах можна сустрэць на кожным кроку. Найчасьцей запрашаюць муляраў, бэтоньнікаў, тынкароў, электрыкаў, швачак, прадстаўнікоў іншых рабочых спэцыяльнасьцяў… Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у сярэднім на 10 працоўных вакансіяў цяпер прыпадае 5 беспрацоўных. Чаму людзі не ідуць на гэтыя месцы і дзе яны шукаюць працу?

ВІЦЕБШЧЫНА


Малыя заробкі правакуюць вялікую цякучасьць кадраў

Людзі, якія шукаюць працу, найчасьцей бяруць інфармацыю з абвестак ды «бягучага радка» на мясцовым тэлеканале. Такім чынам шукаў сабе працу жыхар Віцебску спадар Уладзімер, які застаўся беспрацоўным у 55 год:

«Я гляджу па тэлевізары «бягучы радок». Шукаў працу работніка па абслугоўваньні памяшканьняў ці вартаўніка. І глядзеў, які прапануюць заробак. Усе пішуць «дастойны», а што гэта такое, я ня ведаю. Трэба тэлефанаваць і ўдакладняць. Спачатку мне сказалі, што 900 тысяч, а як прыехаў на месца, ужо кажуць, што будзе меней…»

500-600 тысяч у сярэднім прапануюць за працу рознарабочага. Такія вакансіі заўжды ёсьць, кажа спадар Уладзімер:

«Калі табе тэрмінова патрэбная праца, то ты безь яе не застанесься — за што-небудзь ды ўчэпісься. Адно што яна будзе малааплатная. Ну што ты купіш цяперашнім часам за 500 тысяч?»

Да ўсяго, малыя заробкі правакуюць вялікую цякучку кадраў. Так, нядаўна з крамаў сеткі «Віцебскія прадукты» звольнілася шмат касіраў, яны перайшлі ў супэрмаркет «Карона». Цяпер «Віцебскія прадукты» зноў шукаюць работнікаў, абяцаючы касірам заробак 1 мільён рублёў.

Сярод беспрацоўных — былы кандыдат на прэзыдэнта

Былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Сяргей Рыжоў стаў беспрацоўным на пачатку лютага гэтага году. Ён працаваў начальнікам сэктару замежнаэканамічнай дзейнасьці пладова-гародніннага камбінату «Ноўка». Цяпер чалавека з выразнымі апазыцыйнымі поглядамі працадаўцы не бяруць, хоць ён ужо паўгоду стаіць на ўліку ў абласным цэнтры занятасьці:
Пры мне жанчыну накіроўвалі мыйшчыцай посуду за 450–500 тысяч! І гэта калі мяса ў нас каштуе 50 тысяч рублёў за кіляграм.

«Я ні разу не адмаўляўся ад накіраваньняў, ішоў нават на заробак 450 тысяч рублёў начальнікам аддзелу эканомікі ў рачны порт „Віцебск“. Але магу сказаць са свайго досьведу, што на біржы працы ёсьць вакансіі з заробкам 350–400 тысяч рублёў! Пры мне жанчыну накіроўвалі мыцелькай посуду за 450–500 тысяч! І гэта калі мяса ў нас каштуе 50 тысяч рублёў за кіляграм, а сухая кілбаса падбіраецца да кошту 100 тысяч».

Паводле Сяргея Рыжова, шмат якія вакансіі «вісяць» гадамі, бо людзі не ідуць працаваць на такія нізкія заробкі. І бачаць альтэрнатыву хіба ў тым, каб зьехаць у суседнюю Расею:

«Беларусь ператварылася ў краіну кінутых сем’яў. Ці то жонкі едуць працаваць у Маскву хатнімі работніцамі, ці то мужы іхныя едуць на будоўлі, а жонкі сядзяць зь дзецьмі… Да канца году, прагназуецца, зь Беларусі зьедзе каля мільёна чалавек — у пошуках лепшага жыцьця ды працы».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Неадпаведнасьць ставіць у тупік

У гомельскіх СМІ таксама багата аб’яў пад загалоўкам: «На сталую працу патрабуюцца…». У прыватнасьці, завод ліцьця і нармаляў шукае электрагазазварачнікаў, наладчыкаў, сьлесараў, мантажнікаў. Калінкавіцкі рамонтна-мэханічны завод мае патрэбу ў інжынэрах-канструктарах і тэхнолягах, токарах, фрэзэроўніках.

Будаўнічым арганізацыям бракуе муляраў, тынкароў, бэтоньнікаў. Сельскай гаспадарцы патрабуюцца вэтэрынары, эканамісты, жывёлагадоўцы, кіроўцы, трактарысты. Словам, працуй — не хачу.

Чаму ж людзі не сьпяшаюцца на працу, а арганізацыі вымушаны заяўляць пра свае кадравыя патрэбы ў сродках масавай інфармацыі?

Адзін з гомельскіх эканамістаў мяркуе, што гэтая сытуацыя зьвязаная з падзеньнем у грамадзтве матывацыі да працы. Цяпер і рабочы, і пэнсіянэр атрымліваюць свой мільён «зайцоў», які, аднак, не забясьпечвае дабрабыту:
Цэны вельмі шпарка растуць, а заробкі застаюцца на месцы ці нават падаюць.

«Жыцьцёвы ўзровень залежыць ад цэнаў і ад заробкаў. Цэны вельмі шпарка растуць, а заробкі застаюцца на месцы ці нават падаюць. Жыцьцёвы ўзровень істотна пагоршыўся, і таму наяўныя прапановы не вырашаюць тых праблем, якія паўстаюць перад чалавекам, калі ён уладкоўваецца на працу. Ня вабяць прапановы, карацей кажучы. Цяпер наагул панізіўся кошт працоўнай сілы. Шмат людзей ці ў Расею едзе — гэта прывабна стала, ці шукае якія-кольвечы іншыя шляхі выйсьця з сытуацыі».

48-гадовы токар Уладзімер, які ў свой час працаваў у аб’яднаньні «Гомсельмаш», кажа: нізавошта б не хацеў вярнуцца на тутэйшы завод. Суседняя Расея прапануе больш выгадныя ўмовы працы, і на пачатку верасьня ён зноў туды паедзе:

«У межах паўтары тысячы даляраў я магу зарабіць на заводах Масквы. Прапануюць інтэрнат, сацыяльны пакет — калі ласка. Усё легальна. Можна ехаць у Кастраму, Архангельск, Піцер. Многія гуртуюцца па трое і зьяжджаюць».

Сёй-той са знаёмых нашага суразмоўцы таксама робіць у суседняй дзяржаве, але не на заводах, а на будоўлях:

«Знаёмыя мае на будоўлях па 60–70 тысяч „расеі“ зарабляюць. Яны пазвальняліся — і ўсе туды. У вагончыках жывуць, як і належыць. Прыяжджаюць туды вахтавым мэтадам».
Палова прапанаванага мне заробку пойдзе на камунальныя плацяжы.

38-гадовая жыхарка абласнога цэнтру спадарыня Ірына, прадавачка па спэцыяльнасьці, шукае сабе працу празь біржу:

«Вакансіяў вельмі шмат, але заробкі не дазваляюць уладкоўвацца. Палова прапанаванага мне заробку пойдзе на камунальныя плацяжы. Гэтая неадпаведнасьць ставіць у тупік».

Ірына кажа, што дэкляраванага ўладамі заробку ў эквіваленце 500 даляраў ніхто зь яе знаёмых і блізка не атрымлівае:

«Сярод маіх знаёмых 500 даляраў ніхто не атрымлівае».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Да Дня беларускага пісьменства Ганцавічы рыхтуюць «чужыя» будаўнікі, бо мясцовыя — на заробках у Расеі.

Паводле афіцыйных зьвестак, узровень беспрацоўя на Берасьцейшчыне складае 0,8 адсотка. Але ўсе ведаюць, што схаванае беспрацоўе значна большае. Ня ўсе беспрацоўныя ідуць рэгістравацца ў цэнтар занятасьці.

Найбольш запатрабаваныя на Берасьцейшчыне спэцыялісты будаўнічых прафэсіяў.

Самая праблемная сытуацыя склалася ў Ганцавіцкім раёне. Каб падрыхтаваць Ганцавічы да Дня беларускай пісьменнасьці, сюды прывезьлі будаўнікоў зь дзясяткаў арганізацый Берасьцейшчыны.

Тынкарка Ганна з Івацэвічаў робіць у Ганцавічах на рэканструкцыі ўнівэрмагу. Кажа, што, нягледзячы на аўральныя тэмпы працы, плацяць тут няшмат:

Спадарыня: «Крыху больш за мільён — мільён дзьвесьце. У гэтым месяцы атрымалі паўтара. Але сказалі, што будзем сядзець на голых тарыфах, бо грошы ўжо павыбіралі ўсе, якія магчыма было».
Cказалі, што будзем сядзець на голых тарыфах, бо грошы ўжо павыбіралі ўсе, якія магчыма было.

А вось будаўнікі з Ганцаўшчыны цураюцца працаваць на радзіме. Традыцыйна склалася, што з Ганцаўшчыны вельмі шмат майстроў будаўнічай справы зьяжджаюць на заробкі за мяжу, пераважна ў Расею. Як кажа жыхар Ганцавічаў Пётар Гузаеўскі, у валютны крызіс гэтая практыка пашырылася яшчэ больш:

«У Ганцавічах цяпер столькі будаўнікоў з усяго рэгіёну, што яны, як кажуць, сядзяць адзін у аднаго на галовах. Але сярод колькіх тут соцень будаўнікоў — ганцавіцкіх вы наўрад ці знойдзеце хоць дзясятую частку. Таму што большасьць зь іх едзе ў Расею зарабляць. Улічваючы падзеньне курсу беларускага рубля, вядома ж, выгадней працаваць у Расеі. Нават нейкі падсобны рабочы там атрымлівае тысячу даляраў. Пералічыце па неафіцыйным курсе, які цяпер ёсьць, — гэта недзе сем-восем мільёнаў рублёў. Нават калі па афіцыйным — пяць мільёнаў — то такія заробкі ў Ганцавічах нікому і ня сьніліся».

Спадар Гузаеўскі кажа, што сёньня менавіта гэтыя будаўнікі, якія працуюць у Расеі, — асноўныя здабытчыкі валюты для Ганцаўшчыны. Пяцьсот будаўнікоў, якія, паводле прыблізных падлікаў, штогод працуюць у Расеі, прывозяць на радзіму фактычна шэсьць мільёнаў даляраў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Польскі напрамак менш папулярны за расейскі

Тэарэтычна жыхары Горадні маюць пэўную перавагу ў справе працаўладкаваньня. Асабліва гэта тычыцца тых, хто мае «карту паляка».

Аднак статыстыка сьведчыць, што за паўгоду сёлета атрымалі дазвол на працу ў Польшчы больш чым на шэсьць месяцаў 750 беларусаў, а, напрыклад, віетнамцам за той жа час выдалі 1200 такіх дазволаў. На першым месцы ўкраінцы: афіцыйна дазволілі працаваць у Польшчы 6900 жыхарам Украіны.

Гарадзенец Анджэй Пісальнік, які працуе карэспандэнтам польскай газэты «Rzeczpospolita» ў Беларусі, кажа, што ня мае знаёмых, якія б уладкаваліся на працу ў суседняй краіне:

«Тэарэтычна я ведаю, што „карта паляка“ нібыта дазваляе працаваць у Польшчы, але нейкіх канкрэтных выпадкаў я ня ведаю. Ведаю людзей, якія празь мяжу нешта вазілі, але ці цяпер гэта магчыма? Улічваючы абмежаваньні з палівам… Але я за гэтай тэмаю не сачыў».

Тым часам рэальна можна пачуць, што гарадзенцы па-ранейшаму езьдзяць на працу ў Расею. Чаму «польскі напрамак» застаецца ў гарадзенцаў значна менш папулярным?

Пісальнік: «Перадусім, калі ўладкоўвацца на кваліфікаваную працу, то трэба добра ведаць мову. Мясцовыя палякі, можа, ведаюць польскую мову, але на ўзроўні такім побытавым. Гэта таксама можа ўплываць: моўны бар’ер — важны фактар. А з расейскай мовай ніхто праблемаў ня мае. Усходні кірунак больш папулярны, больш цікавы для беларусаў».
Былых парушальнікаў зноў наймаюць, бо сыходзяць прафэсіяналы.

Cтаршыня Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч лічыць, што пакуль рост беспрацоўя стрымліваецца, бо працягваецца дзяржаўная падтрымка прадпрыемстваў. Таксама суразмоўца спасылаецца на прыклады, калі прамысловыя прадпрыемствы Беларусі зноў наймаюць на працу сваіх былых працаўнікоў, звольненых раней за прагулы, п’янку ці яшчэ якія парушэньні:

«Былых парушальнікаў зноў наймаюць, бо сыходзяць прафэсіяналы. Трэба чакаць, як гэта нэгатыўна адаб’ецца на якасьці прадукцыі, працоўнай дысцыпліне і г.д.

За мізэрны заробак ніхто годны працаваць ня будзе. І калі цяперашняя ўлада не разумее гэтага, то, як кажуць, яна рые яму пад сябе.

Працадаўцы з Расеі скарыстоўваюць цяжкасьці беларусаў. У сваю чаргу, кіраўніцтва Беларусі таксама прыніжае тутэйшых. Выціскае іх у Расею, бо там плацяць няхай і 500 даляраў, але гэта больш, чым 150 даляраў, якія маюць цяпер у Беларусі. І людзі зьяжджаюць адсюль, бо ня вераць у лепшую будучыню, калі можна будзе спакойна працаваць і быць спакойным за сваю сям’ю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG