Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя папярэджвае і запалохвае


Прастэкт Незалежнасьці ў часе мінулай акцыі "Стоп-бэнзін"

Прастэкт Незалежнасьці ў часе мінулай акцыі "Стоп-бэнзін"

На сайце Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму зьявілася паведамленьне, прысьвечанае заплянаванай на сёньня ў Менску акцыі "Стоп-бэнзін". ГУУС папярэджвае, што "заклікі і ўдзел у несанкцыянаваных акцыях — па-за законам".

"У сувязі з заклікамі, якія зьявіліся ў інтэрнэце, — блякаваць сёньня цэнтральныя аўтамагістралі Менску, — ГУУС Менгарвыканкаму нагадвае аб тым, што, згодна зь дзеючым заканадаўствам, падобныя заклікі і непасрэдна дзеяньні — незаконныя. Арганізацыя і ўдзел у іх можа пацягнуць за сабой як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасьць", — сказана ў паведамленьні.

Праваахоўныя органы гатовыя зрабіць усе неабходныя захады для забесьпячэньня грамадзкага парадку
Так, у адпаведнасьці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь, парушальнікам пагражае накладаньне вельмі значнага штрафу або адміністрацыйны арышт. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або за актыўны ўдзел у іх, прадугледжвае больш сур'ёзнае пакараньне: аж да пазбаўленьня волі на тэрмін да трох гадоў.

"Намаганьні супрацоўнікаў менскай міліцыі накіраваныя на забесьпячэньне грамадзкага парадку і прафіляктыку зьдзяйсьненьня злачынных дзеяньняў. Праваахоўныя органы гатовыя зрабіць усе неабходныя захады для забесьпячэньня грамадзкага парадку і выкананьня дзейнага заканадаўства", — сказана ў паведамленьні ГУУС.

У інтэрнэце зьявіліся заклікі 22 жніўня а 19.00 стыхійна сабрацца на розных вуліцах, прылеглых да праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў у Менску, і выехаць у цэнтар, каб заблякаваць рух.
XS
SM
MD
LG