Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 1 хв працы камбайна бяруць 5000 руб, за 1 кг яблык даюць 450 руб


У Беларусі амаль 750 тысяч асабістых прысядзібных гаспадарак. У прыватных гаспадароў — больш як 400 тысяч гектараў зямлі, альбо ў сярэднім па 58 сотак на кожную гаспадарку. Але ў цяперашні эканамічны крызіс многія вяскоўцы ня здольныя самастойна ўбраць вырашчаны ўраджай. Ня дзейнічае альбо аказваецца малаэфэктыўнай дэкляраваная Лукашэнкам дапамога з боку дзяржавы. Прыклады гэтага — у паведамленьнях рэгіянальных карэспандэнтаў «Свабоды».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Селянін дайшоў да дзяржкантролю, каб яму выдзелілі камбайн

Дзяржаўная прапаганда штодня нагадвае пра посьпехі на жніве. Між тым, некаторыя вяскоўцы на сваіх прыватных участках яшчэ нават не пачыналі ўбіраць збажыну, бо калгасы не даюць ім тэхнікі. З-за гэтага ўзьнікаюць канфлікты.

Жыхар вёскі Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёну Мікалай Рулінскі паведаміў «Свабодзе», што калгас, у якога ён прасіў камбайн, ужо скончыў уборку. Але вяскоўцу давялося тры дні безвынікова абіваць парогі калгасных начальнікаў. У выніку ён мусіў шукаць дапамогі ў камітэце дзяржкантролю:

За абмалот свайго збожжа вяскоўцы плацяць 100-150 тысяч рублёў

«Зьвярнуўся па дапамогу ў дзяржкантроль. Там сказалі чакаць, што выправяць гэтую сытуацыю. Патэлефанавалі ў Ганцавічы і прымусілі начальнікаў паехаць у Баранавічы, купіць неабходную запчастку да паламанага камбайна. І вось сёньня раніцай прыехалі і змалацілі ўсё».

Мікалай Рулінскі аддаў за абмалот свайго збожжа 118 тысяч рублёў. Ён кажа, што цяпер гэта зусім нявыгадна.

Жыхар вёскі Малеч Бярозаўскага раёну Анатоль Сахаруша таксама расказвае, што плата за камбайн узрасла ў некалькі разоў.

Па словах спадара Сухарушы, каб абмалаціць збажыну на трыццаці сотках, давядзецца выкласьці ня меней за 100–150 тысяч рублёў.

З сэкундамерам за камбайнам

«У саўгасе „Бярозаўскі“ за хвіліну працы камбайна бяруць пяць тысяч рублёў. Рухавік уключаецца і глядзяць па сэкундамеры, колькі будзе той камбайн працаваць», удакладняе Анатоль Сухаруша.

Да гэтага яшчэ бяруць грошы і за паліва, каб даехаць да надзелу.

Узрасла плата і за працу бульбакапалкі. Спадар Сахаруша кажа:

Летась — 5 000 рублёў, сёлета — 15 000

«У мінулым годзе бралі пяць тысяч за сотку, а цяпер ходзяць размовы, што будзе да пятнаццаці тысяч. Вось і палічыце: чалавек пасадзіў 30 сотак і за кожную аддасьць пятнаццаць тысяч. Акрамя таго, толькі каб зьбіць бацьвіньне, трэба 150 тысяч. А пасьля гэтую бульбу трэба яшчэ і прывезьці…».

Таму, тлумачыць Анатоль Сахаруша, многія вяскоўцы цяпер адмаўляюцца ад уласных надзелаў. Усё часьцей жыхары вёскі не вырошчваюць бульбу, а купляюць.

Спадар кажа, што вяскоўцы вельмі цярпяць з-за эканамічнага крызісу ў Беларусі:

«Толькі ідуць размовы пра крызіс. Жанчына во ў краме кажа: «Божачкі, што робіцца! Бляшаначка кансэрвы каштуе 9 тысяч…».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Вяскоўцы адмаўляюцца ад пасеваў збажыны

Спадар Мікалай зь вёскі Раманавічы Гомельскага раёну кажа, што пасьля так званай рэарганізацыі іхняга сельгаспрадпрыемства прыватнікам трэба зьвяртацца па камбайн ужо ў райаграпрамтэхніку. А гэта адна цяганіна, таму ён і перастаў сеяць — і ячмень, і жыта:

«Сёлета збожжавых прыватна ў нас амаль ніхто ня сее. І я збожжавымі не займаюся. Калгасу няма, калгас распусьцілі. Малаціць няма чым. Сельгастэхніка прыганяе камбайны, і што тут пасеяла ГАФ — гароднінная фабрыка, тое і ўбралі. Дык зь імі яшчэ паспрабуй дамовіцца!».

Гомельскі пэнсіянэр спадар Віктар мае ў вёсцы Цярэшкавічы 20 сотак зямлі. Садзіць тут бульбу, моркву, сталовыя буракі. Вяскоўцам з агародамі дапамагае найбольш прыватнік, які мае трактар:

«Ня ведаю, колькі ён будзе браць за копку бульбы. За пасадку ён браў па 6 тысяч за сотку. Тады яшчэ салярка моцна не падаражэла».

Свае яблыкі гаспадар аддае на корм жывёле

Гаспадар распавёў таксама, што яблыкі, якія пасьля моцнай сьпёкі пачалі абсыпацца, ён аддае суседзям на корм жывёле. Нарыхтоўшчыкі бяруць іх, але па нізкіх коштах.

Пра гэта кажа й маладая кабета зь вёскі Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёну, якая прывезла яблыкі на Прывакзальны рынак у Гомель:

«Вельмі танна: 400 рублёў за кіляграм. На машынах езьдзяць і прапаноўваюць. На рынку яблыкі па 4–5 тысяч за кіляграм. Навошта ж яны будуць прападаць — можна ж людзям прадаць, няхай спажываюць».

Яблыі на «чарніла»: 450 рублёў за кг

У Гомелі, апрача нарыхтоўшчыкаў спажывецкага таварыства, прымае яблыкі й мясцовы вінзавод — па 450 рублёў за кіляграм.

Кіроўца Аляксандар прывёз садавіну з Добрускага раёну, але вымушаны чакаць ля брамы, бо на вінзаводзе — абед:

«Абед — на вазе машына. Зьбіралі па вёсках. Там толькі транспарт давай».


Спадарыня Валянціна зь недалёкай вёскі Лозкі кажа, што оптам зусім нявыгадна аддаваць садавіну, бо калі тут яна па 450 рублёў, то аптавікі прапануюць значна меншы кошт:

«Гэта тут яны прымаюць, а да нас прыяжджаюць і бяруць па 250–300 рублёў за кіляграм».

Гомельскае спажывецкае таварыства, якое прымае яблыкі на вуліцы Шылава, плаціць за кіляграм яблык 600 рублёў. Гэта калі ў здатчыка ёсьць даведка зь сельсавету, што мае сад.

«Прымаем — 600 рублёў за кіляграм. Без даведкі — мінус 12 адсоткаў падаходны падатак. Даведка патрэбна зь сельсавету пра наяўнасьць дачнага ўчастку, і тады будзе па 600. Без даведкі — мінус 12 адсоткаў».

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2010 году: «Я сёньня якраз у бацькоўскай вёсцы Цяхнін Бялыніцкага раёну, дзе гэтая праблема таксама відавочная. Жыхароў вёскі выручаюць старэнькія камбайны, які яшчэ некалі трапілі ў рукі прыватнікаў. Тэхніка СПК усё яшчэ вядзе так званую бітву за калгасны хлеб, ім пакуль не да жніва на прысядзібных участках.

Тут у вёсцы ўжо відавочна, што апошнім часам многія людзі адмаўляюцца ад сваіх прысядзібных участкаў. У тутэйшых вёсках „соткі“ нават у так званых аграгарадках зарастаюць лесам. Прычына відавочная: гаспадары бачаць, што вынікі не апраўдваюць працу.

Дарэчы, зараз у вёсцы, дзе жывуць каля тысячы чалавек, толькі 17 кароў. Уяўляеце, якую маем сытуацыю?! У людзей зьнікае эканамічная зацікаўленасьць ва ўмацаваньні прысядзібнай гаспадаркі, бо закупныя цэны вельмі нізкія — малако цяпер таньнейшае за звычайную мінэральную ваду.

Нейкі час таму на патрабаваньне Лукашэнкі ў рэгіёнах пры сельсаветах пачалі ствараць мэханізаваныя атрады, каб дапамагаць вяскоўцам на прысядзібных участках. Цяпер і гэтага няма. Увогуле, я кажу, што калі дзяржава бярэцца за такія справы, то яно будзе бяз выніку, чыноўнікі абавязкова заваляць.

Людзям трэба даць свабоду. Яны самі здольныя арганізаваць працу і весьці як разумна. Але, на жаль, у Беларусі існуючая ўлада жадае ўсё кантраляваць. Таму цяпер так і выходзіць: якую б праграму ні распачалі, то яна абавязкова правальваецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG