Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вывезла ў Расею толькі 10% сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану


Беларусь, у адпаведнасьці з дасягнутымі з ЗША дамоўленасьцямі, вывезла ў Расею толькі 10% ад запасаў высокаўзбагачанага ядзернага паліва, якія былі ў краіне, і разьлічвае працягнуць гэтую працу пасьля нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх адносін, заявіў агенцтву Інтэрфакс-Захад генэральны дырэктар Аб'яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў "Сосны" НАН Беларусі Вячаслаў Куўшынаў.

"У адпаведнасьці з так званым мэмарандумам Мартынава-Клінтан (гэты дакумэнт быў падпісаны ў Астане 1 сьнежня 2010 году, за 19 дзён да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. — РС), мы падрыхтавалі і ажыцьцявілі вываз у Расею каля 10% наяўнага ў нас высокаўзбагачанага ўрану, для вырабу там зь яго нізкаўзбагачанага ядзернага паліва, зь якім інстытут "Сосны" праводзіць навуковыя працы", — сказаў У. Куўшынаў.

Ён не ўдакладніў, які аб'ём высокаўзбагачанага ўрану знаходзіцца ў інстытуце, спаслаўшыся на сакрэтнасьць гэтых дадзеных.

Паводле яго слоў, працы па вывазе плянавалася працягваць, аднак цяпер, "у адпаведнасьці з агучаным беларускім МЗС рашэньнем, наступны этап гэтага праекту будзе прыпынены".

Куўшынаў адзначыў, што, нягледзячы на замарожваньне сумесных беларуска-амэрыканскіх праектаў у гэтай сфэры, інстытут працягне працы па фізычнай абароне наяўных запасаў высокаўзбагачанага ўрану.

19 жніўня, МЗС Беларусі заявіла, што лічыць рашэньне ўраду ЗША аб увядзеньні санкцый адносна беларускіх прадпрыемстваў неправамерным крокам і ў адказ замарожвае сумесныя праекты па абмене высокаўзбагачаным ядзерным палівам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG