Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Богданас: Літоўскія чыноўнікі парушылі дамову аб прававой дапамозе


Рамунас Богданас, аглядальнік інфармацыйнага парталу delfi.lt, былы дараднік Вітаўтаса Ландсьбергіса, аналізуе дэталі "справы Бяляцкага" і прыходзіць да высновы, што літоўскія чыноўнікі, адказваючы на запыт аб банкаўскіх рахунках кіраўнікоў "Вясны", выйшлі за прававыя межы.

Тое, што з-за дзеяньняў літоўскіх чыноўнікаў Алесь Бяляцкі апынуўся за кратамі, можна ацэньваць і як памылку, і як злачынства; і як выпадковасьць, і як заканамернасьць. На гэтае здарэньне можна паглядзець і з боку дзеяньняў пацярпелага, аднак адказу адтуль прынамсі цяпер мы не дачакаемся.

У мяне ўзьнікаюць пытаньні, чаму А.Бяляцкі, ужо пасьля азнаямленьня з абвінавачаньнямі, якія яму пагражаюць, быў спакойна выпушчаны зь Беларусі, чаму, пабыўшы ва ўмоўна бясьпечнай Вільні, ён вярнуўся і трапіў проста на цьвёрдыя нары, дзе яму, магчыма, давядзецца правесьці доўгія сем гадоў?

Можа, ён не ацаніў небясьпекі – пасьля вялікага досьведу кантактаў з пацярпелымі ад Аляксандра Лукашэнкі гэта б магло сьведчыць пра яго бясконцую наіўнасьць. Можа, ён прагнуў публічнага працэсу, падчас якога мог бы дэмаскаваць ліхадзействы ўлады – толькі хто забясьпечыць, каб працэс быў публічны? Ну, а калі працэс і будзе публічны, дык не на тое, каб трансьляваць ягоныя ідэі, а каб публічна назваць фінансавых спонсараў праваабаронцы.
Бяляцкі сядзіць у краіне, дзе са зьняволенымі абыходзяцца як уздумаецца ўладзе.

Нават калі б спадарыня Аўшра Бярнацене зь Міністэрства юстыцыі (МЮ), якая паставіла подпісы ў гісторыі зь перадачай банкаўскіх зьвестак Бяляцкага і Стэфановіча, напісала яму ліст з прабачэньнямі і спыталася: «Чаму, паважаны змагар, ты палез ваўку ў пашчу?», адказу яна не дачакалася б, бо ліст недзе б згубіўся. А.Бяляцкі сядзіць у краіне, дзе са зьняволенымі абыходзяцца як уздумаецца ўладзе. Адвакат, які трапіў да яго праз два тыдні пасьля затрыманьня, засьведчыў, што А.Бяляцкага трымаюць у поўнай ізаляцыі, дагэтуль яму не перададзеныя нават лісты ад жонкі. Таму пакінем гэты пытальнік у паветры і пашукаем тых адказаў, якія можна знайсьці ў нашым агародзе.

Інфармацыю пра рахункі мелі банкі. Абодва яны скандынаўскія, SEB належыць швэдам, а DnbNord – нарвэжцам. Іх уладальнікі з тых краінаў, дзе паважаецца вяршэнства закону. Афіцыйна цьвердзіцца, што гэты прынцып паважаецца і ў Літве. Іншая рэч, што ў гэта ў Літве мала хто верыць, апрача афіцыйных асобаў у іх працоўны час.

Майму калегу, журналісту Віргініюсу Савукінасу не ўдалося афіцыйна атрымаць ад МЮ дакумэнтаў, зьвязаных з гэтай гісторыяй. Яму не ўдалося і даведацца, на падставе якіх законаў тыя дакумэнты хаваюцца ад грамадзкасьці. Дзеля таго, што неафіцыйна давялося іх перачытаць, я неафіцыйна распавяду, што зь іх высьвятляецца.
У артыкуле 7 той дамовы прадпісваецца, каб у заяве была пазначаная назва справы, у сувязі зь якой патрабуецца прававая дапамога. Дзеля таго, што справы яшчэ няма, яе назва пададзеная не была.

Кіраўніцтва дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Менску і Менскай вобласьці празь Міністэрства юстыцыі Беларусі дасылае ў Вільню заяву з просьбай даць зьвесткі аб рахунках Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча на падставе дамовы аб прававой дапамозе паміж Беларусьсю і Літвой. У артыкуле 7 той дамовы прадпісваецца, каб у заяве была пазначаная назва справы, у сувязі зь якой патрабуецца прававая дапамога. Дзеля таго, што справы яшчэ няма, яе назва пададзеная не была. Супрацоўніцы МЮ гэтага не пабачылі.

Паводле іншага пункту таго самага артыкулу павінен быць апісаны зьмест даручэньня, а ў выпадку крымінальнай справы таксама мае быць далучанае апісаньне складу злачынства. Гэтага пункту беларусы таксама ня выканалі. МЮ мусіла адаслаць тую заяву назад як неадпаведную ўмовам дагавору аб прававой дапамозе. Аднак МЮ зрабіла наадварот: дадало свой суправаджальны ліст і пераслала банкам. Цяпер міністэрства цьвердзіць, што дзейнічала ў адпаведнасьці з законам.

Выглядае, што насамрэч яно парушыла закон, таму В.Савукінас і ня можа пабачыць дакумэнтаў, якія могуць стаць рэчавым доказам правапарушэньня. Фактычна Міністэрства юстыцыі сабрала апэратыўную інфармацыю і перадало яе дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Беларусі, дырэктар якога – палкоўнік КДБ Грыгоры Іванавіч Верамко, які ад 1983 году займаў розныя пасады ў КДБ Беларусі, а ў 2010-м загадам А.Лукашэнкі прызначаны кіраваць згаданым дэпартамэнтам. Цяпер ягоны тытул гучыць «палкоўнік фінансавай міліцыі».
Фактычна Міністэрства юстыцыі сабрала апэратыўную інфармацыю і перадало яе дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Беларусі.

Віленскі банк SEB, атрымаўшы ліст зь МЮ наконт В.Стэфановіча, вырашыў, што гэтага недастаткова для раскрыцьця таямніцы ўкладу кліента. Міністэрства ня стала спрачацца і зьвярнулася з гэтым пытаньнем у суд. Ніякага сакрэтнага абавязаньня з боку банкаў, каб выконваць пажаданьні МЮ, няма, інакш SEB мусіў бы адразу выканаць запыт, каб не парушыць закон. Калі б адмова азначала правапарушэньне, мы б даведаліся пра вызначанае банку пакараньне. Яго няма.

DnbNord павёў сябе інакш: трах-бах, і зьвесткі пра рахунак А.Бяляцкага перададзеныя. Прэсавы прадстаўнік банку бездапаможна паўтарае, што зьвесткі яны падаюць толькі афіцыйным установам. Дэпартамэнт фізкультуры і спорту – гэта таксама афіцыйная ўстанова, дык, можа, і яны могуць атрымаць, калі б банку спатрэбілася нейкая спартовая заля? Але ж банкі нібыта абавязаныя ахоўваць таямніцу ўкладаў сваіх кліентаў у рамках закону – на гэта існуе артыкул 55 Закону аб банках Літоўскай Рэспублікі.

Падобна да таго, што DnbNord, здаючы А.Бяляцкага, спрабаваў даказаць сваю паслужлівасьць Міністэрству юстыцыі. Зваротная сувязь магла б дапамагчы пры разглядзе пазоваў абдураных інвэстараў у справе пашырэньня аднаго банкаўскага прадукту, што прынесла ім страты на 100 мільёнаў літаў. Што пераважыць: адзін беларус у турме або 100 мільёнаў літаў?
Што пераважыць: адзін беларус у турме або 100 мільёнаў літаў?

Ніхто не ўзьнімае пытаньня, які з гэтых двух банкаў парушыў закон. Быццам бы яны дзейнічалі паводле дзьвюх розных раўнацэнных прававых сыстэмаў. Абедзьве ў нас існуюць паралельна: гэта вызначанае законамі права і тэлефоннае права. Калі дапаможаш уладзе ў адказ на яе просьбу, дык і яна гэта возьме пад увагу, калі табе спатрэбіцца падтрымка ў дзяржаўных установах. Сёньня я з прыхільнасьцю прачытаў вашу заяву, заўтра вы з прыхільнасьцю прачытаеце маю. Вельмі нескандынаўскі прынцып, але вельмі літоўскі. Ён пранізвае ўсё наша грамадзтва. Правасудзьдзе становіцца шырмай для задавальненьня асабістых або групавых інатрэсаў. Якія яшчэ могуць быць высокія агульныя ідэалы ў грамадзтве, дзе правасудзьдзе перастала быць усеагульным прынцыпам?

Правасудзьдзе ў Літве ажыцьцяўляе суд, таму МЮ зьвярнулася ў суд, каб прымусіць банк SEB выканаць беларускую замову. Упартыя жанчыны ў гэтым міністэрстве. Судзьдзя Юраце Гайдзіце-Лаўрыновіч прадпісала банку даць інфармацыю. Ведае МЮ, як прымусіць, працуе прафэсійна. У судзьдзі пытаньняў ня ўзьнікла. Невядома, ці таму, што ўлада заўсёды мае рацыю, ці таму, што яна вырасла ў Салечніках, якія ў часы яе маладосьці славіліся як сталіца стваральнікаў антыдзяржаўнай чырвонай аўтаноміі, і ў яе цяперашні беларускі рэжым ніякіх пачуцьцяў, апрача настальгіі, не выклікае. Усе мы родам з нашага дзяцінства.
Міністэрства зьвярнулася ў суд, каб прымусіць банк SEB выканаць беларускую замову.

Аднак у судах трэба кіравацца законамі і ажыцьцяўляць правасудзьдзе. Тым часам гэтая судзьдзя правасудзьдзе разумее як выкананьне пажаданьняў міністэрства. Можна дапусьціць, што гэтак жа сама выконваюцца просьбы атрымаць зьвесткі пра нашых грамадзянаў або падслухаць тэлефонныя размовы. Ці гэты спэктакль з удзелам судзьдзі патрэбны для стварэньня шырмы дэмакратыі, або гэта нядзейны засьцерагальнік абароны правоў грамадзянаў?

Судзьдзя нават не парупілася зьвярнуцца ў банк, каб удакладніць сытуацыю, ня кажучы ўжо пра тое, што нават не пацікавілася, пра якую асобу ідзе гаворка. Судзьдзя, якая разглядае справу, Дамову аб прававой дапамозе, прынамсі артыкулы 7 і 19, або не адгарнула зусім, або прачытала яе няўважліва, бо беларусы артыкулу 7 ня выканалі, не падаўшы назвы справы і складу злачынства, а паводле артыкулу 19 Літва магла адмовіцца задаволіць тую просьбу як супярэчную прынцыпам нашай дзяржавы. У судзьдзі ня ўзьнікла пытаньня, адкуль беларусы так дакладна ведаюць, у якім банку які грамадзянін мае рахунак, чаму запыт аб прававой дапамозе так дэтальна падрабязны: «даць інфармацыю пра рух сродкаў ад 2007 году да сёньняшняга дня з дэталізацыяй апэрацыяў прыбыткаў і выдаткаў».
У судзьдзі ня ўзьнікла пытаньня, адкуль беларусы так дакладна ведаюць, у якім банку які грамадзянін мае рахунак.

Калі ласка, адказала судзьдзя. Вось вам донары, а вось і атрымальнікі. Бярыце іх і распраўляйцеся. Можа, мела свой уплыў і тое, што аддзелам юрыдычнага супрацоўніцтва МЮ, які канкрэтна займаўся гэтым пытаньнем, кіруе Андрада Бавеян. Тым часам яе муж Вальдзімар Бавеян – судзьдзя Аддзелу крымінальных справаў Апэляцыйнага суду. Ці можна сумнявацца ў сваіх? А калі яны таксама некалі ў табе засумняваюцца? Сваім трэба давяраць, гэта праўда. Толькі што гэта мае супольнага з правасудзьдзем? Вынік – чалавек у турме, сорам дзяржаве.

Гісторыя А.Бяляцкага – не адзіны выпадак, і пакуль што яшчэ ня ўсё ў Літве адбываецца заганным чынам. У 2007 годзе гонар літоўскай юстыцыі ўратавала судзьдзя Віленскага акруговага суду Лаўрэта Ульбене, якая адхіліла просьбу Генэральнай пракуратуры выдаць Менску затрыманага ў Лазьдзіях беларускага апазыцыянэра Аляксандра Янкоўскага, якому Бэльгія яшчэ ў 2002 годзе выдала від на жыхарства. Рэжым вінаваціў яго ў вымаганьні ў 1999 годзе і зьбіцьці двух наведнікаў рэстарану ў 2001 годзе. У гэта не паверыла францускае і бэльгійскае правасудзьдзе, а прадстаўніца літоўскай пракуратуры тады заявіла: «Мы доўга працуем зь Беларусьсю, дагэтуль не было падставаў сумнявацца ў іх кампэтэнцыі».

У беларускай «кампэтэнцыі» не засумнявалася і кіраўніца Дэпартамэнту міжнароднага права МЮ Аўшра Бярнацене, чый муж, адвакат бізнэс-права Эгідзіюс Бярнатас, у 2008 годзе заснаваў бюро швэдзкай адвакацкай канторы «Glimstedt» у Менску і дагэтуль курыруе яе дзейнасьць. Як тут не прыгадаць куміра ковенскай сцэны бізнэсоўца Ўладзіміра Раманава, які, дзелячыся асабістым досьведам, заявіў, што ў Беларусі вельмі добра працаваць, бо там усё вырашае адзін чалавек. Літоўская рада адвакатаў, як толькі ўзьняўся скандал, абвясьціла, што літоўскія адвакаты за невялікую плату зь бюджэту гатовыя дапамагаць пацярпелым беларусам.
Пасьля кароткай тэлефоннай размовы з сп-няй Бярнацене ў мяне ўзьнікла ўражаньне, што яе сумленьне ўсё яшчэ ў доўгатэрміновым адпачынку, калі не ў эміграцыі.

Адвакат Бярнатас працуе «у галіне энэргетыкі і публічнага сэктару Літвы». На сайце ягонай канторы як прыклад пасьпяховай працы на першым месцы падаецца праект арэнды віленскіх цепласетак прадпрыемствам «Далкія». Чым гэты посьпех абярнуўся жыхарам Вільні, можа расказаць кожны, хто атрымлівае рахункі манапаліста за ацяпленьне. Аднак спадар Бярнатас, відаць, не расказвае сваёй жонцы пра асаблівасьці юстыцыі ў Беларусі, а яна ня мае часу разгарнуць дамову аб прававой дапамозе, на падставе якой ставіць свой подпіс. Можа быць ізноў усё ўзьнікае зь бясконцага даверу да сваіх.

Так ужо выйшла, што, калі скандал грымеў на ўсю моц, Аўшра Бярнацене і Юраце Гайдзіце-Лаўрыновіч якраз адпачывалі пасьля выкананай працы. Пасьля кароткай тэлефоннай размовы з сп-няй Бярнацене ў мяне ўзьнікла ўражаньне, што яе сумленьне ўсё яшчэ ў доўгатэрміновым адпачынку, калі не ў эміграцыі. Судзьдзя наагул адмовілася гаварыць, а праз прэсавую прадстаўніцу суду перадала, што яе патрабаваньне да банку справядлівае, бо базуецца на дамове аб прававой дапамозе. Прадстаўнікі ўсіх партыяў у Сойме, усе члены Камітэту міжнародных справаў, міністры і віцэ-міністры сабраліся на пазачарговае паседжаньне, прэзыдэнт выказала сваё меркаваньне, а ў некага непарушна працягваецца адпачынак. Няясна, ці «зьверху» быў спушчаны загад не паказвацца, ці гэта асабістае рашэньне, вызначанае абыякавасьцю да наступстваў сваіх дзеяньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG