Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камэры Зьмітра Буланава —7 чалавек, ёсьць лядоўня і нават кот. Сьвятлана Вінаградава зьбіраецца да мужа на "дзень адкрытых дзьвярэй" у Івацэвіцкую калёнію. Алесь Кіркевіч укараняе ў Наваполацкай калёніі беларускую мову. А Ільля Васілевіч выбраў гадавы ліміт літаратуры. Прашэньні аб памілаваньні ніхто зь іх пісаць не зьбіраецца.

Клаўдзія Буланава мела спатканьне з сынам у магілёўскай калёніі. Зьмітра на мінулым тыдні перавялі з карантыну ў шосты атрад:

"Дзіма сказаў, што гэта ўзорна-паказальны атрад. Сем чалавек. У камэры ёсьць лядоўня і нават свойская жывёла — кот, якога не выпускаюць на вуліцу".

Што да прашэньня аб памілаваньні, Зьміцер трымаецца цьвёрда, кажа Клаўдзія Якаўлеўна:

"Я нават ня ведаю, радавацца гэтаму ці не. З аднаго боку, я разумею, што гэта сіла духу, што ён ня згодны з прысудам. Але, зь іншага боку, ідзе восень, зіма, і як гэта адаб'ецца на ягоным здароўі, я ня ведаю. Канечне, я вельмі хвалююся".

Сьвятлана Вінаградава роўна месяц таму ў Івацэвіцкай калёніі пабралася шлюбам з Паўлам Вінаградавым. У панядзелак Сьвятлана езьдзіла з бацькам Паўла ў калёнію зь перадачай, але пабачыцца з мужам не давялося. Затое на нядзелю, 28 жніўня яна атрымала запрашэньне на так званы "дзень адкрытых дзьвярэй" у калёнію. Цэнзар быў у адпачынку, і ад Паўла доўга не было лістоў. Цяпер лісты пачалі даходзіць:

"Апошні ліст датаваны 12-м жніўня. Павал піша, што якраз даведаўся пра тое, што 9 чалавек памілавалі. Як ён напісаў, гэта знак таго, што "працэс пайшоў", і ён спадзяецца, што да Новага году ўсе выйдуць на свабоду. Павал напісаў, што менавіта яму не прапаноўвалі пісаць прашэньне аб памілаваньні, і нават калі прапануюць, ён нічога пісаць ня будзе".

Надзея, жонка Алеся Кіркевіча, які адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, кажа, што 16 дзён увогуле няма лістоў — магчыма, цэнзар у адпачынку. 30 жніўня Алесь будзе тэлефанаваць — нарэшце дайшла ягоная чарга. Кіркевіч піша пра іншых палітвязьняў, распавяла Надзея:

"Ігара Аліневіча перавялі з карантыну ў атрад, і ў калёніі яго цяпер клічуць "Махно" — такую мянушку далі. Пра Мікіту Ліхавіда напісаў, што ў таго ёсьць зараз магчымасьць карыстацца бібліятэкай. Піша, што бібліятэкар з-за таго, што Алесь цікавіцца беларускай літаратурай, зрабіў беларускі стэнд. І цяпер, прынамсі, у калёніі ведаюць слова "гарбата".

Карэспандэнтка: "Надзея, а ці пісаў ён што пра памілаваньне?"

"Вось пра гэта нічога няма. Проста тыя лісты, якія да нас дайшлі, ён пісаў да гэтых навінаў".

Карэспандэнтка: "А вершы працягвае пісаць?".

"У апошніх лістах не было".

Ільля Васілевіч упершыню патэлефанаваў з магілёўскай калёніі. Ён раней заўсёды прасіў перадаць яму шмат кніг, слоўнікаў, і вось цяпер маці Тамара Анатольеўна вельмі перажывае, што сын ужо выбраў дазволены гадавы ліміт кніг:

"Цяпер яму нельга перадаваць ні падручнікі, ні іншыя кнігі. Ня ведаеш усіх турэмных парадкаў. Нам трэба было аформіць перадачу кніг у дар калёніі, і тады б яму не залічылі ўсю літаратуру, якую мы перадавалі. І так, уяўляеце — на год выбраны ліміт!

Дзесяць хвілін размовы было, мы ўтраіх рвалі слухаўку, дык толкам і не паразмаўлялі. Ільля толькі сказаў, што не зьбіраецца ніякіх прашэньняў аб памілаваньні пісаць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG