Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З хітраватай мужыцкай усьмешкай, з прыжмуранымі вачыма, нейкай прыхаванай тайнай, якая так і просіцца на язык... Апошні раз зь Віталем Скалабанам мы бачыліся мінулым летам. Ён выйшаў з архіву і чакаў мяне на лавачцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. Дзьмуў вецер і сьляпіла сонца, і я не адразу пазнаў яго ў сьветлай кашулі з кароткімі рукавамі, якая шчыльна аблягала яго магутныя плечы і шырокую прысадзістую фігуру, падобную на яго моцнае вясёлае прозьвішча: Ска-ла-бан.

Найлепшы знаўца Нацыянальнага архіву, асабліва той часткі, якая раней называлася Архівам ЦК КПБ, Скалабан найперш уражваў дзьвюма рысамі. Яму была ўласьцівая інтэлектуальная цікаўнасьць, дзіцячая шчырая радасьць ад кожнай знаходкі, кожнага адкрытага факту нацыянальнай гісторыі мінулага стагодзьдзя. І другая рыса – гэта гатовасьць дапамагчы ў пошуку іншым.

Многія архівісты хварэюць на «сындром скупога рыцара», які сьцеражэ скарбы і нікога да іх не падпускае. Спадар Віталь часам таксама са скрухай аддаваў знаходкі ў іншыя рукі. Але гэта было шкадаваньне бацькі, які аддае хоць і ў добрыя рукі, але сваю дачку і потым сочыць за яе далейшым лёсам.

Так, на прэзэнтацыі маёй кнігі «Прыгоды АРА ў Беларусі» падчас выступу на сцэне Дома літаратара ён падарыў мне фота аднаго з галоўных герояў. Я шукаў яго два гады і ўжо адчаяўся, а ён не забыўся, і цяпер яно ўвайшло ў другое выданьне кнігі.

Нягледзячы на пасады і афіцыйны статус, голас Віталя Скалабана гучаў на хвалях «Свабоды» ў перадачах «Вострая брама», «Беларуская Атлянтыда», «Вольная студыя». За апошнія чвэрць стагодзьдзя Скалабан дапамог многім дзясяткам дасьледнікаў, у тым ліку і мне, у пошуках гісторыі, схаванай у пыльных тэчках з пастановамі сталінскіх камітэтаў, рэзалюцыямі інквізытарскіх «троек», у расстрэльных сьпісах і сьлёзных лістах, якія прасілі літасьці і атрымлівалі адказ у Курапатах...

У тую апошнюю сустрэчу мінулым летам мне трэба была яго парада. Я думаў пра перавыданьне сваіх кніг, напісаных пасьля архіўных росшукаў у 80-90 гады мінулага стагодзьдзя, у тым ліку з дапамогай Скалабана, і сумняваўся – ці варта. Вырасла новае пакаленьне дасьледнікаў, якія напэўна ўдакладнілі, паглыбілі, паправілі мае досьледы сталінізму. «На жаль, гэтыя тэмы амаль не дасьледуюць, - сказаў Скалабан. - Ня модна. А вашы кнігі ляжаць на маім стале. Я карыстаюся імі ўвесь час як даведнікамі. Нічога папраўляць там ня трэба».

Гэта была такая нечаканая ацэнка, што я разгубіўся, як губляўся кожны раз, калі чытаў ці чуў на свой адрас падобныя словы ад Васіля Быкава, Фёдара Янкоўскага, Уладзімера Конана. Да ліку гэтых рыцараў беларускай культуры належыць і шчодры рыцар нацыянальнай памяці – Віталь Скалабан. Вечная памяць.
XS
SM
MD
LG