Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель:пракуратура правядзе дадатковую праверку па скарзе журналісткі


Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Пракуратура Чыгуначнага раёну Гомеля правядзе дадатковую праверку па скарзе карэспандэнта БелаПАН Алены Германовіч, якая была затрыманая міліцыяй 3 ліпеня падчас акцыі маўклівага пратэсту.

Раней пракуратура прызнала правамернымі дзеяньні начальніка аддзела ўнутраных спраў Чыгуначнага раёна Аляксандра Кошмана, які зрабіў затрыманьне. Пракуратура падчас праверкі ўстанавіла, што ў дзеяньнях міліцыянта няма складу злачынства.

Такі адказ журналістка атрымала 13 жніўня. Празь пяць дзён Германовіч прыйшло паведамленьне ад пракурора Чыгуначнага раёна Гомеля, што пастанова пра адмову ва ўсчынаньні крымінальнай справы адносна міліцыянта адмененая ў сувязі зь непаўнатой праведзенай праверкі. Праверка па скарзе адноўленая.

Пракурор прыносіць журналісту выбачэньні за непаўнату праведзенай праверкі і дапушчаныя граматычныя памылкі ў пастанове. Загадам пракурора яго памочнік, які рыхтаваў адказ журналістцы, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці.

Германовіч: «Мне вельмі шкада, што памочніка пракурора пакаралі за адказ. Варта было б пакараць міліцыянта, які абвінаваціў мяне ў несусьветны грахах, каб апраўдаць маё затрыманьне, а не пракурорскага работніка, які перадаў на паперы паказаньні міліцыянта. Упэўненая, што ў пракуратуры Чыгуначнага раёна працуюць высокапрафэсійныя супрацоўнікі, якія раскрываюць сур’ёзныя злачынствы і стаяць на абароне закону. Проста цяжка, напэўна, даказаць віну міліцыянта, ня маючы бясспрэчных доказаў, а толькі мае і яго паказаньні».

Журналістка была затрыманая ўвечары 3 ліпеня каля чыгуначнага вакзала ў Гомелі. Паводле яе слоў, на яе раптам накінуўся міліцыянт і з крыкамі «Трымайце яе, гэта журналістка!» сам жа і затрымаў. Затым карэспандэнта даставілі ў пастарунак, дзе ўзялі тлумачэньні і падверглі дактыляскапіі і фатаграфаваньню.

Германовіч лічыць, што яе правы былі парушаныя, і абскардзіла дзеяньні міліцыі ў пракуратуры.

Міліцыянт Кошман падчас дачы тлумачэньняў у пракуратуры заявіў, што Германовіч «ішла ў групе, жэстыкулявала і сваім паводзінамі каардынавала дзеяньні ўдзельнікаў акцыі». Таксама Кошман сьцьвярджаў, што журналістка вяла сябе «падазрона», ня мела дакумэнтаў, таму яе даставілі ў аддзел. Карэспандэнт неаднаразова паказвала міліцыянту сваё пасьведчаньне, яе асобу таксама пацьвердзіў начальнік прэс-службы УУС, які прыбыў на месца затрыманьня, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG