Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піменаў пра затрыманьне: Такой хрысьціянскай павагі, любові я не мог уявіць


Па вызваленьні пасьля затрыманьня польскімі памежнікамі палітуцекач Зьміцер Піменаў, легендарны "Мірон", расказаў «Свабодзе» пра тое, што адбывалася зь ім у польскай паліцыі і пракуратуры.

Зьміцер Піменаў: Я ехаў па прыватных справах ва Ўкраіну і быў затрыманы на польска-ўкраінскай мяжы. Такой хрысьціянскай павагі, любові я ніколі не мог уявіць. Людзі, якія рабілі гэтае затрыманьне, з такой павагай ставіліся да чалавека, які ў вышуку ў Інтэрполе. Спачатку гаварылі, што трэба трошкі ўдакладніць наконт пашпарту, але потым сказалі, што ў сувязі з тым, што я ў вышуку, яны вымушаныя перадаць мяне ў рукі паліцыі, і яна будзе вырашаць, што рабіць далей. За мной прыехалі два агенты паліцыі, да мяне ставіліся вельмі паважна. Увесь час і ежай частавалі, і напоі давалі. Калі мяне прывезьлі ўжо ў пракуратуру. я таксама быў прыемна ўражаны пасьля таго, што я пабачыў у жыцьці ў Эўропе, у Беларусі, ў Расеі, то я магу сказаць, што Польшча гэта -- не эўрапейская краіна, гэта сапраўды хрысьціянскай краіна. Тая прыкмета, што ў кабінэце галоўнага пракурора вісеў крыж, кажа пра тое, што гэтыя людзі кіруюцца ня толькі юрыдычнымі паняцьцямі а менавіта хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. Калі ўжо польскія праваабаронцы і СМІ, Радыё Свабода сталі ўздымаць гэтую тэму, то тут ужо мяне проста ня ведалі, куды пасадзіць і як мяне залагодзіць, каб было найменш турботаў. Самі паліцыянты прыклалі ўсе намаганьні, каб жонку пасялілі ў гатэль, машыну загналі на стаянку пад ахову...

Ганна Соўсь: І чым скончылася гэта ўсё?

Піменаў: У 2 гадзіны ночы мне аддалі пашпарт і сказалі: "Паважаны Зьміцер, вы можаце быць вольным. Пакіньце адрас для карэспандэнцыі ў Польшчы, куды мы маглі б перадаць рашэньне. Мы вырашылі, што суд адбудзецца бязь вашага удзелу, калі адбудзецца, яшчэ невядома, але адказ прыйдзе вам на польскі адрас беларускага праваабаронцы Жукаўца.

Соўсь: Вы будзеце ў Польшчы чакаць рашэньня суду ці вернецеся ў Бэльгію?

Піменаў: Я паеду цяпер у Варшаву, зайду да сяброў, каб падзякаваць ім за падтрымку. Потым паеду ў Бэльгію, бо мне хутка трэба на працу. Мне сказалі, што рашэньне будзе праз месяц, а можа і праз паўгода. Я думаю, што нічога не адбудзецца ў дачыненьні да мяне. Яны сказалі, што будуць чакаць фактаў, чаму Беларусь падала на мяне ў Інтэрпол. Пакуль што ў польскай паліцыі няма фактаў і аргумэнтаў, каб мяне затрымліваць. Яны зразумелі па той рэакцыі з боку праваабарончых арганізацый, СМІ, што я сапраўды палітычна актыўны чалавек, і пацьвердзілася мая невыпадковасьць атрыманьня палітычнага прытулку, і гэта быў галоўны аргумэнт, каб мяне вызваліць.


***

Піменаў, адзін зь першых легендарных "Міронаў", які некалькі гадоў таму атрымаў палітычны прытулак у Бэльгіі, ехаў ва Ўкраіну па сямейных абставінах, быў затрыманы на польска-ўкраінскай мяжы ў ноч з чацьвярга на пятніцу. Як паведаміў іх сын Ігар, Зьміцер мае так званы «жэнэўскі» пашпарт уцекача. Перад ад’ездам ва Ўкраіну, атрымаўшы ўкраінскую візу, сям’я раілася з бэльгійскімі спэцслужбамі, якія запэўнілі, што ўсе дакумэнты Піменава ў парадку, і зь імі яго ня могуць затрымаць на мяжы Эўразьвязу.

У эміграцыі Зьміцер Піменаў працягваў актыўнае грамадзкае жыцьцё, узначаліў Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне, праводзіў галадоўкі пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, быў ініцыятарам шматлікіх акцыяў каля Эўрапарлямэнту, прыцягваючы ўвагу да беларускіх праблемаў.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG