Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэйвід Крэймэр: «Мы не павінны паддавацца на пагрозы Беларусі»

абноўлена

ЗША выказалі расчараваньне рашэньнем Беларусі ня ўдзельнічаць больш у сумесных праектах па ўтылізацыі ўранавай сыравіны, што засталася ў краіне з савецкіх часоў. Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што спадзяецца на выкананьне Менскам абавязаньняў па ліквідацыі высокаабагачанага ўрану, што зьяўляецца «ўкладам ў забесьпячэньне глябальнай бясьпекі», перадае BBC.

«Беларусь спрабуе выкарыстаць свае мінімальныя рычагі на Захадзе, каб зь яе зьнялі санкцыі», - так пракамэнтаваў выканаўчы дырэктар “Freedom House” Дэйвід Крэймэр заяву Беларусі пра спыненьне ядзернага супрацоўніцтва.

«Мы не павінны паддацца на гэта, - сказаў ён. - Злучаным Штатам, Расеі і краінам ЭЗ давядзецца павялічыць сваё назіраньне і кантроль за Беларусьсю, каб быць гарантаванымі супраць любога распаўсюджаньня ядзернага паліва, «але я ня думаю, што ёсьць сур'ёзная пагроза».

Дэйвід Крэймэр - выканаўчы дырэктар “Freedom House”(ЗША), які раней займаў пасаду намесьніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы.

Томі Вітор, прэсавы сакратар нацыянальнай бясьпекі ЗША заявіў, што ЗША заўсёды лічылі, што пытаньні ядзернай бясьпекі нельга ўвязваць са звычайнай палітыкай, улічваючы іх важнасьць для міжнароднай бясьпекі, і што адміністрацыя Абамы «спадзяецца, што мы можам знайсьці шлях наперад бліжэйшымі тыднямі ці месяцамі».

Расейскія чыноўнікі пакуль сытуацыю не камэнтуюць.

Афіцыйны Менск заявіў 19 жніўня пра замарожваньне сумесных праектаў па абмене высокаўзбагачаным ядзерным палівам. Гэтыя праекты прапрацоўваліся сумесна з ЗША ў рамках ініцыятывы па зьніжэньні глябальнай пагрозы. Беларускія ўлады заявілі, што гэта іх адказ на эканамічныя санкцыі ЗША.

Беларусь зьяўляецца апошняй краінай на тэрыторыі былога СССР, апроч Расеі, зь вялікімі запасамі высокаўзбагачанага ўрану, якія маглі б быць выкарыстаныя для вытворчасьці ядзерных бомбаў у выпадку, калі б былі ўзбагачаныя да дастаткова чыстай ступені.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG