Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палякі пра Беларусь: Калі ў кожным горадзе стаіць Ленін, хіба гэта не «савок»?


Уладзімер Колас у атачэньні «państwa» і «спадарства».

Уладзімер Колас у атачэньні «państwa» і «спадарства».

Цягам дзесяці дзён падарожнічала па гістарычных мясьцінах Беларусі інтэрнацыянальная каманда ў складзе навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа і ліцэістаў польскіх навучальных установаў. За гэты час моладзь наведала шэраг кропак на мапе Беларусі, знакавых для агульнай гісторыі беларусаў і палякаў. Якія ўражаньні пакінула вандроўка найперш у гасьцей, бальшыня якіх упершыню трапіла ў Беларусь?

Берасьце і Пінск, Ружаны і Слонім, Наваградак і Крэва, Горадня і Полацак, натуральна ж, Мір і Нясьвіж — і гэта ня поўны пералік адрасоў, дзе гасьцявалі польскія і беларускія ліцэісты.

Дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас расказвае, як нараджалася ідэя турысцка-пазнавальнай паездкі пад назвай «Агульная спадчына»:

Міжнароднае «збліжэньне».
«Ідэя гэтай вандроўкі нарадзілася паралельна і ў нас і ў нашых польскіх сяброў. Мы, зрэшты, і пасябравалі дзякуючы гэтаму праекту. У мяне даўно былі думкі аднавіць нашу дзейнасьць на азнаямленьне моладзі зь беларускай гісторыка-культурнай спадчынай. Таму што нашы дзеці зараз ведаюць лепш Эўропу, чым Беларусь. Дый увогуле ў беларусаў бракуе цікавасьці да Беларусі.

Таму мы шукалі такой магчымасьці, бо гэта і каштуе нямала, і арганізацыйна даволі цяжка. І вось польскія сябры з арганізацыі „Вольная Беларусь“ прапанавалі нам супрацоўніцтва. У іх таксама быў праект на азнаямленьне польскай моладзі з нашай агульнай спадчынай, бо мы ведаем, што ў нас шмат агульных старонак гісторыі. І вось такім чынам нарадзілася гэтая ідэя: 10 дзён падарожнічаюць 12 ліцэістаў з польскага боку і столькі ж ліцэістаў — з нашага».

Якія ўражаньні пакінула вандроўка па гістарычных мясьцінах у польскіх гасьцей? Ці не апасаюцца яны за сваю бясьпеку — супрацу з апальным коласаўскім ліцэем ўлады могуць расцаніць па-свойму. Гаворыць адзін з каардынатараў ініцыятывы «Вольная Беларусь» Матэуш Люфт:



«Я не баюся за сваю бясьпеку, знаходзячыся ў Беларусі. Неяк жа тут людзі жывуць. Канечне, ходзяць гісторыі, што кагосьці затрымалі, кагосьці пабілі, і палякі маюць такую праблему, бо, пачуўшы нешта падобнае, адразу ўяўляюць сабе: „Беларусь небясьпечная, паліцыя злая, нельга гаварыць на некаторыя тэмы“. Але мы тут ужо 10 дзён, і не было аніякіх праблемаў, я ня чуў пра тое, каб нехта іх атрымаў, калі спэцыяльна не шукаў…

Нягледзячы на тое, што я быў раней на Беларусі, упершыню меў магчымасць наведаць столькі мясцін. Найвялікшым для мяне адкрыцьцём было тое, што Беларусь зусім не аднародная. Напрыклад, мы былі ў Полацку, горадзе, які зусім не падобны ані на Менск, ані на Горадню. Можа, для беларусаў гэта відавочна, але іншаземцам гэта невядома і, як мне здаецца, яны часта прыяжджаюць у Беларусь са стэрэатыпам у галаве, успрымаючы краіну як нешта вельмі аднастайнае. Насамрэч сытуацыя выглядае зусім іначай.
Найвялікшым для мяне адкрыцьцём было тое, што Беларусь зусім не аднародная.
Мне было вельмі шкада, што празь Беларусь прайшло столькі войнаў, у дадатак яшчэ і часы камуністычныя сталі прычынай таго, што зьніклі шматлікія здабыткі, і зараз мы можам пабачыць толькі тое, што ад іх засталося. Але і гэта таксама вельмі цікава».

Разам з тым, Матэуш кажа, што многія мясьціны Беларусі патыхаюць савецкасьцю. А гэта тое, чаго даўно няма ня толькі ў Польшчы, а нават у краінах былога СССР:

«Калі ў кожным горадзе стаіць помнік Леніну, то цяжка не адчуць гэтай атмасфэры. Менавіта ён нагадвае пра гістарычнае мінулае, якое ў Польшчы, на шчасьце, ужо даўно мінула. Альбо помнікі ў выглядзе танкаў у цэнтры гораду — у Польшчы ўсе падобныя рэчы былі дэмантаваныя. Ці элемэнты архітэктуры, той сталінскі ампір, які сымбалізуе крывавую ўладу — такое можна пабачыць цяпер хіба што толькі ў Беларусі. То бок, выразна адчуваецца савецкі клімат, які мы ўжо ня памятаем. І нават калі б хацелі ўзгадаць ды вярнуцца ў думках на канец 1980-х гадоў, гэта ня надта б дапамагло, бо нават тады савецкая традыцыя пасьпела амаль зьнікнуць».

Пра свае ўражаньні ад наведваньня Беларусі расказвае Кармэн Арана-Іторы, якая ў Варшаве асвойвае беларускую філялёгіяю:

Кармэн Арана-Іторы
«Гэта вельмі залежыць ад таго, хто чым цікавіцца. Для мяне было найістотнейшым тое, што я магу купіць тут кнігі па-беларуску, якія ў Польшчы знайсьці амаль немагчыма. Чалавек, які ведае пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, пэўна задумваецца пра нешта істотнае, прыкладам: калі я купляю гэтую рэч, ці не падтрымліваю я існуючы рэжым? Куды потым пойдуць гэтыя грошы, на што? Мы як турысты даволі востра адчулі праблему абмену валюты — курс афіцыйны для нас (зрэшты, як і для беларусаў) вельмі невыгодны. Але палякі ў Беларусі могуць знайсьці шмат цікавых рэчаў, якіх у нас няма. Што тычыцца ежы — цукеркі, печыва — тут яны зусім іншыя. Напрыклад, квас у Беларусі — напой вельмі папулярны, а ў Польшчы яго знайсьці цяжка».

Праграма сумеснай вандроўкі па Беларусі аказалася надзвычай насычанай. Да яе зьместавага насычэньня прыклалі руку многія спэцыялісты, але ці не найбольшы ўнёсак зрабіў кандыдат гістарычных навук Валянцін Голубеў. Апроч уласна знаёмства са славутымі мясьцінамі, праект меў на мэце навучаньне фатаграфічнай справе, фотаздымкам у самых розных умовах. Па выніках падарожжа плянуецца падрыхтаваць дапаможнік па краязнаўстве для настаўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG