Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голубеў: «Калі б не было апазыцыі БНФ, ня ведаю, ці змагла б стаць Беларусь сувэрэннай»


Валянцін Голубеў на трыбуне ВС, 1991 г.
Валянцін Голубеў на трыбуне ВС, 1991 г.
20 гадоў таму ў Маскве была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту: так званы ГКЧП адхіліў прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова ад улады і абвясьціў у СССР надзвычайнае становішча. Як тыя падзеі праз два дзесяцігодзьдзі ацэньваюць беларускія палітыкі, гісторыкі, музыкі?

Палітык Сяргей Калякін падчас путчу быў першым сакратаром Савецкага райкаму партыі Менску. Спадар Калякін сьцярджае, што ў 1991-м годзе людзі прагнулі пераменаў:

Сяргей Калякін
«Тады было невядома, што адбываецца ў краіне. Ніякіх зьвестак не было ні з ЦК КПСС, ні з ЦК КПБ. Па-першае, безумоўна, сам ГКЧП быў успрыняты, з аднаго боку, пазытыўна. Бо тады было даволі складанае становішча ў краіне — і чэргі, дэфіцыт прадуктаў, хваляваньні на прадпрыемствах. Трэба былі перамены. І таму, калі адхілілі Гарбачова, гэта было ўспрынята многімі пазытыўна. А з другога боку, абвяшчэньне ГКЧП не прапаноўвала нічога пазытыўнага, не было зразумела, што прапануе гэты новаствораны камітэт, што трэба ператвараць у краіне. Таму вельмі хутка прыйшло адчуваньне таго, што гэта проста авантура, і ў ГКЧП няма ня толькі пляну, але і рашучасьці выконваць тое, што яны абвесьцілі. Таму гэта вельмі хутка правалілася. Але ў той пэрыяд я ўспрымаў пазытыўна тое, што людзі хочуць нешта зьмяніць, хочуць паправіць сытуацыю ў краіне».

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Валянцін Голубеў хадзіў разам зь іншымі парлямэнтарамі з фракцыі БНФ да тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея, расклейваў улёткі, выступіў на мітынгу на плошчы Незалежнасьці, адправіў у Маскву ўрадавую тэлеграму, што Беларусь не падтрымала путчыстаў.

Валянцін Голубеў
«Па сутнасьці перамога адбылася ў Маскве. Вось калі б там путчысты задушылі дэмакратаў, то я сумняваюся, што ў Менску што-небудзь можна было б зрабіць. Таму што і КДБ, і Міністэрства ўнутраных спраў, і войска беларускае, як потым расьсьледаваньне камісіі Ігара Пырха паказала, былі гатовыя выконваць тыя загады, якія ідуць з Масквы. Але загадаў з Масквы не было, і яны чакалі. І сілы тут, у Менску, не прымянялі. Не давалі што-небудзь зрабіць, напрыклад, тыя ж лістоўкі зрывалі, але ні арыштаў, ні дубінак тут не было.

А ўжо наступны дзень, 20-га, дзень быў пераможны, і мы ўвечары сабраліся ў мяне ў хаце — Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, я , Сяргей Антончык, іншыя з нашай фракцыі. Жонка наварыла бульбы, і з-за таго, што прыйшоў Пазьняк, яна дастала зь нейкай заначкі бляшанку ікры, каб пачаставаць Пазьняка. І якое было яе зьдзіўленьне, калі Пазьняк сказаў, што ён такога ня есьць».

Рок-музыка, лідэр гурту «Нейра дзюбель» Аляксандар Кулінковіч апавёў, што путч засьпеў яго зь сябрамі за горадам, на прыродзе, дзе не было ні тэлевізара, ні радыё:

Аляксандар Кулінковіч
«Спачатку было неяк страшнавата, таму што ветрык свабоды тады ж ужо быў… А на другі дзень ужо было вялікае сьвята і папойка. Успрынялі перамогу дэмакратыі мы неяк вельмі блізка, як перамогу ў вайне — нашы перамаглі, пагналі нашы гарадзкіх! Я думаю, путч падштурхнуў усіх да абвяшчэньня незалежнасьці, ня толькі Беларусь, але і іншыя краіны. Людзі зразумелі, што калі не цяпер, то нас зноў загоняць у адно вялікае вядро. Калі б яго не было, Савецкі Саюз, магчыма, і захаваўся б. Але пасьля путчу, безумоўна, усе зразумелі, што варыянтаў няма, трэба разьбягацца па розных баках».

На думку гісторыка Валянціна Голубева, путч у нейкай ступені падштурхнуў да рашучых дзеяньняў фракцыю БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.

«Калі б не было Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, і БНР у свой час бы не стварылася, калі б не было нацыянал-камуністаў, можа, і БССР бы не было. І калі б не было апазыцыі Беларускага народнага фронту, я ня ведаю, ці змагла б стаць у той час Рэспубліка Беларусь сувэрэннай дэмакратычнай рэспублікай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG