Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: забаранілі пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага


Леанід Сьвецік

Леанід Сьвецік

З заяўкай у Чыгуначны райвыканкам зьвяртаўся віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік. Ён прасіў дазволу правесьці імпрэзу ў вызначаным уладамі месцы — у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, але яму адмовілі.

Паводле адказу з райвыканкаму, праваабаронца не прадставіў дамовы на абслугоўваньне імпрэзы службамі ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі.

Гэта ўжо стандартная падстава для адмовы віцебскім актывістам, якія неаднаразова зьвярталіся ў гарвыканкам, каб зьмяніць працэдуру звароту па дазвол на акцыі. Бо мэдыкі, міліцыя і ЖКГ адмаўляюцца заключаць любыя дамовы, пакуль на масавае мерапрыемства няма дазволу ад уладаў, а тыя, у сваю чаргу, забараняюць імпрэзы, калі няма дамоваў на іх абслугоўваньне з адпаведнымі службамі. Зьмяніць гэтую завядзёнку віцебскім актывістам пакуль не ўдаецца.

Што да падтрымкі Алеся Бяляцкага, то віцебскія актывісты руху "За свабоду" сабралі больш як 20 паручальніцтваў за праваабаронцу, якога трымаюць пад вартай і вінавацяць паводле ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Пра гэта паведаміў абласны каардынатар руху Хрыстафор Жаляпаў.

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда з нагоды зьняволеньня праваабаронцы зьвярнуўся з адкрытым лістом да амбасадараў краін Эўразьвязу і незалежных СМІ, дзе ён піша: "Падставай для ўзбуджэньня крымінальнай справы стала інфармацыя, пададзеная літоўскім бокам на запыт беларускага рэжыму. Нам тлумачаць, што адбылася памылка з боку асобных літоўскіх чыноўнікаў. За такога кшталту памылкі ў краінах з дыктатарскім рэжымам апазыцыянэры расплочваюцца ўласным здароўем, а часам і жыцьцём".
XS
SM
MD
LG