Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руслан Хасбулатаў пра пераварот 19 жніўня 1991


Былы старшыня Вярхоўнага Савету РСФСР Руслан Хасбулатаў распавядае нашаму радыё пра тое, як ён і тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын успрынялі дзяржаўны пераварот 19 жніўня 1991 г.

«Я дазнаўся аб перавароце ранкам 19 жніўня, калі рыхтаваўся ехаць у парлямэнцкі палац.

Мы тады жылі зь Ельцыным па суседзтве, у такім доме адпачынку або санаторыі ў прыгарадным пасёлку Архангельскае. На 11 гадзінаў дня ў мяне была сустрэча ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, дзе я сабраў дэлегацыю Расейскай Фэдэрацыі для падпісаньня новай Саюзнай дамовы, якое Гарбачоў назначыў на 20 жніўня.

У нашу дэлегацыю ўваходзіла вялікая група людзей на чале з прэзыдэнтам Ельцыным (я быў першым намесьнікам), два дзясяткі нашых найбольш аўтарытэтных кіраўнікоў рэгіёнаў і мэры двух сталічных гарадоў, Сабчак і Папоў. Я хацеў іх сабраць у 11 гадзінаў і ўзгадніць пазыцыі, таму што ня ўсе палажэньні праекту Гарбачова мяне задавальнялі. Напрыклад, там быў такі пункт, каб прыраўняць усе аўтаноміі Расейскай Фэдэрацыі з саюзнымі рэспублікамі. Гэта, канешне, развальвала Расейскую Фэдэрацыю, у якой была 21 аўтаномія.

Ну вось, калі я ўключыў тэлебачаньне каля 8 гадзіны, там паказвалі балет, «Лебядзінае возера», потым было кароткае паведамленьне, што Гарбачоў моцна хворы і перадаў уладу Янаеву, што новыя відныя кіраўнікі ачолілі Саюз і так далей. Было ясна нават з такіх адрывістых данясеньняў, што гэта пераварот.

Я адразу кінуўся да суседа, да Ельцына. Калі я зайшоў, ён яшчэ сядзеў на ложку, неадзеты, і быў, скажам шчыра, моцна разгублены. Ён кажа: вось мы і прайгралі, зараз прыйдуць людзі Кручкова і нас арыштуюць. Я абурыўся і кажу: што значыць, прайгралі? Мы амаль два гады змагаліся за аўтаномію Расейскай Фэдэрацыі, за эканамічны сувэрэнітэт, за магчымасьць самім праводзіць нейкую палітыку больш-менш незалежна ад цэнтру, а тут вы адразу і паддаяцеся. Я кажу, так яно ня пойдзе, давайце зьбіраць нашых прыхільнікаў, трэба зьвярнуцца да народу, каб усе ведалі, што ў нас іншая пазыцыя. Біцца трэба, а не здавацца.

Карацей, я крыху падбадзёрыў яго, а праз паўгадзіны сабраліся нашы прыхільнікі, прэм’ер Сілаеў, міністры, дэпутаты. Спачатку трэба было прыняць нейкую сур’ёзную заяву. Я прапанаваў назваць яе «Зваротам да грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі». Першым пунктам мы асудзілі тое, што сталася, назваўшы яго контрарэвалюцыйным пераваротам, правым, рэакцыйным, які вядзе да таго, што ўсе дэмакратычныя пачынаньні Гарбачова зьнікаюць, а зьяўляецца нейкая дыктатура.

Другім пунктам я запрапанаваў напісаць, каб неадкладна вярнуць у Крэмль прэзыдэнта Гарбачова. Тут абурыўся і Ельцын, і Бурбуліс, кажуць, а чаго мы тут будзем змагацца за Гарбачова. Я кажу: вы што, з глузду зьехалі? Калі мы гэты пункт не паставім, дык мы самі сябе асудзім на паразу. Нягледзячы на дрэнныя асабістыя адносіны Ельцына з Гарбачовым, якраз і трэба цяпер паставіць гэты пункт, які пакажа, што Ельцын ставіць на першае месца закон, парадак і канстытуцыю. І гэта ўключылі, разам зь іншымі сур’ёзным пунктамі. Мы заклікалі насельніцтва не падпарадкоўвацца ГКЧП. І вось гэты дакумэнт, які я напісаў, разышоўся ў рукапісе ў мільёнах экзэмпляраў, па-мойму, ня толькі ў Расеі, але і па ўсім сьвеце.

Потым я запрапанаваў правесьці надзвычайную сэсію Вярхоўнага Савету, на якой адзіным пунктам павесткі дня мела быць абмеркаваньне змаганьня з ГКЧП.

Далейшыя падзеі ўжо вядомыя. Масквічы, даведаўшыся аб нашай пазыцыі, кінуліся нас бараніць. І гэта, агульна кажучы, спарадзіла некаторыя супярэчнасьці ў самым ГКЧП.

Тры фактары дапамаглі нам атрымаць перамогу, хоць назваць гэта перамогай даволі складана, калі ўлічыць наступствы. Першы: правільна выбраная намі тактыка. Другі: дапамога масквічоў, дзясяткі тысячаў якіх прыйшлі да нас і разьмясьціліся па пэрымэтры парлямэнцкага будынку. Трэці: трэба сказаць, што ўсе тыя вайскоўцы, і міністар абароны, і яго відныя генэралы, у іх ужо было нейкае іншае выхаваньне. У іх была і прыстойнасьць, і сумленьне, і яны былі людзі валявыя і моцныя. Яны запыніліся перад чырвонай рысай і не пачалі страляць у народ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG