Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта спроба маленькага шантажу вялікай краіны»


Афіцыйны Менск замарозіў сумесныя праекты па абмене высокаўзбагачаным ядзерным палівам. Гэтыя праекты прапрацоўваліся сумесна з ЗША ў рамках ініцыятывы па зьніжэньні глябальнай пагрозы. Беларускія ўлады заявілі, што гэта іх адказ на эканамічныя санкцыі ЗША. Як камэнтуюць гэтае рашэньне беларускіх уладаў у Менску?

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што гэта нагадвае яму спробу нешта рабіць супраць ветру. Бо нельга параўноўваць магчымасьці ЗША і Беларусі.

Анатоль Лябедзька
«Любая канфрантацыя альбо ўнясеньне нейкай дадатковай іскры будзе шкодзіць толькі нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Робіць заявы Лукашэнка, а праблемы могуць быць у значна большай колькасьці беларускіх грамадзянаў. Я расцэньваю гэтыя заявы выключна як спробу маленькага шантажу вялікай краіны. Падтэкст фактычна такі: у нас ёсьць нейкія кампанэнты, і мы можам імі распараджацца як заўгодна. Што гэта азначае? Перададзім вучням Усамы бін Лядэна? Калі на гэта пайсьці, то гэта азначае, што Беларусь трапляе ва ўсе „чорныя сьпісы“ ААН. Зь вельмі моцнымі эканамічнымі наступствамі, якія адаб’юцца на ўзроўні жыцьця ў Беларусі. Вось што насамрэч робіць беларускі бок».

Спадар Лябедзька лічыць, што санкцыі з боку ЗША кропкавыя і моцна не закранаюць эканоміку Беларусі. Гэта пакуль што захады стрымальнага характару. Але беларускі бок увязваецца ў канфрантацыю. Пры гэтым спадар Лябедзька лічыць, што амэрыканцы могуць нават не зьвяртаць увагі на такі адказ зь беларускага боку.

«Але калі і амэрыканцы ўключацца ў пашырэньне сваіх санкцый, то ня трэба сябе цешыць тым, што ў нас маленькі гандаль з самой Амэрыкай. ЗША — вельмі ўплывовая краіна. І калі іх так завесьці, яны могуць выкарыстаць свае магчымасьці ў міжнародных арганізацыях. Я ня бачу, што маглі б прынесьці такія захады Чырвонага дома для Беларусі, для людзей. Нулявы варыянт альбо ўсё зь мінусам. Так што гэта недальнабачная палітыка».

Андрэй Фёдараў
Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, беларускі бок, відаць, нічым іншым адказаць ня мог, бо ўзаемны гандаль мінімальны і іншых сумесных праектаў фактычна няма.

«Гэта быў адзіны праект, пра які было абвешчана на пачатку сьнежня мінулага году Мартынавым і Клінтан падчас саміту АБСЭ ў Астане. Высокаўзбагачанага ўрану ў нас вельмі няшмат. Амэрыканцы проста непакояцца, каб ён ня трапіў у рукі нейкіх тэрарыстаў. Але мне падаецца, што афіцыйны Менск ня будзе гэта рабіць, бо інакш зь ім будуць весьціся значна больш сур’ёзныя размовы. Тады афіцыйнаму Менску самому давядзецца яго неяк захоўваць і траціць на гэта нейкія грошы. То бок не выпадае казаць, што гэтыя санкцыі супраць ЗША вельмі моцныя».

Ці магчыма, што такім чынам беларускі бок спрабуе прымусіць ЗША пайсьці на нейкі дыялёг? Ці можна такім чынам выйсьці на дыялёг і паляпшэньне стасункаў?

«Малаверагодна. Пачнем з таго, што ўсё ж санкцыі першымі ўвялі ЗША. А гэта дзеяньні ў адказ. Казаць пра тое, што гэта падштурхне Вашынгтон да перамоваў, мне падаецца зусім неверагодным. Для перамоваў ёсьць значна больш кароткі і просты шлях — выпусьціць палітвязьняў. Тады, я ўпэўнены, перамовы могуць пачацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG