Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых непарадках 19 сьнежня Уладзімер Хамічэнка пасьля памілаваньня прыбыў на месца рэгістрацыі ў Слуцак. Да каго ён заходзіў у госьці, хто прытуліў так званага «навушніка» і што ён рабіў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня - у расьсьледаваньні «Салідарнасьці».

Напярэдадні ўпраўленьне ўнутраных справаў Менаблвыканкаму абвергла слых аб тым, што Хамічэнка не зьявіўся па месцы жыхарства.

Як растлумачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў, 16 жніўня Уладзімер Хамічэнка прыходзіў у Слуцкі РАУС. Былому вязьню аказалі дапамогу ў вяртаньні пашпарту, які раней быў ім згублены.

Адным з першых яго ўбачыў жыхар Слуцку Віктар Двурэчынскі.

- Калі ля чыгуначнага вакзалу ён зайшоў у аўтобус, я яго адразу пазнаў. Ён быў выпіўшы. Пра нешта ажыўлена размаўляў з кандуктарам, размахваў рукамі. Выйшаў у цэнтры горада і сказаў: «Я дома». Стрэльнуў у мінака цыгарэту і накіраваўся ў бок вуліцы Багдановіча, - падзяліўся суразмоўца.

Яна піла і дзяцей не глядзела, Воўку маленькаму дымэдролу давала, каб той спаў. А яна тым часам хадзіла за сьпіртным

У гэтым раёне знаходзіцца дом, дзе прапісаны Хамічэнка. Дзьверы кватэры па-ранейшаму апячатаная камунальнай службай за даўгі па «жыроўках», але паперы зь іх сарваныя, а забітыя яны звычайнымі цьвікамі, і пры жаданьні адкрыць дзьверы не цяжка.

Уладзімер Хамічэнка там даўно не жыве. Ён адбываў пакараньне па крымінальных справах у Расеі і Беларусі, у асноўным, за крадзяжы. Хамічэнка - адзіны, хто зарэгістраваны па гэтым адрасе. Ягоны брат-крымінальнік памёр.

Суседка Алена Аляксандраўна ўздыхнула, калі я спытала яе пра Уладзімера Хамічэнку.

- Так, скончылася наша спакойнае жыцьцё, - кажа жанчына. - Зьяўляўся ўжо тут Вова. П'яны. Паперы прэч зь дзьвярэй сарваў. Можа, і ў кватэру заходзіў. Дзьверы шчыльна былі прычынены, не так, як цяпер. Бачылі яго суседзі ў двары і каля нядзельнай школы. Спаў на вуліцы пьяны.

Валодзя Хамічэнка - сын яе аднаклясьнікаў.

- Яна піла і дзяцей не глядзела, - успамінаюць суседзі. - Воўку маленькаму дымэдролу давала, каб той спаў. А яна тым часам хадзіла за сьпіртным. З алькаголем тады дэфіцыт быў - не купіць. Вось яна і стаяла ў чэргах. Потым яе пасадзілі за тое, што алімэнты на дзяцей не плаціла. Вову гадавала бабуля. Калі яна памерла, яго аддалі ў дзіцячы дом.

Сваякі Хамічэнкі не бачылі яго некалькі гадоў - толькі па тэлевізары. Цётка Ала выгнала яго пасьля таго, як пляменьнік скраў яе залаты ланцужок з Божай Маці.

Калі зьявіцца, зьбяру яму сумку з прадуктамі, але да сабе не вазьму. У мяне дзіця малое

- Я яму так і сказала: «Каб ногі тваёй у маім доме больш не было», - распавядае жанчына. - А што зь яго возьмеш? Ён такі нарадзіўся. Сястра мая піла і паліла, калі яго насіла. І дзяцінства прайшло ў жудасных умовах.

Не зьяўляўся Хамічэнка і ў роднай сястры Сьвятланы ў Капылі.

- Ён быў разумова адсталым дзіцем і вырас такім жа мужчынам, -кажа яна. - Калі зьявіцца, зьбяру яму сумку з прадуктамі, але да сабе не вазьму. У мяне дзіця малое. Яшчэ якой заразы прынясе. І крадзе ён.

Аб нездаровай псыхіцы Хамічэнкі «Салідарнасіці» раней распавядалі і супрацоўнікі Рудзенскай школы-інтэрната.

Загадчыца інтэрнатам Слуцкага сельскагаспадарчага ліцэю Тамара Іванова, дзе Хамічэнка атрымліваў адукацыю, зарагатала, калі пачула пра тое, што ў інтэрнэце іх былому выхаванцу далі мянушку «навушнік» і назвалі агентам КДБ.

- Я як убачыла па тэлевізары, як ён у кабінэце сьледчага пазіруе - падпісвае дакумэнты, ухмыляючыся, успомніла, што ён ні чытаць, ні пісаць не умеў. Такі што заўгодна падпіша! Ён бязвольны, ім лёгка маніпуляваць, - казала жанчына ў інтэрвію «Салідарнасьці».

Менавіта да яе ў госьці і прыйшоў Хамічэнка, прыехаўшы ў Слуцак.

- У аўторак прыйшла дадому, - распавядае Тамара Іванова. - Званок у дамафон. - Хто? - Пытаюся. - Гэта я, Ваван. - Які Ваван? - Ваш выпускнік. -? - Ну, я герой экрану. Гэта я граміў ўрад.

Гэта я, Ваван. - Які Ваван? - Ваш выпускнік. -? - Ну, я герой экрану. Гэта я граміў ўрад

- Адкрыла яму дзьверы, зайшоў. Худы - адны мошчы. Брудны. Выпіўшы. Пачаў мне распавядаць свае небыліцы. Ганарыцца: «Я іду па Слуцку, і мяне ўсе пазнаюць». Пытаюся ў яго: «Вова, ў цябе мазгі ёсьць?» - «Няма». Сказаў, што ў турме яго ня білі, выконваў там разавыя працы. Казаў, што не чакаў, што яго вызваляць, і прашэньняў аб памілаваньні на імя прэзыдэнта не пісаў.

Пасадзілі яго ў машыну, адправілі дадому і сказалі: «Каб мы цябе больш не бачылі. Жыві ў Слуцку». Зь яго словаў, дзьверы Дома ўраду ён біў за грошы. Яму далі 250 даляраў і ледакол у рукі. Хто гэта быў, ня кажа. Дай яму сто даляраў і гранату - і ён здольны на ўсё. Ён жа недалёкі! Не ўсьведамляе сваіх учынкаў. Хамічэнка папрасіў у мяне грошай. Я сабрала яму сумку з прадуктамі, а назаўтра зноў зьявіўся да мяне на працу. Ахайна апрануты, але сьпіртным пахне. «Мне трэба дапамагчы», - кажа. Параіла яму аднавіць дакумэнты і шукаць працу. Ён паскардзіўся, што ў кватэру патрапіць ня можа. Сказаў, што баіцца узломваць дзьверы. Дзе ён жыве - ня ведаю. Зь яго слоў, прытулілі добрыя людзі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG