Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Алеся Бяляцкага не даходзяць лісты ад жонкі і сяброў


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

19 жніўня ў ізалятары на Валадарскага з арыштаваным кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім сустрэўся адвакат.

Алесь Бяляцкі бачыўся з адвакатам у другой палове дня. Пра гэтую сустрэчу «Свабодзе» распавёў калега Бяляцкага, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

«Сёньня адбылася сустрэча Бяляцкага з адвакатам. Можна паведаміць, што Алесь трымаецца сваёй былой пазыцыі прынцыпова, ён ня лічыць сябе вінаватым. Ня скардзіцца на здароўе і адчувае сябе маральна моцна. Але ён не атрымлівае пакуль што лістоў. Ніякіх. Ані ад жонкі, ані ад калегаў і сяброў. Вось тое, што мы яму адпраўлялі, ён дагэтуль не атрымаў. Мы гэта ўспрымаем як спробу аказаць на яго псыхалягічнае ўзьдзеяньне. Маўляў, пра яго забыліся, — што няпраўда».

Карэспандэнт: «Ці вядуцца зь ім нейкія сьледчыя дзеяньні?».

«Пра гэта нічога не вядома, не магу сказаць. Адвакат даў падпіску пра неразгалошваньне і ня можа нічога пра гэта казаць. Нам і раней нічога не было вядома, ці вядуцца зь ім якія-небудзь сьледчыя дзеяньні».

Карэспандэнт: «Як наконт умоваў, у якіх яго трымаюць?».

«Ён ня скардзіцца. Безумоўна, гэтыя ўмовы кепскія, як і ўва ўсёй сыстэме турмаў, але ён не выказвае скаргаў ані на здароўе, ані на гэтыя ўмовы».

Карэспандэнт: «Ці працягваецца збор паручальніцтваў за вызваленьне Бяляцкага да суду?».

«Так. Мы ўжо сабралі каля 600 паручальніцтваў, і яны на будучым тыдні будуць перадавацца па інстанцыях. Гэта ня значыць, што мы спыняем гэтую кампанію, мы будзем працягваць збор паручальніцтваў да самога суду. Пры гэтым паглядзім, як адрэагуе беларуская сыстэма, у прыватнасьці пракуратура, на больш чым 600 паручальніцтваў, у тым ліку людзей, вядомых у краіне і ў сьвеце».

Алеся Бяляцкага арыштавалі 4 жніўня. Вядомы праваабаронца абвінавачваецца ў няплаце падаткаў зь вялікіх прыбыткаў. Скандалы з выдачай беларускім афіцыйным органам дадзеных пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага ў Польшчы і Літве ўжо прывялі да шэрагу адставак службоўцаў гэтых краінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG