Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафавалі Ю.Лінга, які сьведчыў пра зьбіцьцё ў глыбоцкай калёніі

  • БелаПАН

Юрыя Лінга, які расказаў аб зьбіцьці ў папраўчай калёніі ў Глыбокім, прысудзілі да штрафу 35 тысяч рублёў за расьпіваньне сьпіртовых напояў у грамадзкім месцы. Пра гэта БелаПАН паведаміў Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асветнай установы "Платформа", якая займаецца пытаньнямі выкананьня заканадаўства ў папраўчых установах.

Юрыя Лінга затрымалі ў Смаргоні, дзе ён жыве,15 жніўня. Пры затрыманьні ён быў зьбіты, давялося выклікаць хуткую дапамогу.
Разгляд адміністрацыйнай справы Лінга 19 жніўня праводзіў начальнік Смаргонскага РАУС, паведаміў Бандарэнка. "Лінга быў прызнаны вінаватым у парушэньні па артыкуле 17.3 частка 1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях (расьпіваньне алькагольных напояў у грамадзкім месцы або зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў п'яным стане). Пры гэтым Лінга сьцьвярджаў, што нічога ня піў", — сказаў Бандарэнка.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што пры затрыманьні супрацоўнікі міліцыі адмовіліся праводзіць мэдычны агляд Лінга.

Сьведкамі па справе Лінга выступілі супрацоўнікі міліцыі Смаргонскага РАУС. Іншыя сьведкі на разгляд справы дапушчаныя не былі. Дазволілі прысутнічаць толькі адвакату. "Супрацоўнікі міліцыі сьведчылі завучанымі фразамі, але, як толькі ім задавалі пытаньні, яны пачыналі блытацца ў паказаньнях", — сказаў Бандарэнка, спасылаючыся на словы адваката.

Рашэньне аб штрафе Юрый Лінга зьбіраецца абскардзіць у судзе Смаргонскага раёну.

1 жніўня ў Менску прайшла прэс-канферэнцыя, арганізаваная інфармацыйна-асьветнай установай "Платформа". Адзін з яе ўдзельнікаў, Юрый Лінга, які нядаўна вызваліўся з глыбоцкай калёніі, расказаў аб фактах зьбіваньня зьняволеных у гэтай калёніі. Паводле яго слоў, у чэрвені сёлета зьняволеныя запатрабавалі сустрэчы з генпракурорам Беларусі ў сувязі з дрэннымі ўмовамі ўтрыманьня ў калёніі.

Паколькі сустрэча не адбылася, некаторыя яе ініцыятары аб'явілі галадоўку, пасьля чаго былі жорстка зьбітыя. Адзін зь іх пасьля гэтага ўскрыў сабе жывот, другі — вены і ледзь не памёр ад страты крыві. Маці зьняволеных інфармацыю аб зьбіваньнях у калёніі пацьвердзілі.

Пасьля вяртаньня ў Смаргонь у Лінга пачаліся праблемы з міліцыяй. Паводле слоў Бандарэнкі, яму неаднаразова пагражалі "аж да арышту" і папярэджвалі, што аб правах зьняволеных ён будзе расказваць у калёніі.

У МУС інфармацыю аб зьбіваньнях, галадоўцы і спробах суіцыду ў калёніі Глыбокага не пацьвердзілі. У Генпракуратуры заявілі аб намеры вывучыць сытуацыю.
XS
SM
MD
LG