Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі аб'яднаньня "Гавары праўду!"

  • БелаПАН

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі дасьледча-асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня "Гавары праўду!", якое ўзначальвае кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў.

Як паведаміў адзін з заснавальнікаў аб'яднаньня Сяргей Вазьняк, 22 жніўня ён атрымаў адказ на заяўку аб рэгістрацыі за подпісам начальніка управы некамэрцыйных арганізацыяў Мін’юсту Алены Кірычэнкі.

"У тэксьце ліста паказаная толькі адна прэтэнзія да заснавальнікаў. На думку Кірычэнкі, мы павінны былі падаць ня толькі гарантыйны ліст аб прадстаўленьні "Гавары праўду!” юрыдычнага адрасу (такі ліст у Мін’юст быў прадстаўлены разам зь іншымі рэгістрацыйнымі дакумэнтамі), але і дакумэнты, якія пацьвярджаюць права ўласнасьці на гэтае памяшканьне”, – адзначыў Вазьняк.

Як вынікае зь ліста Мін’юсту, гэта парушэньне мае "неадольны характар".

"Я лічу, што Мін’юст парушае заканадаўства, – заявіў Вазьняк. – У законе “Аб грамадзкіх аб'яднаньнях" сказана, што заснавальнік павінен падаць “дакумэнт, які пацьвярджае наяўнасьць юрыдычнага адрасу грамадзкага аб'яднаньня”. Такім дакумэнтам зьяўляецца гарантыйны ліст уласьніка, які намі прадстаўлены. Закон не патрабуе дакумэнту, які пацьвярджае права ўласнасьці на гэтае памяшканьне. Але і гэты дакумэнт ў нас ёсьць. На патрабаваньне Мін’юсту мы маглі б яго падаць, але такога патрабаваньня не было. Наш "недахоп" ня носіць "неадольнага характару". І я проста цяпер, на працягу гадзіны, магу падаць у Мін’юст неабходныя дакумэнты".

Вазьняк заўважыў, што Мін’юст – гэта структура, якая павінна ня толькі кантраляваць выкананьне заканадаўства, але і "працаваць, дапамагаць, кансультаваць заяўнікаў грамадзкіх аб'яднаньняў". "За месяц, на працягу якога разглядаліся нашы дакумэнты на рэгістрацыю, можна было патэлефанаваць і сказаць, якога дакумэнту не хапае. Пагатоў па законе мы маем на гэта права – ... дапаўняць дакумэнты на рэгістрацыю. Але ніхто нам нічога не сказаў", – адзначыў Вазьняк.

Рашэньне аб нерэгістрацыі "Гавары праўду!" будзе абскарджана ў Вярхоўным судзе найбліжэйшым часам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG