Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 24 жніўня дня ў Беларусі на 10% павялічваюцца максымальныя адпускныя кошты на сьвініну. На пачатку жніўня цэны ўжо падвышаліся — на 5%, аднак праблему з насычэньнем гандлёвай сеткі гэта ня вырашыла. Ці зьявіцца нарэшце мяса ў свабодным продажы ў дастатковай колькасьці?

Згодна з пастановай Міністэрства эканомікі, максымальныя адпускныя цэны на сьвініну першай і другой катэгорыі складуць 13 225 рублёў за 1 кіляграм, трэцяй катэгорыі — 12 348 рублёў. Мяса ўжо стала недаступным для многіх беларусаў ня толькі з прычыны высокіх коштаў, але і таму, што папросту зьнікла з паліцаў.

Як тлумачыць колішні куратар аграрнай галіны Менскай вобласьці Аляксандар Ярашук, занадта вялікай для вытворцаў застаецца спакуса зарабіць на рэалізацыі мяса ў суседняй Расеі, дзе і кошты вышэйшыя, і валюта стабільная. Дык ці здымуць мясны дэфіцыт захады Міністэрства эканомікі?

"Натуральна, не, хоць з пункту гледжаньня разьвязаньня праблемы гэта крок у слушным кірунку. Стымул для масавага вывазу датычна і юрыдычных, асобаў, і фізычных асобаў, то бок насельніцтва, — у тым, што розьніца ў цэнах паміж Расеяй і Беларусьсю вельмі істотная. 10-працэнтнае падвышэньне, зразумела, гэты стымул нікуды ня дзене, ён захаваецца. Будзе, адпаведна, нейкае падвышэньне цэнаў тут, у Беларусі, але не такое значнае, каб не было нагоды ладзіць шопінг-туры з той жа Масквы ў Менск.

Трэба мець на ўвазе, што сытуацыя вельмі няпростая, складаная. І трэба ж было ўмудрыцца, каб яе стварыць менавіта цяпер! Напэўна, ёсьць разуменьне, наколькі небясьпечна падвышаць цэны, каб нейкім чынам зраўняць ці зрабіць параўнальнымі цэны на мяса ў Расеі і Беларусі, бо гэта можа выклікаць вялікую сацыяльную незадаволенасьць. Зь іншага боку, любое прапарцыйнае падвышэньне, апроч таго, што сустрэне незадаволенасьць і сур'ёзную напружанасьць у грамадзтве, яшчэ і правакуе інфляцыю".

Ня думаю, што падвышэньне адпускных цэнаў на 10% уратуе сытуацыю
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі падае зьвесткі, што экспарт мясной прадукцыі ў Расею вырас больш чым на 30%. Аднак, на думку экспэрта ў аграрнай галіне Анатоля Гуляева, насамрэч гэты паказьнік трэба павялічваць шматразова, бо масава вязуць сваю прадукцыю ў Расею ня толькі гаспадаркі, падначаленыя ведамству, але і прыватнікі:

"Ня думаю, што падвышэньне адпускных цэнаў на 10% уратуе сытуацыю. Мінсельгасхарч на сваім сайце паведаміў, што экспарт у Расею павялічыўся больш чым на 30%. Але ж гэта толькі тое, што пад кантролем ведамства. Кіраўнікі калгасаў, чыя задача — зарабляць грошы, таксама намагаюцца любымі шляхамі прадаць мяса ў Расею. Ёсьць насельніцтва, якое самастойна вывозіць тое мяса, дакладна як і ў другой палове 1990-х.

Зьяўляюцца новыя формы, пра што гаварыла і "Свабода" — у расейскіх гарадах, якія ня надта далёка ад мяжы, ёсьць адмысловыя шоп-туры ў Беларусь, дзе мяса практычна ўдвая таньнейшае, чым у іх. Прыяжджаюць і выграбаюць за свае канвэртавальныя грошы амаль усё, што могуць. Таму, мяркую, лічбу міністэрства трэба недзе на 2,5 памнажаць, каб атрымаць больш-менш рэальную карціну".

Фэрмэр зь Меншчыны Ўладзімер Матусевіч кажа, што дзяржава не пакінула вытворцам іншай альтэрнатывы, як шукаць магчымасьць выжываць самастойна. І перадусім засмучае фэрмэра тое, што кіраўніцтва краіны нічога ня робіць, каб нарэшце ўзяцца за нармалізацыю сытуацыі ў фінансавай сфэры. Па яго словах, гаспадарнікі будуць ігнараваць унутраны рынак да таго часу, пакуль беларускі рубель будзе абясцэньвацца такімі тэмпамі:

"Беларусь элемэнтарна сябе можа забясьпечыць мясам, але ж да мяса трэба яшчэ шмат чаго. Таму сытуацыя вельмі складаная. Лічу вось грошы за выручаную прадукцыю, цэлы стол завалены беларускімі рублямі. Але ж гэта пустыя грошы, што за іх возьмеш? Сёньня атрымаў, сёньня ж трэба і траціць, бо заўтра гэта будзе нішто. Але ж куды траціць, калі гэтыя паперкі нікому ўжо не патрэбныя? Таму цяпер усе намагаюцца працаваць на экспарт. Дзяржава — каб сваё адмоўнае сальда выраўняць, прыватнікі — каб мець грошы на разьвіцьцё. А на чым яшчэ можна зарабіць у той жа Расеі, апроч малочнай прадукцыі, мясной?".

Мясны дэфіцыт пачаў набываць фантасмагарычныя формы. У сеціве на адрасе myasnikovi.ch зьявіўся віртуальны "мясаабменьнік", на тытульнай старонцы якога пазначана: "Першы ў сьвеце абменьнік мяса". Апэрацыі там, праўда, пакуль не праводзяцца. Узьнікае аналёгія зь іншым сайтам, які зьявіўся ў разгар валютнага крызісу, — prokopovi.ch. Стваральнікі назвалі яго электронным пунктам абмену наяўнай валюты імя ўжо былога старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча. "Мясаабменьнік" myasnikovi.ch названы ў гонар прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, які ня раз абяцаў беларусам разьвязаць мясную праблему.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG