Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: «Голы піяр, пустая бурбалка»


Афіцыйны Менск замарозіў сумесныя праекты па абмене высокаўзбагачаным ядзерным палівам. Гэтыя праекты прапрацоўваліся сумесна з ЗША ў рамках ініцыятывы па зьніжэньні глябальнай пагрозы. Беларускія ўлады заявілі, што гэта іх адказ на эканамічныя санкцыі ЗША. Як камэнтуюць гэтае рашэньне беларускіх уладаў у Менску?

Станіслаў Шушкевіч
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч называе санкцыі з боку афіцыйнага Менску на адрас ЗША «голым піярам, пустой бурбалкай».

«Няма і ніколі не было ў Беларусі адчувальнай колькасьці ўзбагачанага ўрану. Я нават зьдзіўлены, што пэўныя навукоўцы камэнтуюць так, што нешта ёсьць. Гэта тыя навукоўцы, якія займаюць нейкія людзкія пасады ў сёньняшняй Беларусі. І яны вымушаны так гаварыць, каб не паказаць, што яны раскрываюць чысты піяр улады. Гэтая заява — пустая справа абсалютна. Няма тут гэтага ўрану. І гэта ўсё пачалося ад таго, што ў сілу сваёй ваяўнічай неадукаванасьці некалі наш усенародна абраны пераблытаў моцнарадыеактыўны ўран з узбагачаным. Моцнарадыеактыўнага паскудзтва ў нас даволі многа, бо ў нас фактычна засталася актыўная зона рэактара. А ўзбагачанага нейкія кроплі ёсьць, гэта нікому ніяк не пагражае».

Вінцук Вячорка
Былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка мяркуе: «санкцыі» з боку афіцыйнага Менску яшчэ раз дэманструюць, што цяперашні рэжым у Беларусі адносіцца да непрадказальных і патэнцыйна небясьпечных рэжымаў.

«Гэта псыхалягічныя захады. Яны павінны паказаць, што Лукашэнка настолькі страшны, што не цураецца звароту да вельмі сур’ёзнай для ўсёй міжнароднай супольнасьці ядзернай тэмы. І хоць спэцыялісты цьвердзяць, што ў Беларусі вельмі малы запас гэтых рэчываў, але факт таго, што гэтай маленечкай дубіначкай пачынаюць размахваць, мусіць некага напужаць. Але я думаю, што калі ў дэмакратычным сьвеце сур’ёзныя людзі прымаюць сур’ёзныя рашэньні, то гэта можа мець эфэкт адваротны таму, на які разьлічвае Лукашэнка».

Паводле спадара Вячоркі, дзеля спыненьня эканамічных санкцый з боку ЗША кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка павінен вызваліць палітвязьняў, правесьці выбарчыя рэформы і вярнуць у краіну свабоду, а найлепш — сысьці. Адносна абвінавачаньняў МЗС, што нібыта дзеяньні ЗША — грубае парушэньне Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году, згодна зь якім Злучаныя Штаты абавязаліся не ўжываць у дачыненьні да Беларусі захадаў эканамічнага прымусу, спадар Вячорка сказаў:

«У Будапэшцкай дэклярацыі не ішлося пра стварэньне ў Беларусі дыктатуры і палітычных вязьняў, дзеля вызваленьня якіх забараняецца ўжываць эканамічны ці любы іншы прымус».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG