Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бандарэнка можа апынуцца ў калёніі ўжо на гэтым тыдні


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

Каардынатара грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Зьмітра Бандарэнку могуць этапаваць са сьледчага ізалятара ў калёнію ўжо на гэтым тыдні.

Як паведаміла Белапан жонка Зьмітра — Вольга Бандарэнка, 19 жніўня адвакат Зьмітра да яго ня трапіў, бо Зьміцер не напісаў заяву на наведаньне. "Сёньня адвакат у працэсе па іншай справе. Я спадзяюся, што сама траплю на спатканьне сёньня-заўтра, і калі мне адмовяць, гэта будзе значыць, што яго перавялі ў калёнію", — сказала Вольга Бандарэнка.

Яна адзначыла, што Зьміцер Бандарэнка будзе адбываць тэрмін у калёніі № 15 у Магілёве. "Прынамсі, усе дакумэнты на Зьмітра адпраўлены туды. Я спадзяюся, што Зьмітра сапраўды перавядуць туды і шукаць яго не давядзецца. Хоць, вядома, я б хацела, каб ён быў бліжэй", — сказала Вольга.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыж дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы па вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю. 17 жніўня Бандарэнку перавялі з 5-й клінічнай бальніцы Менску ў Рэспубліканскую турэмную бальніцу.

"У сувязі зь перанесенай апэрацыяй мне паабяцалі, што Зьмітра будуць этапаваць у асаблівым рэжыме — асобна ад іншых зьняволеных, у ляжачым становішчы. Я шчыра спадзяюся, што так і будзе", — заявіла Вольга Бандарэнка.

Яна таксама паведаміла, што 20 жніўня ў Зьмітра Бандарэнкі скончылася траціна прысуджанага тэрміну. "У сувязі з гэтым ён напісаў заяву аб замене яму пакараньня на мякчэйшае, што прадугледжана артыкулам 91 Крымінальнага кодэксу. Аднак аб рэакцыі на гэтую заяву я пакуль нічога ня ведаю", — сказала Вольга.

Пры гэтым яна сказала, што Зьміцер не пісаў заяву аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Зьміцер Бандарэнка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Андрэя Саньнікава. Яго затрымалі пасьля мітынгу 19 сьнежня і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, дзе ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворваньні. У красавіку суд прызнаў яго вінаватым у "арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўным удзеле ў іх" і прысудзіў яму два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
XS
SM
MD
LG