Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Дзьмітры Даронін працуе ў швейным цэху. Уладзімер Лобан чакае сустрэчы са сваякамі. Марыне Адамовіч — жонцы былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча — тэлефануюць невядомыя ад ягонага імя.

Калі вызвалялі палітвязьняў, хадзілі чуткі, што сярод дзевяці памілаваных будзе Ўладзімер Лобан, асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня на 3 гады турмы. Гэтага ня здарылася, і цяпер адна з тэмаў абмеркаваньня сярод сваякоў — чаму яго ня вызвалілі, кажа сястра палітвязьня Сьвятлана Лобан:

"Я прачытала ў інтэрнэце, што вызвалялі тых, хто пісаў просьбу аб памілаваньні. Магчыма, што ён не пісаў. У яго характары ёсьць гонар і годнасьць, і ён таксама дастаткова цьвёрды чалавек. Магчыма, што ён і не пажадаў пісаць такую просьбу аб памілаваньні, а магчыма, што яму і не прапаноўвалі. Спадзяюся, што ён патэлефануе і нешта скажа, але пакуль маўчыць. Ён ведае, што я прыеду да яго на спатканьне ў верасьні — магчыма, таму і маўчыць пакуль".

Сваякі яшчэ аднаго ўдзельніка плошчы, Алега Федаркевіча, таксама рыхтуюцца да сустрэчы зь ім у магілёўскай турме. А бацькі Дзьмітрыя Дароніна нядаўна пабывалі ў сына ў калёніі "Віцьба" і даведаліся, што ён працуе ў швейным цэху. Гаворыць маці Галіна Дароніна:

"Яны толькі пачалі працаваць, і гэта быў першы дзень. Калі мы прыехалі, то яго адпусьцілі да нас. Які настрой у яго — цяжка сказаць... Як пачалі выпускаць некаторых, то яны ж там ведаюць, абмяркоўваюць... Пахудзеў, асунуўся — адны вочы блішчаць. Пэўна ж, ня надта добра там".

Ад былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча даўно няма лістоў. Адначасна жонцы палітвязьня пачалі тэлефанаваць невядомыя ад ягонага імя, паведаміла "Свабодзе" Марына Адамовіч:

"Няма ніякай інфармацыі ад Міколы — апошні ліст быў чацьвёртага чысла. Затое пачасьціліся звароты ад імя людзей, якія спрабуюць гаварыць ад імя Міколы. Патэлефанаваў чалавек і сказаў, што Міколу ізалявалі, што і так не сакрэт. Сказаў, што Міколу адправілі на самыя цяжкія працы, што ў мяне выклікае сумнеў. Бо калі быў адвакат, то яму радасна паведамілі, што пэнсію Міколы перавялі безь ягонай згоды ў турму. І паколькі цяпер за ўтрыманьне Міколы ёсьць адкуль браць грошы, то ён можа і не працаваць, бо з працай там дэфіцыт. Хаця Мікола першае, што зрабіў — паведаміў мне праз знаёмых, якім я магу давяраць, празь лісты, якія ён не спадзяваўся, што дойдуць — ён папярэдзіў мяне, што нікому ня будзе даваць мой тэлефон і каб я не рэагавала на такія тэлефанаваньні. Вось і думайце, што гэта такое" .

За ўдзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG