Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Яшчэ адна спроба пікету за вызваленьне Бяляцкага


Сяргей Гоўша

Сяргей Гоўша

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша паўторна падаў заяўку на правядзеньне пікету за вызваленьне Алеся Бяляцкага.

Пікет ён плянуе правесьці 12 верасьня а 18 гадзіне ў старым парку Баранавічаў.

Спадар Гоўша кажа, што улічыў падставы, з-за якіх адмовілі ў правядзеньні пікету 22 жніўня. Хоць і лічыць іх надуманымі.

«Гэтым разам я адзначыў у заяўцы месца правядзеньня пікету так, як мне напісалі чыноўнікі з гарвыканкаму ў мінулай адмове. Таму цяпер я ня бачу падставаў для адмовы. Тым больш што схему месца правядзеньня пікетаў, якую мне абяцаў намесьнік кіраўніка ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Сяргей Пузікаў, я так і не атрымаў. Яны ўсё спасылаюцца на тое, што кіраўнік гарвыканкаму ў адпачынку, а безь яго схему намаляваць ня могуць», — кажа Сяргей Гоўша.

У заяўцы праваабаронца просіць, каб абяцаную схему месца пікетаваньня яму ўсё ж выдалі.

15 жніўня Сяргею Гоўшу адмовілі ў правядзеньні пікету за вызваленьне кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага. Пікет плянаваўся ў Баранавічах на 22 жніўня. Падставай для адмовы стала тое, што, на думку чыноўнікаў баранавіцкага гарвыканкаму, Сяргей Гоўша няправільна пазначыў плянаванае месца правядзеньня пікету.
XS
SM
MD
LG