Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэсія Незалежнасьці


24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. (Кінакадар)

24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. (Кінакадар)

"У жыцьці ў мяне было шмат падзеяў і перажываньняў, якія ўрэзаліся ў сьвядомасьць назаўсёды. Але сярод іх 25 жніўня – гэта зьява надзвычайная, бо азначала (як мне здавалася) ажыцьцяўленьне сэнсу існаваньня тут, у гэтым сьвеце, у Беларусі" – пра абвяшчэньне незалежнасьці піша старшыня Апазыцыі БНФ у ВС XII скліканьня Зянон Пазьняк.


Галоўны зьмест Беларускага Народнага Фронту (дзеля чаго ён і быў створаны) – гэта ліквідаваць камунізм, здабыць незалежнасьць Беларусі і адчыніць дарогу да дэмакратыі. Але напачатку, пакуль Фронт не ўвайшоў яшчэ ў сілу, а камунізм быў моцны, пра гэта казалася асьцярожна. У жніўні 1989 году на Сойме Фронту, які праходзіў у Чырвоным касьцёле ў Менску, было адкрыта сцьверджана, што наша галоўная задача – сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.

11 траўня 1990 году Сойм БНФ зноў заявіў, што галоўнай палітычнай мэтай Фронта зьяўляецца незалежнасьць краіны. У канцы траўня гэтага ж году адбылася агульнафронтаўская канфэрэнцыя “Незалежная Беларусь” з удзелам фронтаўскіх дэпутатаў усіх узроўняў. Канфэрэнцыя пацьвердзіла курс на незалежнасьць Беларусі.

У траўні-чэрвені 1990 году Фронт падрыхтаваў важны дакумэнт – Праект Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Дэпутаты-фронтаўцы дамагліся пастаноўкі гэтага пытаньня ў Вярхоўным Савеце БССР. Быў зроблены даклад старшыні Фронту ў парлямэнце, адбылося абмеркаваньне тэксту фронтаўскай Дэклярацыі. Некаторыя дэпутаты-камуністы ад нечуванай тэмы апынуліся ў стане псыхічнага паралічу. Ім здавалася, што сьвет (іхны сьвет, створаны імі) пачынае валіцца, яны ня ў стане былі ўспрымаць новую рэальнасьць. Пры галасаваньні камуністы дружна завалілі наш праект.

Але неўзабаве, менш чым празь месяц, прыняць падобную дэклярацыю ім рэкамэндавала Масква. Гэта было няўклюднае палітыканства М. Гарбачова – прыняцьце ў савецкіх рэспубліках фармальных пустых дэклярацыяў аб сувэрэнітэце, і потым на гэтай падставе абнавіць Савецкі Саюз, заключыць новую саюзную дамову і зачыніць такім чынам (як у Маскве спадзяваліся) пытаньне аб незалежнасьці.

Гаворыць Пётра Садоўскі, на заднім пляне - Лявонці Зданевіч
Дэпутаты-фронтаўцы аднак выдатна скарысталі гэтую ініцыятыву Гарбачова. Яны дружна пайшлі працаваць у парлямэнцкую камісію па падрыхтоўцы праекта дэклярацыі і склалі добры патрэбны тэкст, які ўдалося ў асноўным адстаяць у няроўнай барацьбе з камуністычнай парлямэнцкай большасьцю і прыняць (дакладней, прымусіць камуністаў прыняць) неабходны для Беларусі дакумэнт. Пры гэтым нам прышлося ўжываць розныя мэтады і прыёмы парлямэнцкага ўзьдзеяньня: дыскусіі, прапановы, уплывы, вэрсіі, контравэрсіі і незразумелую для камуністаў псіхалягічную тактыку (аж да імітацыі абструкцыі і выхаду з залі). Урэшце Апазыцыя БНФ свайго дамаглася: не дазволіла выхаласьціць тэкст і падштурхнула апанэнтаў яго прыняць у прынцыпе на аснове фронтаўскіх палажэньняў. (Пра гэта гл. Зянон Пазьняк. “Дэклярацыя першы крок да незалежнасьці.” – Варшава, Нью-Ёрк, Вільня, 2010 г.; Сяргей Навумчык “Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995). – Варшава-Прага, 2006 г., стар. 29-38).

Дэклярацыя адыграла вялікую ролю ў падрыхтоўцы незалежніцкага думаньня ў грамадзтве. Людзі сталі абмяркоўваць тое, што пры бальшавіках было забаронена. Станавілася відавочным, што рэальная незалежнасьць Беларусі – гэта толькі пытаньне нядоўгага часу.

2

У жыцьці ў мяне было шмат падзеяў і перажываньняў, якія ўрэзаліся ў сьвядомасьць назаўсёды. Але сярод іх 25 жніўня – гэта зьява надзвычайная, бо азначала (як мне здавалася) ажыцьцяўленьне сэнсу існаваньня тут, у гэтым сьвеце, у Беларусі. Ведаю, што гэта ня толькі асабістае ўспрыняцьце. Так адчуваюць многія з нас, дэпутатаў Апазыцыі Народнага Фронту.

Гаворыць Ігар Гермянчук
Калі цяпер пачынаеш аналізаваць хаду ўсёй нашай 200-гадовай гісторыі пад расейскім заборам, то бачыш, што ў жніўні 1991 году на працягу некалькіх дзён стварыліся ўнікальныя магчымасьці свабоды. Таталітарная імпэрыя (СССР) дала слабіну, трэснула ва ўнутранай барацьбе за ўладу. Трэба было імгненна і рашуча скарыстаць гэты час, пакуль зьвер не апамятаўся. Дзеля гэтага патрэбна была разумная, арганізаваная і легітымная сіла, якая мела права вырашаць. Усе краіны (Эстонія, Латвія, Летува, Украіна і інш.), што мелі такую сілу, скарысталі момант. Скарысталі момант і мы. Аднак у нас шанец быў найменшы, практычна, яго амаль не было. Дэнацыяналізаванае грамадзтва, антыбеларуская, антынацыянальная камуністычная партыя ўлады (ва ўсіх астатніх краінах кампартыі не былі цалкам антынацыянальнымі) і суадносіны сіл нацыянальнай свабоды і камуністычнай рэакцыі раўняліся ў нас у парлямэнце, як адзін да дзесяці. Вось такія зыходныя дадзеныя барацьбы.

Усялякая лёгіка і арыфмэтыка паказвала, што франтальнае змаганьне (нават ва ўмовах страху і разгубленасьці апанэнтаў пасьля правалу камуністычнага путчу) прывядзе да паразы, усялякае камбінатарства, дыпляматыя і кампрамісы – тым больш – да ганебнай паразы. Нельга перамагчы ў парлямэнце, калі суадносіны 1 супраць 10. Быў толькі адзін шлях і правільнае выкарыстаньне моманту – гэта атака на іхны страх, дэманстрацыя рашучасьці і сілы, і адначасна – імкненьне перацягнуць бальшыню на свой бок хоць на момант, хоць на кароткі час (бо патрэбныя былі галасы), каб здабыць галоўнае – незалежнасьць краіны. Магчымасьць свабоды вісела ў паветры. Ад выбару тактыкі тут залежала амаль усё. І галоўнае было – не нарабіць памылак.

Сухая стэнаграма не перадае ні эмоцыяў, ні атмасфэры, ні таго напружаньня, якое існавала ў залі. Шмат падзеяў і заяў, якія не фіксаваліся праз мікрафон як выступы, натуральна, у стэнаграме таксама не адлюстраваныя (я не кажу ўжо пра напружаную кулюарную працу, дыскусіі, размовы, абмеркаваньні).

Не перадае стэнаграма таксама вельмі важнага, менавіта: тону размовы, асаблівай афарбоўкі выступаў, якія ў эмацыйных абставінах маюць значэньне. Натуральна, не адлюстравана тое, што гаварылася без мікрафона але ўплывала на агульныя паводзіны.

Дыскусія. Выступае Зянон Пазьняк. (Фота з тэлевізара)
Затое ў стэнаграме добра відаць форма і этыка дыскусіі паміж ярымі апанэнтамі, частка якіх усяго пару дзён таму рыхтавала наручнікі, закратаваныя вагоны і расстрэлы для іншай часткі дэпутатаў, а некаторыя (напрыклад, камуніст Міхаіл Жэбрак) нават у вочы казаў, што нам, фронтаўцам, ужо канец, і будзе расправа. (Дарэчы, зьвернем увагу на ягоны выступ за незалежнасьць у канцы сэсіі, пасьля перамогі нашай тактыкі.) Стэнаграма адлюстроўвае ветлівую, паважлівую дыскусію (у рэальнасьці – зацятых ворагаў). Ні аднаго зьняважлівага слова, ніякіх абразаў, нянавісьці ці, тым больш, грубасьці не было; зварот да кожнага, нават самы рэзкі і крытычны, суправаджаўся словамі “шаноўны”, “паважаны”, “вельмі шаноўны” і г. д. Там, дзе трэба, там была падзяка ці прабачэньне. Нават у эмацыйных выкрыках і абвінавачваньнях “безь мікрафонаў” у пачатку сэсіі, ці ў час недапушчэньня на трыбуну сакратара ЦК КПБ А. Малафеева, не прагучала ніводнай асабістай абразы ці грубых вульгарных словаў (хаця дэпутаты часам ня тое, што крычалі, але раўлі).

Напружаньне і эмоцыі трымаліся ў пэўных рамках, не пераступалася мяжа прыстойнасьці. Зрэшты, так было заўсёды, і абумоўлена яно, перш за ўсё, агульным узроўнем звычаёвай культуры ў нашай краіне. Другое – гэта было абумоўлена нашым асаблівым апазыцыйным клопатам пра дачыненьні. У парлямэнце, дзе нас дзясяткі, а камуністаў сотні, перамагчы іх у нечым можна было толькі іхнымі ж галасамі. Таму жорсткая (але не зьняважлівая) крытыка ў парлямэнце і паважлівыя асабістыя адносіны ў кулуарах – такі быў прынцып нашага існаваньня і працы ў палітычна варожым дэпутацкім асяродзьдзі. Мы за гэтым сачылі і самы сябе кантралявалі.

Аднойчы, напрыклад, адзін наш вясёлы дэпутат публічна ў залі кінуў рэпліку зь месца, цытуючы Маякоўскага (“и не повернув головы качан”) у дачыненьні да вельмі рэакцыйнага і злоснага ветэрана-камуніста, прозьвішча якога было “Качан” і які нечага ня мог уцяміць, гаворачы нам насуперак. Камуніст пакрыўдзіўся і залямантаваў: “Как не стыдно, а ещё образованный чаловек”. Памятаю, што ў залі я толькі паглядзеў на калегу, і той зразумеў – тут жа падышоў да М. Качана і папрасіў прабачэньня.

У палітыку нельга ісьці з бытавымі замашкамі. Мы не павінны былі мець сярод гэтай палітычна варожай масы яшчэ і асабістых ворагаў. Адносіны на ўзроўні асобаў мусілі быць ветлівымі і людзкімі. І гэта шмат дапамагала нам у палітычным змаганьні (як кажуць, трэба ведаць беларусаў).

3


19 жніўня, у першы ж дзень маскоўскага праімпэрскага путчу, Апазыцыя БНФ вывела людзей на плошчу перад Домам ураду. Мы запатрабавалі ад кіраўніцтва ВС і Саўміну, старшыні КДБ і міністра ўнутраных спраў выкананьня Канстытуцыі і законаў, заявілі аб неабходнасьці скліканьня нечарговай сэсіі аб прыняцьці Незалежнасьці.

Тры дні на наш заклік тысячы людзей выходзілі на плошчу пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, пашыраліся ідэі супраціўленьня камуністычнай рэакцыі, гуртаваліся вайскоўцы, якія падтрымлівалі ідэі і палітыку БНФ.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ у ВС БССР Сяргей Навумчык і Юры Беленькі на плошчы. Жнівень 1991 г. Фота Ўладзімера Кармілкіна.
Камуністычны путч у Маскве праваліўся раптам на трэці дзень (21 жніўня). За гэты час ЦК КПБ і некаторыя іншыя партыйныя структуры і асобы ўжо засьведчылі сваю падтрымку ГКЧП. Адчувалася, што ў Беларусі ідзе падрыхтоўка, намэнклятура не хавала сваёй узбуджанай радасьці. Яшчэ дзень-два, і яны б выявіліся ўсе, падтрымалі б ГКЧП дзеяньнямі.

Але тут раз – і канец, правал, жорсткія заявы і ўказы Ельцына і Гарбачова адносна КПСС і путчыстаў, арышт закапёршчыкаў перавароту, самагубства Пугі* і г. д. А ў Менску – мітынгі БНФ, заклікі некаторых людзей граміць ЦК КПБ, патрабаваньне тэрміновага скліканьня надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету. Ня дзіва, што камуністычнай намэнклятуры стала млосна ад страху і невядомасьці.

Наша барацьба за тэрміновае скліканьне надзвычайнай нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету – гэта цэлая гісторыя. Дзейнічаць трэба было вельмі хутка, пакуль камуністы ў Беларусі не апамяталіся і ў Маскве што-небудзь не перамянілася. Нас падтрымаў (хоць і са скрыпам) першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету С. Шушкевіч і на 24 жніўня сэсію прызначылі. (Старшыня Вярхоўнага Савету М. Дземянцей і апаратная намэнклятура не хацелі хуткага збору).

На сэсію яны, аднак, прыехалі даволі дружна, з апушчанымі галовамі і разгубленымі тварамі. Некаторыя храбрыліся, імкнуліся ўдаваць, што нічога ня здарылася.

Гэты фрагмэнт з фільму А. Лукашука і Ю. Гарулёва "Дэпутаты" – адзіныя здымкі працы дэпутатаў БНФ над дакумэнтамі аб незалежнасьці ў дні перад сэсіяй. Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, пакой 363 Дому ўраду. Жнівень 1991 г.

Задачы перад намі былі ня тое, што складаныя, – незвычайныя. Трэба было дамагчыся, каб Вярхоўны Савет зацьвердзіў прапанаваны намі парадак дня; трэба было прыняць дакумэнты, якія мы падрыхтавалі (а мы за суткі напісалі 14 законапраектаў, пастановаў і заяваў), адправіць у адстаўку старшыню Вярхоўнага Савету М. Дземянцея, яго намесьніка В. Шаладонава і ўвесь Прэзыдыюм, спыніць дзейнасьць кампартыі ў Беларусі і аб’явіць незалежнасьць краіны праз наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Дзеля гэтага мы мусілі зрабіць дзьве рэчы: зламаць волю намэнклятуры (выкарыстаўшы яе страх і шокавы стрэс пасьля правалу путчу), каб забараніць кампартыю іхнымі ж галасамі; потым – перацягнуць іх на свой бок, каб аб’явіць дзяржаўную незалежнасьць Беларусі як агульную неабходнасьць і агульную справу.

Саюзьнікамі тут у нас былі дэпутаты Дэмклюбу, некаторыя “незалежнікі” і дэпутаты-“перабежчыкі”. Усяго разам з намі – каля 80-85 асобаў. Гэта менш, чым адна траціна (усіх дэпутатаў – 345, зарэгістравалася на сэсіі– 267). За астатнія галасы, волю і сьвядомасьць дэпутатаў трэба было змагацца.

У залю мы ўвайшлі з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам (несьлі Г. Сямдзянава, потым В. Голубеў, які паставіў яго ў прэзыдыюм сэсіі). Камуністы пачалі абмяркоўваць месца для сьцяга і галасаваць супраць. Каб не даць намэнклятуры збочыць ад галоўнай тэмы сэсіі, мы тут жа прынялі сьцяг з прэзыдыюму і зьмясьцілі яго ў залі ў нашым 1-м сэктары. (“Нічога, мы пачакаем”, – сказаў я тады камуністам.) Мы адразу паставілі пытаньне аб адхіленьні М. Дземянцея ад вядзеньня сэсіі і аб перадачы гэтай функцыі першаму намесьніку С. Шушкевічу.

Дыскусія. Выступае Аляксандар Шут. У пэрспэктыве ля мікрафона Мікалай Крыжаноўскі
Тут узьняўся ярасны шквал крытыкі, абвінавачаньняў Дземянцея (які падтрымаў ГКЧП) і ўсяго прэзыдыюму. (У стэнаграме гэта, натуральна, не адлюстравана.) Крычалі без мікрафону з розных канцоў залі, але “дэцыбэлы” вытвараліся такія, што і мікрафоны былі непатрэбныя. Дземянцей, як партыйны апаратчык прывучаны да біцьця, нэрвова тузаючыся, вытрымаў атаку, але на іншых намэнклятуршчыкаў яна падзейнічала адпаведна (нагнала яшчэ больш страху). Тым больш, што яны добра ведалі абставіны ў краіне пасьля путчу, а на плошчу перад Вярхоўным Саветам БНФ вывеў дзясяткі тысячаў людзей, якія патрабавалі трансьляцыі на плошчу і дапусьціць прадстаўнікоў ад плошчы ў залю сэсіі (патрабаваньні былі задаволеныя).

Прыступілі да фармаваньня парадку дня сэсіі. Пачалі засьведчваць сваю пазыцыю так званыя дэпутаты-“перабежчыкі”, якія раней памоўчвалі альбо пагаджаліся з камуністамі. Асабліва пафасна адзначыўся наш беларускі касманаўт-генэрал Уладзімер Кавалёнак. Прадстаўляючыся, ён назваў сваю парлямэнцкую прыналежнасьць так: “Ад апазыцыі!”. І аб’явіў, што ён выйшаў з шэрагаў КПСС. Усе ведалі, што ён у апазыцыю не ўваходзіў. Але гэты трук успрынялі аплядысмэнтамі. На зьбянтэжаных камуністаў выбар Кавалёнка падзейнічаў прыгнечана і злавесна.

Пасяджэньне дэпутацкай апазыцыі БНФ. Фота С. Навумчыка.

Тут, адыходзячы крыху ўбок, растлумачу, што Кавалёнак тады зарыентаваўся хутка, дакладна і рашуча, пачаў нават у перапынках хадзіць на плошчу разам з намі і размаўляць зь людзьмі. А аднойчы, ідучы з гатэлю ў добрым настроі пасьля абеду, Кавалёнак збочыў да людзей, папрасіў у нейкага бел-чырвона-белы сьцяг і дэманстратыўна ўвайшоў зь ім у залю. Кур’ёзам стала тое, што выпадкова ён ўвайшоў у дзьверы разам з Інэсай Драбышэўскай і Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка якраз у гэты час ужо зразумеў, што ўсё ідзе да аб’яўленьня незалежнасьці і голасна адмовіўся ўдзельнічаць у сэсіі (адлюстравана ў стэнаграме). Ён прагаласаваў толькі адзін раз супраць парадку дня сэсіі і, выступіўшы сумнеўна аб сувэрэнітэце, больш не рэгістраваўся і не выступаў (гэта значыць, фармальна адсутнічаў на сэсіі, каб ня быць прыналежным да яе рашэньняў).

Кур’ёз яшчэ і ў тым, што пазьней, гадоў праз 10, падлыжныя журналісты, успомніўшы гэты эпізод з Кавалёнкам, напісалі, што Лукашэнка быццам бы ўнёс разам зь ім у парлямэнт сьцяг незалежнасьці. Магчыма, журналісты “чэсна” хацелі дагадзіць узурпатару, але атрымалася глупства.

Дыскусія. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарзе да мікрафона. Справа налева – Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў. (Кінакадар)

Дэманстрацыя патрыятызму і адзінства з БНФ у рэвалюцыйным 1991-м не перашкодзіла, аднак, Кавалёнку пазьней (калі зьмянілася сытуацыя і пачалася рэстаўрацыя намэнклятурнай рэакцыі) гэтак жа голасна заявіць у Вярхоўным Савеце, што БНФ – гэта “фашызм”, а фронтаўцы – “фашысты”, сарваўшы бурныя аплядысмэнты камуністычнай намэнклятуры**.

Зацьвярджэньне парадку і зьместу працы сэсіі заняло большую палову дня. Дэпутаты-камуністы не хацелі, каб Вярхоўны Савет разглядаў пытаньне пра правалены камуністычны путч у Маскве і датычнасьць да яго камуністычнага кіраўніцтва БССР. Таму, нягледзячы на перапалох, супраціў быў доўгім і ўпартым (тое можна прасачыць па стэнаграме).

Мы адразу нанесьлі ўдар па самай рэакцыйнай групе намэнклятуры (30 галасоў), па так званых “вэтэранах” вайны і працы (у рэальнасьці – у асноўным НКВД-КГБ), якія падтрымалі путч.

Дыскусія ў залі. Зьлева Сяргей Навумчык, справа Яўген Глушкевіч

Ад Апазыцыі выступіў Сяргей Навумчык і паставіў пад сумненьне факт рэгістрацыі гэтай арганізацыі. Яго падтрымаў Яўген Глушкевіч (Дэмклюб). Пытаньне стаяла фактычна аб выключэньні “вэтэранаў” са складу Вярхоўнага Савету. (Людзі іх не выбіралі, у склад дэпутатаў яны былі ўключаны, згодна з савецкім заканадаўствам, па квоце ад вэтэранскай арганізацыі, а цяпер стала вядома, што гэтая арганізацыя не была перарэгістраваная ў Мін'юсьце). На момант сэсіі не было яе перарэгістрацыі. Дэпутат Генадзь Майсееў (падпісант Апазыцыі БНФ) прапануе ў сувязі з гэтым адкласьці галасаваньне па зацьвярджэньні новага псэўдадэпутата-вэтэрана (ўзамен памерлага).

Інфармацыя выклікала жах і разгубленасьць у “вэтэранскай” публікі. Становішча няўклюдна пачаў ратаваць міністар юстыцыі Л. Дашук (які сам падтрымаў ГКЧП). Урэшце Вярхоўны Савет паверыў на слова Дашуку, што рэгістрацыя існуе. Нам трэба было далей “ціснуць” гэтае пытаньне, запатрабаваць прадставіць дакуманты і г.д. Але ў працягу дыскусіі пытаньне перабілася іншымі важнымі тэмамі і да яго больш не вярнуліся (бо была небясьпека збочыць ў сьляпы завулак і завязнуць).

Істотную шкоду тут рабіў таксама Станіслаў Шушкевіч, які на працягу ўсёй сэсіі стараўся заблытаць, загаварыць пытаньні, пастаўленыя Апазыцыяй БНФ і адвесьці размову ўбок, пераключыць на іншыя тэмы. Ён быў вельмі актыўны ў гэтай разбуральнай працы (тое добра відаць у стэнаграме). Характэрны ягоны праём, які сынхронна падтрымліваў старшыня камісіі па заканадаўстве Д. Булахаў, – гэта перанесьці актуальнае пытаньне на наступную сэсію. Мы часам дзіву даваліся ягонай вынаходлівасьці супраць нашай пазыцыі.

Сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня, другі сакратар ЦК КПБ А. Камай і першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. 1991 г.
Ад камуністычнай намэнклятуры больш-менш апамятаўся толькі Міхаіл Мачуленка – другі сакратар гомельскага абкаму КПБ (КПСС). Ён і ўзяў на сябе ролю нефармальнага лідэра ўсёй іхняй парлямэнцкай бальшыні на гэтай сэсіі. Астатнія былі разгубленыя, напалоханыя і няўпэўненыя. Сакратары ЦК КПБ В. Ціхіня і А. Камай сядзелі ціха. Ціхіня ўвогуле не падаў голасу на сэсіі.

Найбольшы супраціў Апазыцыі БНФ (прытым пасьлядоўны, амаль на працягу ўсёй сэсіі) аказалі ўсё ж дзьве асобы: Станіслаў Шушкевіч і Дзьмітры Булахаў. Шушкевіч сумбурна і шматслоўна супраціўляўся прыняцьцю нашага парадку дня сэсіі, падтрымліваў намэнклятуру і выкручваўся, як толькі мог. Асабліва абсурднай выглядала ягоная прапанова ўключыць у парадак дня пункт аб “саюзным дагаворы” у той час, калі СССР ужо фактычна разваліўся на нашых вачах, а дзейнасьць КПСС ужо спынілі ў Расеі. Шушкевіч разам з часткай слаба думаючай намэнклятуры гэтага яшчэ, відаць, не разумеў і клаўся касьцьмі, каб на сэсіі разглядаць і рухаць наперад пытаньне аб заключэньні новай дамовы пра СССР.

Былі моманты, калі пытаньне аб парадку дня, здавалася, ужо падвісала ў паветры. Тады некалькі разоў на працягу сэсіі да мікрафона падыходзіў Яўген Глушкевіч (асоба блізкая да ідэяў БНФ, адзін з кіраўнікоў Дэмклюбу) і пагражаў, што зьвернецца да людзей на плошчы. Адзін раз нават паведаміў, што на плошчы створана нацыянальная гвардыя і “ўжо запісалася 300 чалавек”***, то каб намэнклятуршчыкі спынілі тут сабатаж сэсіі і не спакушалі лёс. Гэта дзейнічала. Тым больш, што Глушкевіч быў, як кажуць, са “сваіх” – у мінулым першы сакратар аршанскага гаркаму КПБ (КПСС) і загадчык аддзелу Віцебскага абкаму****.

У гэты ж час на сэсіі адбыўся даволі важны інцыдэнт, які паўплываў на паводзіны камуністаў. У пэўны момант (як мне здалося, нават без дазволу старшыні сэсіі) да трыбуны важна пасунуўся надзьмуты першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. (Ён быў народным дэпутатам СССР і таму прысутнічаў на сэсіі. Нагадаю, што за саветамі першаму сакратару ЦК належала фактычна ўся непадкантрольная народу ўлада ў краіне). Дэпутаты Апазыцыі зрэагавалі імгненна, і з усіх канцоў залі з крыкамі “прэч” кінуліся яму напярэймы (і наперадзе ўсіх Галіна Сямдзянава). Малафееў падтрымаў ГКЧП і рыхтаваў путч у Беларусі. На той час ён выглядаў злачынцам, адыёзнай фігурай. Усе дэпутаты большасьці Вярхоўнага Савету паўскоквалі зь месцаў і стаялі разгубленыя. Да рукапашнай, дзякуй Богу, не дайшло. Да Малафеева нават не дакрануліся, але з трыбуны сагналі, і ён рэціраваўся.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ праганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ(КПСС) Анатоля Малафеева, які падтрымаў маскоўскі путч (ГКЧП). Зьлева на пярэднім пляне Галіна Сямдзянава не дае яму падысьці да трыбуны.

Вось тут у намэнклятуры адбыўся яшчэ адзін істотны надлом. Іхняга, такога недатыкальнага, важнага вярхоўнага начальніка пагналі з трыбуны, як цюцьку ці як бамжа, і ён патаптаў на сваё месца. Увесь аўтарытэт і вага яго тут жа зьнізіліся ў гэтай сытуацыі ў іхных вачах амаль да нуля. Яны ўбачылі, што ніякай абароны і ніякага заступніцтва ня будзе. (Дарэчы, калі б мы бесьперашкодна дапусьцілі выступ у Вярхоўным Савеце вярхоўнага начальніка намэнклятуры, які абвінавачваецца ў галоўным злачынстве, то, не сумняваюся, вельмі ўскладнілі б сабе далейшую барацьбу на сэсіі. Намэнклятура, адчуўшы падпорку, магла б пачаць больш актыўна і неразважна ўсёй сваёй масай супраціўляцца.)

Ні Шушкевіч, ні Булахаў, аднак, не ацанілі належным чынам гэтага ўдару па камуністах і працягвалі надалей заблытваць пытаньне і тапіць нашыя прапановы па парадку дня. Булахаў плёў розную надуманую юрыдычную казуістыку (якая ня мела ніякага значэньня ў тых палітычных абставінах), а Шушкевіч вар’іраваў свае дэмагагічныя прыёмы, паўтараючы пра “згоду” ўсіх у Вярхоўным Савеце (у пытаньнях, дзе згоды не магло быць). Практычна, атрымлівалася, што Шушкевіч сходу і заўзята адстойваў пазыцыю камуністаў (сутнасьць якой была – захавацца ва ўладзе).

Выступае Валянцін Голубеў.
Абгрунтаваньне прапаноў па парадку дня ад Апазыцыі БНФ і крытыку супраціву намэнклятуры па даручэньні фракцыі зрабіў Валянцін Голубеў. Змаганьне з камуністамі на сэсіі – гэта была барацьба лёгікі з дэмагогіяй.

Асабліва ярасны супраціў пазыцыі Фронту праявіўся пры абмеркаваньні пытаньня аб увядзеньні ў парадак дня праекту канстытуцыйнага закону аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Вядучую ролю апанэнта тут зноў прадэманстраваў С. Шушкевіч. Супраціўляючыся разгляду пытаньня пра незалежнасьць, ён пераўзыходзіў часам самога сябе. “Гэта на мяжы бязглузьдзіцы, – нэрваваўся Шушкевіч, – наданьне канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі БССР – гэта пярэчыць самой Дэклярацыі!” І далей: “Адразу надаць канстытуцыйны статус – гэта проста немагчыма. Мы зробім хаос у нашай дзяржаве” (стар. 7, 13 – бюлетэнь 2).

Нам тады не было часу думаць аб матывах ягоных такіх паводзінаў, трэба было змагацца зь яго пазыцыяй. Шматслоўны і актыўны супраціў Шушкевіча статусу незалежнасьці часам прымаў нейкія адчайныя формы. Ён пачынаў гаварыць несусьветныя глупствы, ні трохі не пераймаючыся адмоўнымі ацэнкамі, сьмехам і кпінамі ў свой адрас. Вось, напрыклад:

“Паважаныя народныя дэпутаты! Я хачу ўнесьці як намесьнік старшыні такую прапанову. Давайце ўключым пункт, у гэтых жа дужках, аб паскарэньні, аб мерах па паскарэньні рэалізацыі палажэньняў Дэклярацыі. Бо аб наданьні канстытуцыйнага статусу – гэтага нельга ўключаць. А паскараць рэалізацыю Дэклярацыі трэба” (стар. 13 – бюлетэнь 2).

“Як можна паскараць прававы акт? – зьдзекаваліся з такой прапановы дэпутаты-юрысты. – Яго трэба рэалізоўваць” (стар. 20 – бюлетэнь 2). “Прапанова дэпутата Шушкевіча абсалютна непрымальная, – суха канстатавалі дзіўную прапанову іншыя дэпутаты. – Гэта тое самае, што галасаваць за ўсход сонца ў шэсьць гадзін раніцы”. (стар. 16 – бюлетэнь 2).

(Увогуле ў той час (1990-1991 гг.) С. Шушкевіч быў гэтакім сумбурным непрымальнікам незалежнасьці Беларусі. У інтэрвію для друку казаў, што незалежнасьць – гэта “жарт” (“Навіны БНФ “Адраджэньне”, 3, 1991), стараўся падтрымліваць дэмагогію М. Гарбачова і пры аказіі ўкалоць БНФ, які выцягнуў яго ў палітыку і на вяршыню ўлады.

Улічваючы, што добрая палова камуністычных дэпутатаў слаба арыентавалася ў канстытуцыйнай сытуацыі, гэтакае гаварэньне з трыбуны кіраўніцтва Вярхоўнага Савету было вырабленай прапагандай супраць незалежнасьці. Нават некаторыя разумнейшыя намэнклятуршчыкі не ўспрымалі такой таннай дэмагогіі.

Дэпутат Уладзімер Гаркун, напрыклад, выразна сказаў, што пытаньне пра канстытуцыйнасьць Дэклярацыі трэба ўключаць у парадак дня. Дарэчы, калі меркаваць па вазе ўплыву, то слова Гаркуна было важнейшым за ўвесь слоўны сэрпантын Шушкевіча, бо Гаркун быў для намэнклятуры “свой”, а Шушкевіч – толькі абслуга, чужак, які падладжваецца.

Словам, незаўважна для Шушкевіча і Булахава лёд скрануўся, маса прыгнечанай намэнклятуры здрыганулася, імпэт асобных супраціўленцаў і актывістаў вычарпаўся, і неўзабаве мы іх даціснулі, парадак дня быў нарэшце прыняты ў значнай ступені такі, на якім настойвала Апазыцыя БНФ.

4


Ізноў узьнікла пытаньне пра адстаўку Дземянцея, задэкляраванае намі ў самым пачатку сэсіі. Дземянцей не павінен быў весьці паседжаньне Вярхоўнага Савету. Функцыі сьпікера павінен быў узяць на сябе першы намесьнік С. Шушкевіч.

Выступае Сяргей Папкоў

Выступаючы з гэтым патрабаваньнем і бачачы імпэт Шушкевіча супраць нашай палітыкі і ягоныя стараньні на карысьць намэнклятуры, мы разумелі безвыходнасьць становішча. Іншых рэальных варыянтаў не было. Дземянцей не павінен быў застацца на пасадзе. І тут мы пайшлі б на ўсё. Нават запрасілі б у залю народ з плошчы, каб людзі вынесьлі яго, абшчыпанага, на руках, бо інакш мы на сэсіі не перамаглі б*****. Справа ня ў “шэрай” асобе Дземянцея і яго экзатычным словаблудзтве (у стэнаграме ягоныя сумбурныя выступы папраўленыя і пачышчаныя, відаць, па просьбе самога Дземянцея. – З.П.). Справа ў яго палітычнай віне і няўхільнасьці расплаты. Расплата павінна была адбыцца. І гэта стала б дэманстрацыяй нашай сілы перад напалоханай намэнклятурай. Інакш мы іхнюю масу маглі б не зламаць.

Так што замена Дземянцея на Шушкевіча гэта не была замена “быка на індыка”, а неабходны крок для ажыцьцяўленьня перамогі, што б там Шушкевіч ні вытвараў. (Яго, дарэчы, намэнклятура за “свайго” не ўспрымала, як ён перад ёй ні слаўся. У будучыні, аднак, мы атрымалі ад ягонага сьпікерства такі галаўны боль, ад якога яшчэ і нашчадкі збавіцца ня могуць.)****** Шушкевіч быў тыповай кампраміснай фігурай паміж двух агнёў: БНФ і КПСС. Сытуацыя барацьбы паміж Фронтам і КПСС вынесла Шушкевіча наверх (“без лишней драки попал в большие забияки”). Апынуўшыся на вяршыні ўлады, Шушкевіч ухітрыўся так залезьці пад скуру адным і другім, што празь нейкі час ганебна страціў сваю пасаду. Але вернемся да Сэсіі Незалежнасьці.

На М. Дземянцея ціснулі, каб сам пакінуў пасаду. Ён упарціўся, як толькі мог, хаця ўжо, як я пісаў, здрыганулася нешта ў залі. Для мяне паводзіны Дземянцея былі добра зразумелыя, ведаючы яго сэрвільную натуру і камуністычныя парадкі ў сыстэме партыйнай улады. На старшыню Вярхоўнага Савету яго прызначыла і правяло Бюро ЦК КПБ (як звычайна гэта рабілася за саветамі), і Дземянцей ня мог самавольна адмовіцца ад пасады бяз санкцыі партыйнага начальства.

Дыскусія ў залі. У цэнтры Сяргей Навумчык, зьлева Генадзь Майсееў (паказвае рукой убок). Далей зьлева сядзіць і паказвае пальцам на С. Навумчыка дэпутат-сьвятар Віктар Радамысьльскі. (Здымак з друку)


Атмасфэра ў залі зноў напалілася да мяжы. Упартасьць Дземянцея ўжо ламала цярпеньне апазыцыйных дэпутатаў. Зьявіліся нават ідэі падзяліць Вярхоўны Савет і стварыць паралельны. Актыўны Глушкевіч чарговы раз прыстрашыў намэнклятуру: “Калі мы ня вызначымся на працягу гэтых дзьвюх гадзін (гэта значыць, да перапынку – З.П.), паралельная структура будзе створаная. Зараз ужо фармуецца нацыянальная гвардыя... Мы абяцалі народу парадак, але далей так існаваць мы ня будзем. Думайце!”. Пра гэта ж казаў В. Голубеў, С. Антончык і іншыя дэпутаты Апазыцыі.

Мне таксама на працягу сэсіі пастаянна прыходзілася выступаць і ўкліньвацца ў розныя пытаньні, ведаючы, што намэнклятура будзе ўважна прыслухоўвацца, каб лепш зразумець, чаго мы хочам і што будзем рабіць.

Зусім зьбянтэжыў намэнклятурных сакратароў і апаратчыкаў выступ аднаго зь іх, які паведаміў, што толькі што на плошчы адбылося “физическое насилие” над сакратаром ЦК КПБ дэпутатам таварышам В. Ціхінем. Па яго словах, людзі Ціхіню зьбілі. Мы ўсе пра гэта нічога ня ведалі і маўчалі. Па залі прабег шум, нібы трывожны ветрык. Нехта спрабаваў абурацца, нехта пачынаў круціцца. Сытуацыю праясьніў Сяргей Навумчык, які супакоіў намэнклятуру тым, што ніхто Ціхіню, маўляў, ня рушыў, яго проста абплявалі.

Гэта была праўда. Калі Ціхіня ішоў у Вярхоўны Савет, на яго кінуліся нястрыманыя людзі, каб адлупіць, але дружыньнікі Фронту, стаўшы ланцугом і ўзяўшыся за рукі, не дапусьцілі расправы. Тады на Ціхіню пачалі здалёку пляваць, і сакратару ЦК крыху з таго дасталося.

У сваім выступе ад Апазыцыі на пачатку сэсіі я канстатаваў, што камуністычная намэнклятура вядзе да зрыву пытаньняў, пастаўленых на сэсіі, і заклікаў людзей і ўсе прадпрыемствы Беларусі рыхтавацца да ўсеагульнай забастоўкі.

Тое ж ад страйкаму пацьвердзіў Сяргей Антончык. Гэта ўсё вісела над абставінамі ў залі.

Патрэбны быў тэрміновы перапынак і кулюарныя перамовы, бо абстаноўка імкліва нагняталася, і разумнейшыя намэнклятуршчыкі шукалі выйсьця.

5


Пасьля перапынку, перамоваў і кансультацыяў было аб’яўлена, што Дземянцей ідзе ў адстаўку сам. Усё стала зразумелым. Дземянцея здалі, і маса пачала трашчэць. Тым ня менш, ні Шушкевіч, ні Булахаў яшчэ не зразумелі, відаць, што намэнклятура пачала франтальна адступаць, і працягвалі блытаць пытаньні. (Дарэчы, без рашэньня Малафеева Дземянцей ня здаўся б, і вопытныя намэнклятуршчыкі гэта разумелі).

Дземянцею далі апошняе слова. Гэта было “нешта”. Гучэў такі крыклівы сумбур, якога рэдка даводзілася чуць*******. У пэўным моманце ён пачаў быў узбуджаць у прысутных жаласьць да сваёй асобы, казаў, што ваяваў у партызанах і ў 14 гадоў быў паранены ў нагу, закасваў нават калашыну і паказваў усім голую лытку. (Нехта зь нездаволенай вэтэранскай намэнклятуры пры гэтым бурчэў, што ў 14 гадоў “гэта яго сабака за лытку абарваў, смаркача”).

Пасьля выдаленьня Дземянцея з кіраўніцтва Вярхоўнага Савету мы спрабавалі яшчэ зьняць В. Шаладонава і ўвесь прэзыдыюм, але тое ўжо мела меншае значэньне. Гэтыя задачы не ўдалося давесьці да завяршэньня. Вярхоўны Савет прыступіў да палітычнай ацэнкі путчу і датычнасьці да яго кіраўнікоў КПБ (КПСС) у Беларусі. Потым перайшлі да пытаньня аб забароне ў Беларусі дзейнасьці КПБ (КПСС).

Як толькі С. Шушкевіч пераняў чыннасьці сьпікера, ён адразу выказаў шэраг блытаных прамоваў пра згоду, дэмакратыю і канстытуцыйны парадак, сказаў пра свой сорам за ўсіх дэпутатаў, што не далі выступіць першаму сакратару ЦК КПБ А. Малафееву і неўзабаве запрасіў яго на трыбуну.

Фрагмэнт менскага сэктара дэпутатаў Вярхоўнага Савета. На пярэднім пляне Вікатар Ганчар (са схіленай галавой), за ім Галіна Сямдзянава (БНФ), далей Валянцін Голубеў (БНФ), далей справа Сяргей Папкоў (БНФ), зьлева камуніст-генэрал Анатоль Новікаў, далей камуніст-ветэран Міхаіл Жукоўскі, замыкае пэрспэктыву Алег Трусаў (БНФ). 1991 г. (Фота з тэлевізара)

Апазыцыя БНФ выйшла з залі. Але нас ужо другое зьяўленьне Малафеева не бянтэжыла. Дземянцей зьняты, пералом абазначыўся, і сагнаны раней Малафееў цяпер, як кажуць, “ня той герой”, каб нешта паправіць. Дый сам ён добра-такі ператрусіўся. Сытуацыя ўжо пахілілася ў наш бок. Акрамя таго, некаторыя члены прэзыдыюму пасьля перамоваў прасілі мяне даць магчымасьць (не парашкаджаць) выступіць Малафееву, каб пасьля зьняцьця Дземянцея ён праясьніў становішча КПБ, казалі, што ён, маўляў, падтрымае незалежнасьць і зьбіраецца адступіць. Я адказаў “па-кітайску” (што мы не пагаджаемя на выступ і пакінем залю). Зрэшты, нядрэнна было б і даведацца, як зьбіраецца “адступаць” КПБ.

Як аказалася, прамова Малафеева (нягледзячы на спробу выглядаць салідна) – гэта была ўжо цяпер праграма капітуляцыі, якая толькі ўзмацніла нашыя пазыцыі, бо стала знакам для капітуляцыі намэнклятуры. Па-першае, Малафееў вымушаны быў наступіць на “горла ўласнай песьні” і некалькі разоў сказаў, што Беларусь “ідзе да сваёй самастойнасьці”. Напярэдадні нашай сэсіі Міхаіл Гарбачаў заявіў пра роспуск КПСС, і, каб уратаваць скуру, Малафееў агучыў наступнае: “Учитывая то обстоятельство, что республика начинает приобретать свой суверенитет не на словах, а на деле, мы сегодня посоветовались с партийным активом и пришли к выводу, что компартия республики должна выйти из КПСС”. Далей ён сказаў пра пляны зьезда, на якім павінны быць прыняты праграма і статут новай камуністычнай партыі ў Беларусі.

У заключэньне, разумеючы, што камуністам канец, ён гэтак салідна паведаміў, што трэба пайсьці насустрач і падтрымаць дэпартызацыю на прадпрыемствах і ўстановах. Сказаў пры гэтым, што ён “совершенно чист перед людьми”, і важна аддаліўся.

І ўся б гэтая ілюзія прыстойнасьці, магчыма, пры ім і засталася, калі б вострая на язык Г. Сямдзянава не сапсавала яму ўсю “абедню”. Улучыўшы момант, яна паведаміла дэпутатам гэтакім варкуючым голасам: “Я хачу скласьці свае прабачэньні спадару Малафееву ў сувязі з тым, што я стала на трыбуне грудзьмі на яго абарону. (Гэта калі праганялі Малафеева, і Сямдзянава першая. – З.П.) Я думала, што ён, як прыстойны чалавек, вырашыў на трыбуне пакончыць жыцьцё самагубствам, як робяць прыстойныя людзі ва ўсім сьвеце. А ён аказваецца, хацеў аб’явіць аб тым, што пераходзіць у іншую партыю. Таму я лічу, што мы павінны даць прынцыповую ацэнку і абавязкова забараніць дзейнасьць злачыннай арганізацыі ў рэспубліцы”.

Малафееў пачынае сапці і няўцямна глядзець на Сямдзянаву. У гэты час узьвіўся, як вуж, Міхаіл Мачуленка: “Я категорически протестую против выпадов, против глумления над личностью, а тем более народного депутата СССР товарища Малофеева. И прошу вас, Станислав Станиславович, выдворять авторов подобных выпадов за пределы этого зала.”

Тут дэпутат-поп, інтэлектуал і віція Віктар Радамысьльскі******** (выступаў на баку Апазыцыі БНФ) і кажа яму гэтак збоку, што “вздор говорите, уважаемый депутат Мачуленко. Никто не может ни выдворить, ни арестовать, ни даже дотронуться до народного депутата, согласно закона”.

“Уважаемый духовный отец! – зазьвінеў звонкім голасам Мачуленка. – Вы бы вообще не занимались политикой”.

Усё гэта паказвае, як намэнклятуры і яе нефармальнаму лідэру на сэсіі Мачуленку пачалі здаваць нэрвы, як іхныя рэакцыі і выпады рабіліся ўсё больш неадэкватнымі і роспачнымі.

Пры разглядзе пытаньня аб КПБ выявілася, што ў яе нават няма статута, і яна не зарэгістраваная ў Мінюсьце, а значыць дзейнасьць яе незаконная. Гэта стала сюрпрызам нават для партыйнай намэнклятуры, і зваліла іх, як сказаў бы сьвятар Радамысьльскі, “в уныние”. (Трымаючы ў руках абсалютную ўладу, навошта ім быў той статут і Мін'юст. Аж аказалася, што трэба было.)

Здаецца, ужо ўсе ўбачылі, што надыходзіць катастрофа для КПБ. Усе, акрамя, як ні дзіўна, Шушкевіча і Булахава. Аднак у пэўным моманце іхняя палавіністая пазыцыя тут ужо перастала ўплываць.

Адзіную сур’ёзную саступку, якую нам прышлося зрабіць, гэта замяніць у фармулёўцы слова “спыніць” на слова “прыпыніць”, а потым, з падачы Шушкевіча (дарэчы, у тых абставінах, талковай), на словазлучэньне “часова прыпыніць”. Мы пагадзіліся, ведаючы, што тут камуністам усяроўна будзе капец (як кажуць, няма ў палітыцы больш пастаяннага, чым часовае).

Такім чынам, дзейнасьць КПБ у Беларусі, а заадно і камсамолу (ЛКСМБ) была прыпыненая ў выніку галасаваньня дэпутатамі Народнага Фронту, Дэмклюбу і самой палітычна і псыхалягічна раздушанай камуністычнай намэнклятуры.

6

Нарэшце, падышлі да сэнсавага пытаньня ўсяе сэсіі – аб незалежнасьці краіны. Яшчэ калі вырашалася пытаньне аб спыненьні дзейнасьці КПБ (КПСС), мы вялі ўсю магчымую кулюарную працу, шукаючы напалоханых “саюзьнікаў”, каб неяк скруціць і пагнаць гэтую масу ў адным накірунку. Капітуляцыя Малафеева ўжо спрыяла павароту намэнклятуры да незалежнасьці. Гаварыць з Шушкевічам было бяз сэнсу, толькі трата часу, для яго незалежнасьць – гэта “новая саюзная дамова”. Здавалася, што ён часам не разумеў, што тут робіцца (дакладней, разумеў нешта па-свойму). Аўтарытэтам у намэнклятуры, найперш, быў Кебіч, бо ўсе яны (іхныя вобласьці і раёны) залежалі ад фінансаваньня і ад разьмеркаваньня Саўміну. Рычаг быў моцны.


З Кебічам у перапынках удавалася перакінуцца толькі кароткімі рэплікамі. Ён быў заклапочаны, але настроены прыхільна, дэманстраваў думаньне пра лёс “рэспублікі” і ўлады (і, адпаведна, сябе самога). І гэта была тады не паказуха. З дзяржаўнага кіраўніцтва ён, бадай што, адзіны, які імкнуўся ацэньваць падзеі больш-менш рэалістычна.

У адным зь перапынкаў Кебіч падыходзіць да мяне, дае аркуш паперы з тэкстам і кажа: “Вось паглядзіце, можа, якія заўвагі будуць. Зьбіраемся прапанаваць Вярхоўнаму Савету”. Гэта быў праект пастановы Вярхоўнага Савету, падрыхтаванай Саўмінам, “Аб забесьпячэньні палітычнай і эканамічнай самастойнасьці Беларускай ССР”.

Істотных заўваг па праекце Саўміну ў мяне не было. Гэта быў патрэбны дакумэнт, але я западозрыў, што могуць падмяніць пытаньне аб Дэклярацыі прыняцьцем гэтай пастановы, і сказаў пра гэта Кебічу. Ён запярэчыў і запэўніў, што падтрымлівае наданьне канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі як аснову незалежнасьці.

Падтрымка Кебіча і пазыцыя Саўміну тут была істотнай і, безумоўна, аблегчыла нам шлях да канстытуцыйнага афармленьня незалежнасьці краіны. Прыняцьце пастановы, прапанаванай Саўмінам, паказала б дэпутатам большасьці кірунак, куды трэба ісьці. Але каб гэты кірунак канчаткова сасьпеў у іхных галовах, патрэбны быў час на добрую дыскусію.

Дыскусія, тым ня менш, была ня лёгкай. Яна ня стала для нас адным толькі пераможным шэсьцем, але крок за крокам, цаглінка за цаглінкай выбудоўвалася ўсё ж сытуацыя пераважнай падтрымкі незалежнасьці і разуменьня яе неабходнасьці. Было нават некалькі асэнсаваных выступаў з боку камуністаў.

Шушкевіч убачыў, што і камуністы, і ўрад (Кебіч) сасьпелі ўжо, каб прыняць рашэньне аб незалежнасьці. Паводзіны яго сталі больш памяркоўнымі, але пытаньня незалежнасьці ён усяроўна сур’ёзна не ўспрымаў. Пазьней, праз сем гадоў, ён будзе апраўдвацца і скажа, што, маўляў, ня верыў, што гэтае пытаньне пройдзе, што дэпутаты прагаласуюць за незалежнасьць і, што калі ўсё ж прагаласавалі, тое стала для яго нечаканасьцю. (Гэта ў інтэрвію газэце БДГ ад 27 ліпеня 1998 году, цытату зь якога прыводзіць у адным з артыкулаў Сяргей Навумчык: Сяргей Навумчык-Зянон Пазьняк. Дэпутаты Незалежнасьці. – Варшава, Нью-Ёрк, Вільня, 2010 г., стар. 116-117.)

Аднак гэта ўжо пазьнейшае апраўданьне. На справе выглядала інакш. Шушкевіч і ў канцы сэсіі быў не зацікаўлены, каб станоўча вырашыць пытаньне пра канстытуцыйны статус Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Пасьля прыняцьця законаў аб дэпартызацыі, аб маёмасьці КПБ(КПСС) і ЛКСМБ ён кажа, што можна перайсьці да наступнага пытаньня аб “саюзным дагаворы” (пра якое так стараўся ў пачатку). Але ў залі ўжо ўсе разумелі, што разглядаць яго немагчыма, няма сэнсу, бо зьмяніліся палітычныя абставіны.

Зразумеў гэта па-свойму і Шушкевіч і раптам пачаў казаць, што “фактычна другога пытаньня парадку дня не існуе”, бо ён, Шушкевіч, ня ёсьць старшыня Вярхоўнага Савету, ня мае права падпісваць дагавор, і таму ўсё трэба адкласьці “дзеля кансультацыі ў Маскве” і г. д. і т. п., і пасьля доўгай тырады кажа: “Давайце заканчваць нашу працу”. Тады яму з залі падказваюць, што засталося галоўнае пытаньне, дзеля якога ўсе сабраліся. Тады Шушкевіч нібы прыпомніў: “Не, пачакайце, мы дойдзем да гэтага. Я проста гавару, інфармую вас”. І далей так будзённа, прыхапкам: “У нас ёсьць праект... “Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце” і г. д.

Прамаўляе Юры Беленькі

У чым зьмест гэтага лёгкага “цырку” пра “заканчэньне працы”? Шушкевіч некалі казаў, што вучыўся сьпікерству ў тагачаснага саюзнага “сьпікера” і кручкатвора Анатоля Лук’янава (які быў фактычна разам з ГКЧП). Тое-сёе ў прыёмах вядзеньня сэсіі Шушкевіч у яго пераняў, падыгрываў псыхалёгіі апаратнай намэнклятуры.

У Менску ўжо быў вечар, дэпутаты з правінцыйнага начальства стаміліся (хутчэй бы скончыць сэсію – ды ў гасьцініцу ці дадому, ды ўзяць шкалік пасьля напругі). І таму ў некаторых ёсьць жаданьне хутчэй прагаласаваць, не ўдаючыся ў дэталі – і справе канец. Псыхалёгія добра вядомая ў некаторых дэпутатаў-камуністаў. Шушкевіч гэта ведае і як бы незнарок падыгрывае такім настроям, абуджае жаданьні.

Які вынік таго можа быць? Альбо хутчэй прагаласаваць “за”, альбо проста заваліць праект да другога чытаньня, альбо (што звычайна рабілася) адкласьці назаўтра. У любым выпадку падказкі Шушкевіча – гэта сымуляцыя нерабочай абстаноўкі, магчымасьць для маніпуляцыі.

Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.


Але на гэтай сэсіі нічога нельга было адкласьці, не існавала ніякага “другога” чытаньня. Неабходна было вырашыць задачу нацыі, вычарпаць парадак дня, нават калі б прышлося працаваць цэлую ноч.

“Лёгкі лук’янаўскі цырк” аднак працягваецца. “Вы захоўваеце гэтую прапанову?” – зьвяртаецца Шушкевіч да Апазыцыі (як быццам гэта нешта такое так сабе, што можна не захоўваць і зьняць). Далей прапаганда супраць незалежнасьці працягваецца ў той жа лук’янаўскай манеры: “Вы ведаеце, канстытуцыйная большасьць патрэбная нам. Я б хацеў зьвярнуць вашую ўвагу, што вельмі цяжка гэтае пытаньне, нават пры самых станоўчых адносінах, вырашыць...”

Гэты прыём мы заўважылі ўсе. Сяргей Навумчык (у кнізе “Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995). – Варшава-Прага, 2006 г., стар. 62) так ацэньвае паводзіны С. Шушкевіча:

“Казаць такое было ані ў якім разе нельга, бо значная частка дэпутатаў пры галасаваньні (па любых пытаньнях) кіравалася эмоцыямі і была схільная падтрымаць пазыцыю таго, хто вёў сэсію (неістотна, быў гэта Дземянцей, Шушкевіч ці вёў сэсію нехта з намесьнікаў). Цяпер жа, пасьля двух дзён нэрвовага напружаньня, дэпутаты папросту былі стомленыя і нехта мог падумаць: “Ну, калі гэта не рэальна, дык навошта галасаваць?” (Адсотак тых, хто не галасаваў ці “ўстрымліваўся” таксама заўсёды быў значны)”.

І сапраўды, хоць атмасфэра ў залі значна палепшылася ў наш бок (у бок канстытуцыйнага аб’яўленьня незалежнасьці), тым ня менш, трэба было асьцерагацца, каб справу не ўскладнілі нейкія непрадбачаныя выпадковасьці. Нельга было дапусьціць, каб галасаваньне адбывалася праблемна, каб, скажам, не хапала б некалькі галасоў і трэба было б нешта перафармулёўваць. Лепш за ўсё, каб галасаваньне было аднадушным.

Інтуітыўна я адчуваў гэтае напружаньне, і пасьля сумніўнага выступу Шушкевіча зразумеў: трэба тэрмінова ратаваць становішча.

Рашаючы момант. Кіраўнік Апазыцыі БНФ дэпутат Зянон Пазьняк. (Кінакадар)

Я ўсьведамляў, што неабходна рэагаваць імгненна і паставіць на карту ўсё. Выступаў экспромтам, зьвяртаючыся да ўсіх, як да землякоў, казаў пра неабходнасьць незалежнасьці Беларусі і пра тое, чаму гэта трэба вырашыць цяпер, паказваў на нязьменнасьць імпэрскай палітыкі Расеі, казаў пра ілюзію дэмакратыі ў гэтай краіне, пра прагматычную палітыку Ельцына і расейскія інтарэсы, пра небясьпеку нашаму нацыянальнаму існаваньню, калі мы самы не скарыстаем магчымасьць і ня вызначым свой лёс*********.

Мушу адзначыць, што тады ў Беларусі пра імпэрскасьць Расеі і падвойнасьць яе “дэмакратаў” яшчэ не гаварылі і нават ня думалі. Некаторыя з дэпутатаў Дэмклюбу закруцілі насамі, што ня быў мной ухвалены Ельцын (сьвятая на той час карова абстрактнай савецкай “дэмакратыі”). Але гэтая іхняя нездаволенасьць ня мела тут ніякага значэньня. Нам трэба было забраць усе галасы парлямэнцкай бальшыні, стварыць адзінства ў залі і завершыць змаганьне з бляскам. А ў гэтым выпадку трэба было проста ўратаваць незалежнасьць.

Фартуна нарэшце рэальна павярнулася да нас тварам. Пасьля майго выступу яшчэ захоўвалася нейкі час цішыня. Потым слова папрасіў М. Мачуленка. Якраз немалаважна было, што скажа ён.

“Паважаныя народныя дэпутаты! Паважаныя дэпутаты-камуністы, – пачаў Мачуленка. – ...Тое, што адбылося на гэтым тыдні, рэзка зьмяніла сытуацыю. І ў гэтым пляне я стоадсоткава падтрымліваю народнага дэпутата Пазьняка і прапаную тут жа, зараз жа прагаласаваць за тое, што ён сказаў...”

Імгненна ўклініўся Булахаў: “Паважаныя народныя дэпутаты, ... мы парушаем Канстытуцыю рэспублікі...”

Але працэс за незалежнасьць ужо пайшоў хваляй. У падтрымку адзін за адным сталі выступаць дэпутаты камуністычнай намэнклятуры. Выступіў Кебіч, які таксама сказаў: “Павінен заклікаць вас ... прыняць такі закон”.

Сымптаматычным быў выступ дэпутата Міхаіла Жэбрака (першы сакратар Ваўкавыскага райкаму КПБ(КПСС), той самы, які ў час путчу некалькі дзён перад гэтым зьбіраўся нас расстрэльваць). Ён сказаў гэтак:

“... Калі мы сёньня ня прымем такі закон, тое, што прапануе Зянон Станіслававіч Пазьняк, то трэба прыняць тады рашэньне аб уваходзе Заходняга краю ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Іншага выйсьця няма. І Беларусь ня будзе існаваць, таму што тады Беларусі абсалютна ня будзе. Я ў гэтым перакананы і прашу падтрымаць і прыняць гэты закон.”

Нарэшце пасьля ўсяго пачутага здалося, што старшынствуючы на сэсіі Шушкевіч канчаткова ўсё зразумеў (дайшло, што ўсе за незалежнасьць), і адразу выступіў: “Шаноўныя народныя дэпутаты, я здыму некаторыя пытаньні. Я да ўчарашняга дня, як вы ведаеце, таксама лічыў, што гэта будзе неканстытуцыйнай зьявай (намёк на фразу Булахава (З.П.), што мы зробім нейкія юрыдычныя складанасьці і г. д. Але чакаць немагчыма. Таму я лічу, што неабходна прыняць не пастанову, а закон Беларускай ССР аб наданьні канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР”.

Як кажуць, здаўся “апошні з магікан”. У залі было вялікае хваляваньне. Яшчэ абмяркоўвалі шэраг пытаньняў, якія мы абрынулі на Вярхоўны Савет (у тым ліку і пытаньне аб дэнансацыі так званай “саюзнай дамовы” 1922 г.). Але гэта ўжо для ўсіх было зашмат (і ня так важна), і мы ня сталі настойваць, каб не загубіць дасягнутае нацыянальнае адзінства з сьмяротнымі ворагамі, партыю якіх мы перад гэтым спынілі, а яе велізарную маёмасьць забралі ў дзяржаву. Наперадзе было лёсавызначальнае гістарычнае галасаваньне.

7

Спачатку трэба галасаваць, каб прыняць праект “за аснову” з удакладненьнем, што прымаецца канстытуцыйны закон. Зарэгістравана 265 дэпутатаў. Прыступаем да галасаваньня. Шушкевіча не пазнаць: “Я вельмі прашу не хвалявацца, – сыпле ён скарагаворкай. – Прашу ўсіх народных дэпутатаў сесьці на свае месцы і захоўваць той добры парадак, які ў нас захоўваецца ўжо больш чым гадзіну” і г. д.

Прагаласавала “за” – 253, “супраць” – 0, устрымаўся – адзін, не галасавала – 11. Было 20 гадзін 08 хвілін**********. Потым прагаласавалі папраўкі па пунктах, і, нарэшце, галасаваньне за закон “цалкам”. Зарэгістравалася – 265 дэпутатаў. Прагаласавала “за” – 256, супраць – 0, “устрымалася” – 0, не галасавала –-- 9. Было 20 гадзін 12 хвілін 25 жніўня 1991 году.

Што тварылася!.. Аплядысмэнты, усьмешкі, воклічы, сьлёзы...

“Віншую вас, паважаныя народныя дэпутаты, віншую вас, жыхары Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі! Закон прыняты”, – сказаў Шушкевіч. (Хаця, якая “савецкая” ды “сацыялістычная”, – гамон ужо гэтаму ўсяму!)

Адразу пачалі прымаць заканадаўчую падтрымку незалежнасьці і гэтаму канстытуцыйнаму закону. Было зьменена некалькі артыкулаў Канстытуцыі БССР і падпарадкавана Пракуратура ў веданьне Беларусі. Панавала поўнае паразуменьне і настрой на мяжы эўфарыі. Самы час было прыняць праект пастановы “Аб забесьпячэньні палітычнай і эканамічнай самастойнасьці Беларускай ССР”, падрыхтаваны Саўмінам. Валянцін Голубеў (адзін з каардынатараў Апазыцыі БНФ і чалавек з гумарам) устаў і перафразуючы М. Гарбачова (той любіў “раіцца” то з Палітбюро, то з народам), кажа: “Мы тут параіліся, спыталі ў Вячаслава Францавіча Кебіча і вырашылі, што трэба зараз прыняць праект, які ўнёс Савет Міністраў”.

Потым выступае Кебіч і абгрунтоўвае: “Цяпер, як ніколі, ёсьць неабходнасьць прыняць Пастанову Вярхоўнага Савету аб перадачы непасрэдна ў падпарадкаваньне Вярхоўнага Савету Беларускай ССР і Савета Міністраў Беларускай ССР органаў Пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і ўсёй маёмасьці, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Аб’явіць палітычную і эканамічную незалежнасьць і перадаць ва ўласнасьць Беларускай ССР усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага падпарадкаваньня, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі” і г. д.

Пасьля шэрагу ўдакладненьняў пастанова была прынята таксама аднагалосна. (0 – “супраць”, 0 – “устрымалася”).

Мы, дэпутаты Фронту, прапанавалі ў гэтых умовах вырашыць адразу і пытаньне з назвай краіны, скасаваўшы назву БССР і назвацца – Рэспубліка Беларусь. Але гэтае рашэньне адклалі на наступную сэсію.

А ў заключэньне адбыўся акт поўнай капітуляцыі намэнклятуры і Станіслава Шушкевіча. Па яго ж уласнай прапанове была прынятая пастанова аб скасаваньні ў парадку дня сэсіі пункту аб “саюзнай дамове”, з-за якога столькі яны патрацілі сілаў, энэргіі і дэмагогіі ўчора, 24 жніўня, у пачатку сэсіі, каб уключыць гэтую сваю стратэгічную пустышку і непатрэбшчыну на разгляд Вярхоўнага Савету.

8

Нам аж ня верылася нават у такую бліскучую і абсалютную перамогу, калі супраціўленьне сышло на нулі, асабліва калі ўспомніць учарашні дзень, пачатак сэсіі і гэтую масу разгубленых чырвоных і непрыхільных абліччаў. Мы разумелі, што ўлада пакуль засталася ў іх (у савецкай намэнклятуры), але пэрспэктыва незалежнасьці і свабоды давала нам крылы. Трэба было хутка стварыць усе незалежныя атрыбуты дзяржавы (сымбалі, грошы, войска, амбасады, межы) і аснову вольнай нацыі (дзяржаўная беларуская мова, нацыянальная беларуская школа, прыватная ўласнасьць, дэмакратыя).

Людзі на плошчы перад Вярхоўным Саветам у час Сэсіі Незалежнасьці. (Фота з газэты)


(Галоўнае было – захаваць парлямантарызм, не дапусьціць прэзыдэнцтва і каб не ўмяшалася Расея. Мы высільваліся потым у гэтым савецкім парлямэнце, каб адбудаваць нашую новую дзяржаўнасьць. І шмат што ўдалося. Наша дзяржава сталася. Але сілы былі настолькі няроўнымі, што праз пэўны час непрыяцелі акрыялі, парлямэнтарызм разбурылі, і Расея ўмяшалася. Акрамя нешматлікага авангарду беларускае грамадзтва яшчэ не гатовае было усё хутка асэнсаваць, не сасьпела цалкам для разуменьня нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі. Улада засталася ў старой савецкай каляніяльнай адміністрацыі з узурпатарам на чале, палітыка стала антыбеларускай, а незалежнасьць – у небясьпецы.)

9

Калі пасьля сэсіі мы вышлі на плошчу, быў позьні жнівеньскі вечар. Мне здавалася, што перамяніўся сьвет, і ўсё ўжо цяпер новае, іншае, наша. Людзі на плошчы сьмяяліся, плакалі, абдымаліся, гучэлі песьні, палілі газэты (замест паходняў).


Колькі было шчасьлівых абліччаў! Ніколі ў жыцьці я не перажываў чагосьці падобнага, ніколі не адчуваў такой радасьці. Запомніўся наш Пётра Садоўскі. Ён стаяў на трыбуне сярод плошчы ў тлуме людзей і, быццам адзін, да самазабыцьця ад шчасьця сьпяваў народную беларускую песьню...

Менск, 1991 г. Вярхоўны Савет зь беларускім сьцягам і гэрбам “Пагоня” на фасадзе.


Дзьвесьце гадоў, пакаленьне ў пакаленьне, крок у крок, сьмерць у сьмерць мы ішлі да гэтага дня. І вось ён настаў. І верылася – ужо назаўсёды. Аднак пакуль жывы зьвер (што ўжо нібы здох, “як быццам ад раны”), ніхто ня ведае, колькі яшчэ жыцьцяў, і часу, і волі прыйдзецца пакласьці на алтар народнай свабоды. Але крэпасьць – наша. І нікому ніколі нельга яе здаць.

Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ, прыняты пасьля сэсіі Незалежнасьці. (Фота з друку)




-------------------------------------------
* Барыс Пуга – міністар унутраных справаў СССР у 1991 г. Браў удзел у камуністычным путчы. Пасьля правалу путча застрэліўся. ( З.П.)

** Філіпікі супраць Фронту былі выкліканыя тым, што Кавалёнак пасьля 1991-га прыняў расейскае грамадзянства, жыў у Маскве, у Вярхоўным Савеце Беларусі не зьяўляўся. Гэта супярэчыла Канстытуцыі краіны (і, дарэчы, прыстойнасьці). Дэпутаты Апазыцыі БНФ, згодна закону, запатрабавалі ад яго скласьці паўнамоцтвы народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь. Пасьля гэтага Кавалёнак назваў фронтаўцаў “фашыстамі”. (
З.П.)

*** “Нацыянальная гвардыя” сапраўды была створаная на плошчы ў колькасьці адной тысячы чалавек. Але пазьней, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці яна была распушчана Народным Фронтам. Удзельнікам яе прапанавалі ўступаць у БЗВ (Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў), якое было створана 20 жніўня на другі дзень путчу. Нацыянальная гвардыя арганізавалася на плошчы стыхійна, дзеля бягучага моманту. Ключавыя пазыцыі захапіла там агентура КГБ, што таўклася на плошчы між людзей і “размавляла” ламана па-беларуску. Фронт, маючы БЗВ, не плянаваў ствараць паралельных структур і пасьля 25 жніўня ліквідаваў гэтую стыхійную самадзейнасьць. (
З.П.)

**** Яўген Глушкевіч ад самага пачатку Вярхоўнага Савету трымаўся блізка каля Апазыцыі БНФ, дрэйфаваў, як кажуць, у бок дэмакратыі і нацыянал-камунізму. На “Сэсіі Незалежнасьці” у 1991 годзе займаў рашучую прафронтаўскую пазыцыю. У апошнія гады дзейнасьці Вярхоўнага Савету перайшоў на бок Лукашэнкі. Цяпер ужо не жыве. (
З.П.)

***** Па нашым патрабаваньні, як ужо адзначана ў тэксьце, на плошчу была выведзена аўдыётрансляцыя сэсіі. Людзі на плошчы слухалі, што адбывалася ў залі Вярхоўнага Савету. (
З.П.)

****** Маецца на ўвазе найперш паваротны 1992 год, калі Шушкевіч сыграў адказную ролю ў антызаконнай забароне рэфэрэндуму пра новыя выбары і зьмену ўлады. Улада ў выніку засталася ў намэнклятуры і ў савецкай каляніяльнай адміністрацыі. Шлях Беларусі да свабоды і дэмакратыі быў прыпынены. (
З. П.)

******* У стэнаграме ягоны выступ заменены напісанай і адрэдагаванай прамовай. Ізноў жа, відаць, па ягонай просьбе. Дарэчы, дэпутаты мелі права карэктаваць у стэнаграме свае выступы і прамовы. Але мала хто гэтым карыстаўся. З дэпутатаў Апазыцыі БНФ, бадай, ніхто. Давяралі супрацоўнікам сакратарыяту ВС. (
З.П.)

******** Віктар Радамысьльскі, які ўвесь час дэманстраваў прафронтаўскую пазыцыю, скончыў дрэнна, выявіўшы сваю залежнасьць ад КГБ. У 1994 годзе, у час прэзыдэнцкіх выбараў, у рашаючы момант (за дзень да галасаваньня) ён выступіў па тэлебачаньні супраць кандыдата ад БНФ. Бліскаючы залатым крыжам на жываце, падораным яму даверлівымі аўстралійскімі беларусамі, ён прамаўляў нечакана для ўсіх яго прыхільнікаў паклёпніцкія словы пра “фашызм” Пазьняка і “всего Фронта” (тыповыя ярлыкі камуністаў і КГБ), заклікаў не галасаваць за лідэра “предателей и фашистов”, які “ввергнет страну в кровь и войну” і г. д. (Успамінаю прыблізна.
З.П.). Народ адвярнуўся ад Радамысьльскага (які ў той час быў вельмі папулярны сваімі дэмакратычнымі прамовамі на мітынгах і ў парлямэнце). Пра здраду казалі яму ў вочы, а на вуліцы плявалі ўсьлед. Пасьля гэтага ўчынку Радамысьльскі псыхалягічна заламаўся, ніколі больш не выступаў у Вярхоўным Савеце і потым цалкам зьнік з публічнага жыцьця. ( З.П.)

********* У Дадатку даем перадрук гэтага выступу, паколькі ў адбітку стэнаграмы тэкст няякасны і цяжка чытэльны. (
З.П.)

********** Гэты час і першае галасаваньне зафіксаваў Сяргей Навумчык (“Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG