Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
На сустрэчы ў Сочы Дзьмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка "крытычна падышлі да ацэнкі стану беларуска-расейскіх адносінаў і канстатавалі, што яны не адпавядаюць статусу стратэгічнага партнэрства", паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

"Былі названыя канкрэтныя праблемы, якія, па ўзаемным меркаваньні, павінны быць зьнятыя ў найбліжэйшай пэрспэктыве. Прэзыдэнты дамовіліся, што, пачынаючы з гэтай сустрэчы, яны распачнуць шэраг практычных захадаў па аднаўленьні высокага ўзроўню партнэрства паміж дзьвюма краінамі", — гаворыцца ў прэсавым рэлізе.

Падчас сустрэчы "абмяркоўваўся ўвесь комплекс двухбаковых адносінаў, у тым ліку і ў межах інтэграцыйных аб'яднаньняў".

Лукашэнка "асабліва адзначыў, што неабходна забясьпечыць безумоўнае паўнацэннае функцыянаваньне Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі з 1 студзеня 2012 года". Беларусь "панесла сур'ёзныя выдаткі, уключыўшыся ў гэты праект, але ідэя АЭП была сьвядома падтрыманая, бо важна стварыць роўныя ўмовы для прадпрыемстваў і грамадзянаў на гэтай прасторы".

Расейскі прэзыдэнт "выказаў прынцыповую згоду з пазыцыяй беларускага калегі".

Бакі "папярэдне дамовіліся правесьці Вышэйшы дзяржсавет "Саюзнай дзяржавы" ў лістападзе гэтага году". Кіраўнікам прэзыдэнцкіх адміністрацыяў даручана "канкрэтная прапрацоўка гэтага пытаньня".

Абмяркоўвалася будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Дадзены даручэньні кіраўніку расейскай дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энэргіі "Росатам" Сяргею Кірыенку "забясьпечыць падпісаньне ўсіх адпаведных пагадненьняў па будаўніцтве і выдзяленьні крэдытных рэсурсаў у верасьні гэтага года аналягічна схэме і ўмовам, прынятым расейскім бокам пры будаўніцтве АЭС у Калінінградзкай вобласьці".

"Вялікую ўвагу" бакі надалі пытаньням міжнароднай абстаноўкі, у тым ліку сытуацыі на Блізкім і Сярэднім Усходзе, у Эўропе, "падрабязна абмеркавалі пэрспэктывы супрацоўніцтва нашых краін з Украінай".

Лукашэнка "дэталёва расказаў расейскаму калегу пра вынікі візыту беларускай дэлегацыі ў Катар і дасягнутых падчас перамоў дамоўленасьцях", "праінфармаваў Дзьмітрыя Мядзьведзева аб пэрспэктывах супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай".

Прэсавая служба Крамля інфармацыю аб сустрэчы Мядзьведзева і Лукашэнкі зьмясьціла ў адну фразу: "Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі розныя пытаньні двухбаковых адносінаў, узаемадзеяньня ў межах Мытнага саюза, а таксама абмяняліся меркаваньнямі па ключавых тэмах міжнароднага парадку дня".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG