Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адказала на санкцыі ЗША


Беларусь лічыць рашэньне ўраду ЗША аб увядзеньні санкцый адносна беларускіх прадпрыемстваў неправамерным крокам і ў адказ замарожвае сумесныя праекты па абмене высокаўзбагачаным ядзерным палівам, заяўляе МЗС Беларусі.

Прэсавага сакратара беларускага МЗС цытуе “Интерфакс-Запад”.

"Увядзеньне новых амэрыканскіх эканамічных санкцый ідзе супраць духу ўзаемадзеяньня і супрацоўніцтва. У гэтых умовах беларускім бокам прынятае рашэньне аб замарожваньні праектаў па абмене высокаўзбагачаным ядзерным палівам, якія цяпер прапрацоўваюцца сумесна з ЗША ў рамках ініцыятывы па зьніжэньні глябальнай пагрозы, а таксама па стварэньні праграмы МБА пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ", – заявіў прэс-сакратар МЗС А. Савіных.

"Беларусь па-ранейшаму будзе забясьпечваць фізычную бясьпеку ядзернага паліва, у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі ў галіне нераспаўсюджваньня. Мы таксама не выключаем прыняцьця іншых мер у адказ", – дадаў прэс-сакратар.

"Спыненьне Злучанымі Штатамі прымяненьня мер эканамічнага прымусу ў дачыненьні да Беларусі і аднаўленьне нармальнага клімату ва ўзаемадачыненьняў дадуць магчымасьць аднаўленьня супрацоўніцтва па гэтых праектах", – сказаў А. Савіных.

Ён адзначыў, што рэспубліка лічыць "рашэньне ўраду ЗША аб увядзеньні эканамічных абмежавальных мер у дачыненьні да Беларусі неабгрунтаваным і неправамерным крокам". "Гэта – палітычна матываваныя рашэньні, якія супярэчаць міжнародным абавязаньням ЗША", – падкрэсьліў ён.

А. Савіных зьвярнуў увагу, што дзеяньні ЗША зьяўляюцца грубым парушэньнем Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 году, згодна зь якім Злучаныя Штаты абавязаліся не ўжываць у дачыненьні да Беларусі захадаў эканамічнага прымусу.

"ЗША парушылі і палажэньні Хэльсынскскага заключнага акту, які ўскладае на ўсе дзяржавы абавязаньні" пры ўсіх акалічнасьцях устрымлівацца ад любога акту эканамічнага прымусу, накіраванага на падначаленьне сваім уласным інтарэсам ажыцьцяўленьня іншай дзяржавай-удзельніцай правоў, уласьцівых яе сувэрэнітэту ", – сказаў А. Савіных.

Прадстаўнік МЗС Беларусі дадаў таксама, што дзеяньні ЗША супярэчаць і рэзалюцыі Генасамблеі ААН 62/183, згодна зь якой "ні адна дзяржава ня можа ні прымяняць, ні заахвочваць прымяненьне аднабаковых эканамічных, палітычных мер або мер любога іншага характару з мэтай дабіцца падпарадкаваньня сабе іншай дзяржавы ў ажыцьцяўленьні ім сваіх сувэрэнных правоў".

Два тыдні таму Міністэрства фінансаў ЗША выдала загад аб увядзеньні эканамічных санкцый супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў - «Белшына», «Гродна-Азот», «Гродна-хімвалакно» і «Нафтан».

Грамадзянам ЗША забараняюцца любыя камэрцыйныя зьдзелкі з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрымстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваюцца.

У дакумэнце дэпартамэнту кантролю за замежнымі актывамі казначэйства адзначаецца, што гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца ва ўласнасьці ці пад кантролем канцэрну «Белнафтахім». Санкцыі супраць канцэрну былі ўведзеныя яшчэ ў лістападзе 2007 году, паколькі канцэрн знаходзіцца ва ўласнасьці альбо пад кантролем кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG