Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму, 19 жніўня 1991 году, у Маскве была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту: так званы ГКЧП адхіліў прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова ад улады і абвясьціў у СССР надзвычайнае становішча. Як тыя падзеі ўспамінаюць беларускія палітыкі?

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня быў старшынём камісіі па міжнародных справах, і ў яго адзінага на ўвесь парлямэнт быў такі рэдкі ў той час сродак сувязі, як факс. І інфармацыю спадар Садоўскі атрымліваў наўпрост ад дэмакратаў — з прыёмнай Барыса Ельцына:

«Я зьвязваўся з Лукіным — ён і цяпер, па-мойму, упаўнаважаны па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі. І я даваў у Вярхоўны Савет гэтыя зьвесткі. А сустрэў я паведамленьне пра путч у хвалях Чыжоўскага возера, бегла раніцай да мяне жонка, казала: „Бяжы хутчэй у Вярхоўны Савет, у краіне пераварот“. Сядзіць побач мой сусед, палкоўнік, працаваў некалі ў „СМЕРШы“, і кажа: „Ну што, дагуляўся, галубок?“.

Ну, а пасьля перамогі, калі мы сувэрэнітэт абвясьцілі, надалі канстытуцыйны статус нашай дэклярацыі, я сьпяваў купалаўскую песьню „А ў бары — бары тры дарожанькі“, узьлезшы на нейкую тэлевізійную машыну на плошчы. Цікавы быў час…».

Карэспандэнтка: «А ў прынцыпе, калі б путчысты перамаглі, што было б зь Беларусьсю?».

«Па-мойму, нічога. Было б так, як ёсьць. Цяпер мы жывем так, як калі б путчысты перамаглі. Так што тут і фантазіраваць няма чаго».

Вячаслаў Кебіч
У адрозьненьне ад тагачасных першага сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева і старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея, прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч, як узгадвае ў сваёй кнізе міністар замежных спраў Пётар Краўчанка, «фактычна сабатаваў ГКЧП». Чаму?

«Я даўно ведаў, што гэты путч будзе, даўно ведаў, што ён ладзіўся самім Гарбачовым, таму я ніякай рэакцыі на гэты путч ня меў. Я быў тады ў адпачынку і нават не падумаў выйсьці з адпачынку на працу. Мы ня ўдзельнічалі ў гэтым. Ну, бадай што тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Малафееў зрэагаваў на путч станоўча. Ну, Беларускі народны фронт, натуральна, выступіў рашуча супраць, калі ўжо пра палітычныя сілы казаць».

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін у 1991 годзе быў сталым прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Кажа, што замежжа ўспрыняло паведамленьне пра путч неадназначна. Амэрыканскія палітыкі не хацелі развалу Савецкага Саюзу, бо баяліся, што ядзернай зброяй будзе валодаць тады не адна магутная дзяржава, а некалькі. Да таго ж яны ўжо добра вывучылі свайго ідэалягічнага праціўніка, ведалі, чаго ад яго чакаць. Што да савецкіх дыпляматаў у ЗША, ім было няпроста, бо сувязь з Масквой абарвалася, бракавала інфармацыі зь першых вуснаў, пра падзеі яны даведваліся толькі з выпускаў навінаў СNN:

«У замежных дыпляматаў была ў нейкай ступені і разгубленасьць, і часам не было адназначнасьці. Хаця вось мы — і калегі з Украіны, і з савецкага прадстаўніцтва (бо тады пры ААН не было іншых) — абсалютная большасьць дыпляматаў былі, вядома, супраць ГКЧП, бачылі ў ГКЧП рэакцыйную, кансэрватыўную сілу і спадзяваліся, што пераможа дэмакратыя, пераможа прагрэс. Будучы праціўнікамі ГКЧПістаў, мы з апаскай чакалі паведамленьняў. Ну, і, на шчасьце, гэтая авантура правалілася».

На думку ўсіх маіх суразмоўцаў, менавіта правал путчу паскорыў развал Савецкага Саюзу і абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Вячаслаў Кебіч: «Гэта ўжо было непазьбежна. Пасьля таго як Гарбачоў не падпісаў Саюзную дамову, гэта было ўжо непазьбежна. Гэтая думка была ўжо ў паветры, рана ці позна павінна было штосьці адбыцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG