Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы не задаволіў хадайніцтва аб паручальніцтве адносна Бяляцкага


Упраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі па Менскай вобласьці і Менску адмовіла ў задавальненьні хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня адносна Алеся Бяляцкага.

Такую пастанову атрымалі старшыня БХК Алег Гулак і ягоны намесьнік Гары Паганяйла.

Грамадзяне, якія падпісалі хадайніцтва, прасілі вызваліць Алеся Бяляцкага з-пад варты пад асабістае паручальніцтва.

Сваю адмову сьледчая УДФР Касынкіна тлумачыць тым, што 5 жніўня 2011 году адносна Бяляцкага «абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, падстаў для зьмены дадзенай меры стрыманьня няма».

Такую матывацыю праваабаронцы лічаць незаконнай.

«Крымінальна-працэсуальны кодэкс дакладна рэглямэнтуе, што меры стрыманьня могуць прымяняцца толькі ў тым выпадку, калі сабраныя доказы па справе даюць дастатковыя падставы меркаваць, што падазраваны ці абвінавачаны можа схавацца ад органаў крымiнальнага перасьледу або суду, перашкодзіць расьсьледаваньню ці разгляду справы судом, зьдзейсьніць грамадзка небясьпечнае дзеяньне, процідзейнічаць выкананьню прысуду. Акрамя таго, пры вырашэньні пытаньняў аб неабходнасьці прымяненьня меры стрыманьня павінен улічвацца характар падазрэньня ці абвінавачаньня, асоба падазраванага ці абвінавачанага і да т.п.

У пастанове мы ня бачым нічога, што давала б нам разуменьне, чаму прыменена менавіта гэтая, а ня іншая мера стрыманьня. Сьледчы ніякім чынам не аналізуе, ці ёсьць падставы для прымяненьня меры стрыманьня. Таксама няма ні слова пра характар падазрэньня ці абвінавачваньня, пра асобу падазраванага ці абвінавачанага. Пры такіх абставінах мы ня можам казаць, што гэтая пастанова матываваная, а адпаведна, у сілу ч.3 арт. 137 КПК Беларусі, яе нельга прызнаць законнай. У сувязі з гэтым мы яе будзем абскарджваць», — цытуе Алега Гулака прэс-служба БХК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG