Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двухмільярдны крэдыт без гарантый вяртаньня


Беларускія чыноўнікі разыходзяцца ў меркаваньнях адносна будучыні вытворчага аб'яднаньня "Беларуськалій". Калі ўрад схіляецца да таго, каб выкарыстаць стратэгічнае прадпрыемства ў якасьці закладу для прыцягненьня крэдытаў, то кіраўніцтва калійнага камбінату катэгарычна супраць падобных зьдзелак.

Генэральны дырэктар "Беларуськалія" Валеры Кірыенка заявіў, што ўраду трэба адмовіцца ад крэдыту "Сбербанка" Расеі і нямецкага "Deutsche Bank" на суму 2 мільярды даляраў. Кірыенка даў зразумець: неабачліва закладаць 35% акцый прадпрыемства, ня маючы гарантый вяртаньня грошай крэдытору. Іншымі словамі, сродкі можна праесьці, але і страціць аднаго з асноўных пастаўшчыкоў валюты ў бюджэт. Прадстаўнікі камбінату спаслаліся таксама на тое, што раней Азэрбайджан пад гарантыі ўраду выдзеліў крэдыт у аб'ёме 300 мільёнаў даляраў безь ніякіх папярэдніх умоваў.

Чым выкліканая крытычная пазыцыя кіраўніка "Белкалія" — асабліва з улікам таго, што звычайна дырэктарскі корпус не дазваляе сабе даваць парады ўрадоўцам? Меркаваньне кандыдата эканамічных навук Віктара Цярэшчанкі:

"Як вядома, гэта была прапанова ўраду. І дзеля атрыманьня 2 мільярдаў яны згодныя на ўсё — закласьці няважна што, абы сёньня выкруціцца. Але Кірыенка добра ведае: ніхто не аддасьць гэтыя 2 мільярды, і нават 100 мільёнаў не аддасьць. А страціўшы 35%, ён першы будзе вельмі блізкі да таго, што стане нікім. Бо ў першую чаргу заменяць кіраўніка, паколькі будзе страта дзяржаўнага кантролю. Але гэта і адказ на тыя заявы, што "Беларуськалій" каштуе 30 мільярдаў, а з 1 ліпеня нібыта і працэнты будуць расьці. Гэта глупства. Мы каштуем столькі, колькі за нас даюць. А мы нічога не каштуем сёньня. Такім чынам, Кірыенка выказаў пазыцыю, бачачы, што ўрад нічога ня верне і ён страціць 35%. Толькі з гэтым зьвязаныя яго словы. З жахам перад той праблемай, якую можа атрымаць калійная кампанія".

Апошнім часам "Беларуськалій" застаецца, словамі Аляксандра Лукашэнкі, найбольш "ласым кавалкам беларускай эканомікі" для патэнцыйных пакупнікоў. Улады Індыі выказалі зацікаўленасьць у набыцьці 20—25% акцый прадпрыемства за 6—7 мільярдаў даляраў і цяпер чакаюць рэакцыі беларускага ўраду. Тым часам кіраўнік аб'яднаньня Валеры Кірыенка заявіў, што Беларусь не павінна прадаваць акцыі індусам: маўляў, няправільна, калі той, хто набывае прадукцыю, будзе і ўладальнікам прадпрыемства, якое яе выпускае. У такім выпадку гэта прывядзе да зьніжэньня цэнаў на беларускія ўгнаеньні. Ці няма супярэчнасьці ў спробах прадаць "Беларуськалій" некалькім пакупнікам?

Камэнтуе эканаміст Леў Марголін: "Адно аднаму не перашкаджае. Бо калі, скажам, яны дамовяцца зь Індыяй пра продаж акцый "Беларуськалія", то будзе крыху іншы паварот. Апроч таго, я ня думаю, што гаворка ідзе пра значную долю акцый; усё ж нават з улікам інтарэсу "Сбербанка" вольнымі для продажу застаюцца яшчэ 65%. Апроч таго, індыйцы могуць узяць на сябе гэтую пазыку, гэты крэдыт і пагасіць яго. Так што гэта не перашкода. Але што тычыцца анансаванай зьдзелкі на пазыку ў 2 мільярды даляраў пад заклад 35% акцый "Белкалія", то гэта ня вельмі добры знак. Бо калі будуць нейкія спробы прадаць нешта іншае, то я думаю, што кошты будуць вельмі нізкімі. Ад безвыходнасьці ўлады пачнуць прадаваць усё за бесцань".

Ва ўмовах вострага фінансавага дэфіцыту ўлады Беларусі шукаюць розныя шляхі атрыманьня пазыкаў. Але ад пачатку шырокамаштабнага крызісу ўдалося прыцягнуць толькі крыху больш за 1 мільярд даляраў: 800 мільёнаў па лініі антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС і 300 мільёнаў ад Азэрбайджану на патрэбы згаданага "Беларуськалія". Пры гэтым шанцы атрымаць новыя крэдыты — мінімальныя. Міжнародны валютны фонд, у якога беларускі ўрад просіць да 8 мільярдаў даляраў, ня бачыць падставаў для супрацы да таго часу, пакуль улады не пачнуць выхад на раўнаважны курс беларускага рубля. Як удакладняе экс-кіраўнік Беларускай фондавай біржы Валеры Кругавы, эканоміка, якая існуе ва ўмовах множнасьці курсаў, неплатаздольная:

Мясьніковіч можа і 800 мільярдаў папрасіць, у яго, прабачце, язык бяз косьці
"Мясьніковіч можа і 800 мільярдаў папрасіць, у яго, прабачце, язык бяз косьці. Ён просіць, колькі насамрэч эканоміцы трэба, каб паказаць, што тут таксама граматныя людзі, усё падлічылі. Зразумейце: калі вы выходзіце на публіку, зьвяртаецеся ў МВФ, то павінны прынамсі прыстойна выглядаць. Быць у гальштуку, умоўна кажучы. У дадзеным выпадку ён просіць такую суму, і ўсе спэцыялісты цудоўна ведаюць, што менавіта яна Беларусі і патрэбная. Калі б ён папрасіў мільярд, то разумныя прафэсіяналы сказалі б: што вы, хлопцы, дурыце галаву, вам гэтага мільярда ні на што ня хопіць! І ён папрасіў столькі, колькі рэальна Беларусі трэба. То бок паказаў свой прафэсіяналізм, толькі і ўсяго. Ну і што з таго, што ён папрасіў? Ніхто нічога яму ня дасьць".

Праз папярэднія дамоўленасьці з расейскім "Сбербанкам" беларускія ўлады меркавалі прыцягнуць 2 мільярды даляраў пад заклад акцый "Беларуськалія". Маскоўскія крыніцы сьцьвярджаюць, што крэдытны камітэт банку зьдзелку ўхваліў, аднак урад Беларусі нечакана спыніў далейшыя перамовы пра тэрміны і ўмовы вяртаньня пазыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG